Асцярожна: ледзяшы!

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

Снежная зіма падштурхнула выратавальнікаў раёна да вынаходніцтва: выкарыстоўваючы магчымасці інтэрнэту, яны прапанавалі прыстасаванне, з дапамогай якога можна без праблем пачысціць дах.     

Прыстасаванне вельмі простае, фактычна выканана са спадручных матэрыялаў –  доўгай палкі, металічнага нажа і цыраты. Па ёй снег, падрэзаны знізу нажом, сам лёгка коціцца на зямлю. Ачыстка такім спосабам вядзецца з зямлі, без парушэння тэхнікі бяспекі, і дастаткова ўсяго двух работнікаў.

– Для сельскай мясцовасці, дзе дамы і аб’екты адносна невысокія, – гэты варыянт ідэальны, – адзначае намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Кожыч.

Так званы доследны ўзор прыстасавання, выраблены ў ПМК-233 усяго за якую гадзіну, быў прадэманстраваны ў рабоце кіраўнікам сельгаставарыстваў раёна на нядаўняй нарадзе, якая праходзіла на базе ААТ «Каганец». Высветлілася, што тое, што зрабілі па ачыстцы даху адной з малочнатаварных фермаў чацвёра работнікаў гаспадаркі на працягу паловы рабочага дня, з прыстасаваннем выконваецца намнога хутчэй і са значна меншымі выдаткамі. Людскіх рэсурсаў столькі не трэба, ды і нагрузка на работнікаў у першым і другім выпадках – зусім непараўнальная.

У ходзе прымянення «ноу-хау» прагучалі і слушныя прапановы. Напрыклад, яго лепш «пасадзіць» на «саначкі», каб не чапляць цвікі на шыферы. Замест цыраты можна выкарыстоўваць больш моцны матэрыял – які-небудзь сучасны палімер, а замест драўлянай палкі – алюмініевую, якая не будзе прагінацца ад цяжару снегу, і т. п. Адным словам, ёсць месца для рацыяналізатарскай выдумкі, каб дабавіць у спосаб ачысткі больш зручнасці.

– Пры ачыстцы даху самае галоўнае – не поўнае вызваленне яго ад снегу, а змяншэнне нагрузкі, – нагадвае Віталь Кожыч. –Увогуле трэба глядзець, ці ўсе дахі неабходна чысціць. Спецыялісты гаспадаркі або прадпрыемства па ахове працы, будаўніцтве павінны ведаць магчымасці канструкцый і прымаць адпаведныя рашэнні.

Тое ж самае датычыць і збівання ледзяшоў, якія ўтвараюцца на дахах ад перападу дзённай і начной тэмператур, змены маразоў адлігамі і т. п. На высотных дамах ледзяшы могуць «вырастаць» да метра і больш. Пры падзенні яны здольны траўміраваць людзей.  Згодна з аператыўнымі данымі МНС, у рэспубліцы ўжо ёсць падобныя факты. Збіванне ледзяшоў патрабуе не толькі асцярожнасці, але і пэўных навыкаў, таму непадрыхтаванага работніка пасылаць на дах ні ў якім разе нельга. Пра навучанне трэба клапаціцца загадзя, яшчэ да прыходу зімы, – балазе, у нас ёсць для гэтых мэтаў цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Калі на свае сілы разлічваць не даводзіцца, існуюць альтэрнатыўныя спосабы – у выглядзе паслуг альпінісцкіх і іншых спецыялізаваных арганізацый, якія акажуць іх прафесійна і хутка.  

З пачатку зімняга сезона на Стаўбцоўшчыне ўжо пачышчана 229 дахаў дамоў і аб’ектаў агульнай плошчай 100,1 тысячы м2.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *