У танальнасці святых дзён Ражджаства

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

У танальнасці святых ражджэственскіх дзён змест пісьма Леакадзіі Сабалеўскай з Кляцішча, якая выказвае словы ўдзячнасці медыцынскім работнікам: «Мне 79 гадоў, канешне, маю цэлы «букет» хвароб. Са мною здарыўся прыступ. У вострым стане я паступіла ў хірургічнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. Якія ж добрыя людзі сустрэліся мне! В. С. Ладысюк правёў даследаванне на апараце і першы падарыў мне надзею. У. У. Рачко (урач ад Бога) згадзіўся правесці аперацыю лапараскапічным спосабам. І ў гэты самы дзень прааперыраваў. Пасля рэанімацыйнага аддзялення мяне лячыў у першым хірургічным аддзяленні малады доктар Д. Г. Пляскач. Усе яны, а таксама сярэдні і малодшы медыцынскі персанал, паставілі мяне на ногі. І я ўсім хачу сказаць, што лепшыя ўрачы працуюць у нашай раённай бальніцы».

Член гуртка «Юны журналіст» Шашкоўскай СШ Ганна Цімашэнка засумавала па сапраўднай снежнай зіме: «Зайшоўшы ў гараж, адразу накіравалася ў куток, дзе прымасціла яшчэ з мінулага года санкі. Я падышла да іх і заўважыла, што вяровачка заблыталася ў палазках, драўляныя перакладзінкі запылелі, і мне падалося нават, што мае санкі гладзяць на мяне з сумам. Яны быццам пыталі ў мяне: «Ну калі ж, калі мы пакоцімся з горкі па белым марозным снезе?»  А ў другім кутку гаража стаялі, прытуліўшыся да сцяны, лыжы. Я падышла да іх, дакранулася рукою да пыльных драўляных бакоў і быццам адчула, як яны ўстрапянуліся, абрадаваліся. Не сумуйце. Да сустрэчы на снезе!», – сказала я сваім зімовым сябрам, а сапраўдная зіма паспела прыйсці. Думаем, што Ганна з задавальненнем бавіць час на свежым марозным раздоллі.

Член гуртка «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай СШ Лізавета Сімдзікава апавядае, як прайшло школьнае свята: «Мы ўсе разам – нашы мамы, бабулі і наша настаўніца Іна Баляславаўна Кураш – зрабілі выпечку, упрыгожылі залу, вывучылі вершы, песні. Падчас свята мы прыгадвалі народныя прыкметы, прыказкі, прымаўкі, частаваліся прысмакамі».

 Вучаніца гэтай жа школы Наталля Чарнец звярнула ўвагу на такую важную тэму, як прафілактыка СНІД: «У нашай школе праводзіцца вялікая  тлумачальна-прапагандысцкая работа – гутаркі, тэматычныя класныя гадзіны, конкурсы на лепшую газету, плённа працуе агітбрыгада «Мы – супраць СНІД». Мы ўсе разумеем, што СНІД – крок у бездань, і кожны з нас хоча зберагчы сябе для паўнацэннага жыцця». 

Агляд рэдакцыйнай пошты, як і папярэднія, паказвае, што нашы няштатныя аўтары – актыўныя, нераўнадушныя людзі са сваім поглядам на жыццё і са сваёй жыццёвай пазіцыяй. Рэдакцыя па-ранейшаму рада кожнаму пісьму на адрас «Праменя».

Лана СВЯТЛІЦКАЯ    



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *