Выпрабаванне стыхіяй пераадолеем разам

Калонка Рэдактара Нумары

image_pdfimage_print

Беларусь справілася з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я пасля цыклонаў «Даніэла», «Эма», пасля суботняй непагадзі. Але, як кажуць сіноптыкі, расслабляцца не трэба. На змену снежнаму шторму прыйдзе пахаладанне. Зіма ёсць зіма, прытым зіма прыгожая, са снегам.

Адразу ўспамінаецца дзяцінства, снегу намятала пад самы дах. Каб прайсці да хлява, рабілі нават «тунэлі». Колькі было радасці, смеху, задавальнення. Старэйшая сястра вучылася ў Мінску. Дарогі перамятала так, што ні прайсці, ні праехаць. Аўтобусы, безумоўна, не хадзілі. Каб даставіць вясковую моладзь у Стоўбцы, запрагалі каня ў сані, апраналі кажухі і з ветрыкам – у дарогу. А бываюць іншыя сітуацыі. Моцныя маразы, завірухі. Людзі пачынаюць часта хварэць. А калі чалавек жыве адзін? Тады на выручку прыходзяць блізкія, суседзі, знаёмыя. У вёсцы прасцей. Там усе адзін аднаго ведаюць. Таму там і сёння да кожнай хаты пратаптана сцежка, пачышчаны дарожкі. У горадзе сітуацыя можа быць іншай: я цябе не ведаю. Навошта тады дапамагаць?

Але ж мы людзі. Паглядзіце вакол сябе, не чакайце, што прыедзе трактар і пачысціць каля вашай хаты тратуар. Выйдзіце на вуліцу, вазьміце снежную лапату, запрасіце сваіх блізкіх, дзяцей, унукаў і пачысціце пад’язныя шляхі да будынкаў, ачысціце двары, тратуары насупраць сваіх дамоў. Дапамажыце адзін аднаму, не праяўляйце раўнадушша, і тады будзеце цвёрдым крокам ступаць на тратуар, а не правальвацца ў снег, і ногі не будуць распаўзацца ў розныя бакі. Так бывае ў жыцці. Нездарма ёсць цудоўнае выказванне: «Если мы едины – мы непобедимы». Камунальнікі, энергетыкі, выратавальнікі, супрацоўнікі ДАІ, дарожнікі працуюць зладжана, як адна каманда.

Паклапаціліся і пра пажылых людзей. Валанцёры БРСМ пачысцілі дарожкі, закупілі для іх прадукты. Увогуле, улады спрацавалі выдатна. Ніхто не застаўся адзін на адзін са стыхіяй. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем раённых службаў. Застаецца толькі чалавечы фактар: выйсці на вуліцы, каб дапамагчы нашым службам у гэтай няпростай сітуацыі. Дык давайце будзем разам!

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *