Ах, зіма!

Добраўпарадкаванне Нумары Факты, падзеi, людзi

Тэмай нумар адзін у гэтыя дні стаў прыход сапраўднай марознай зімы са снежнымі заносамі. Хто б мог падумаць, што пасля дажджлівага каталіцкага Ражджаства  Новы год будзе марозным, бялютка-іскрыстым. Гэта стала асновай святочнага ўзрушанага настрою. І ў Святкі ён ва ўсіх захоўваецца, што пацвердзіла і апытанне стаўбчан.

Віктар АЛЯШКЕВІЧ, стаўбчанін:

–       Выдатнае надвор’е! Зіма павінна быць снежнай, снегу павінна быць многа, каб і збожжа было многа. Гэта наш хлеб. Я памятаю такія зімы, калі на санках каталіся са стрэх – такі высокі быў снежны пакроў. Зразумела, такая зіма прыносіць і радасць, і клопаты. Аднак да гэтага ўсе павінны быць гатовыя, на вуліцы ж не летняя пара. А то прывыклі ўжо да  бясснежных зім. Вядома, ствараюцца і нязручнасці. Аднак, любіш катацца, любі і саначкі вазіць. Ніякага страху няма папрацаваць з лапатамі, падыхаць чыстым марозным паветрам – гэта ж здароўе!

 

Вера ДРУСЬ, загадчыца лабараторыі аб’яднання камунальных службаў:

–       Такая прыгожая зіма выклікае выдатны настрой, не ўтрымаешся, каб не зрабіць фотаздымак. Аднак сапраўднае зімовае надвор’е прынесла шмат клопатаў тым службам, якія адказваюць за жыццядзейнасць населеных пунктаў. У нашым аб’яднанні зацверджаны кругласутачны графік работы. У напружаным рытме працуюць нашы службы. У іншых гарадах ёсць практыка арганізацыі зімніх суботнікаў. І гэта правільна. Жыхарам патрэбна прызвычаіцца расчышчаць двары, тэрыторыі, якія прылягаюць да іх дамоў. Такая праца прынясе задавальненне і карысць усім.

 

 

 

 

Дзмітрый ГАЛАЎКО, менеджар:

–       У мяне выдатны настрой. Вы нас засталі ў прыемныя моманты нашага жыцця – мы са сваёй нявестай нясём заяву ў ЗАГС. Снег зрабіў зямлю чыстай, паветра – свежым. Гэта перадаецца і на наш настрой. Аматарам зімовых відаў спорту – раздолле. Сам я гуляю у футбол, і зімой можна мяч паганяць. А што датычыць снегу, то я памятаю, як раней дзверы нельга было адчыніць, столькі намятала за ноч. Перш чым адправіцца на работу, гаспадары расчышчалі свае двары. І гэта было нормай. Так што, на мой погляд, усе цяжкасці можна перацярпець.

 

Серафіма КОЖЫЧ, вучаніца гімназіі № 1 г. Стоўбцы:

–       У мяне радасны настрой. Я іду ў школу мастацтваў, дзе займаюся ігрой на баяне. Потым з сяброўкамі адправімся на стадыён пакатацца на каньках. Гэта такі прыемны занятак! Учора з татам мы чысцілі снег каля гаража, атрымалі шмат задавальнення. Накідалі вялікую гурбу снегу. Гэта выдатны «будаўнічы матэрыял». Можна зладкаваць снежны палац, а потым абараняць гэтую крэпасць, гуляючы ў снежкі. Можна гурбу згладзіць і катацца на санках. Усе мае сябры цяпер больш праводзяць часу на вуліцы, чым ля камп’ютараў.

 

 

Таццяна КАСЦЮК, шматдзетная маці:

–       Нам радасна, што нарэшце можна вынесці санкі. У мяне трое дзетак дашкольнікаў. Для іх такая радасць, калі мы апранаемся і ідзём на вуліцу. З вялікім задавальненнем катаемся на санках. Зразумела, турботы прыносяць дарогі, нямала клопату, каб іх прывесці ў рабочы стан. Патрэбна ўсім прымаць удзел у расчыстцы тэрыторый ад снегу. Цяжка знайсці чалавека, які б не адчуў прыемнага настрою, гледзячы на такое снежнае прыгожае наваколле. І Новы год быў такі прыгожы – у марозным ззянні ілюмінацый. Усё выдатна!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО і аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *