Клопаты работнікаў вёскі

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

КАЛІ СПРАВА ДАСПАДОБЫ

З абласнога свята «Дажынкі-2015», якое праходзіла ў Вілейцы, заатэхнік-селекцыянер ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Валянціна Цыуля вярталася з прыўзнятым настроем. За высокія паказчыкі ў рабоце спецыяліст атрымала Ганаровую грамату аблвыканкама. Яе нялёгкая шматгадовая праца ў жывёлагадоўчай галіне была ўпершыню адзначана на такім узроўні, і гэта надало сілы на далейшую стваральную работу. Што ні гавары, а кожнаму чалавеку прыемна, калі яго заўважаюць і ўшаноўваюць. А Валянціна Уладзіміраўна дастойна самай высокай пахвалы: жанчына аддала працы ў жывёлагадоўлі амаль сорак гадоў жыцця і захавала вернасць выбранай прафесіі. Магчымасць спакойна працаваць у кабінеце была, толькі ад гэтай прапановы яна адмовілася, хоць не можа дакладна растлумачыць чаму. Работа яе не з лёгкіх, патрабуе штодзённай максімальнай канцэнтрацыі сіл. Але, напэўна, працаваць з жывёлай спецыялісту больш падабаецца. Гэта яе прызванне. А інакш чым растлумачыць  той факт, што дзяўчына, працуючы на хлебазаводзе ў Мінску і маючы прапіску ў інтэрнаце, паехала паступаць у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. І падала дакументы менавіта на заатэхнічны факультэт. «Відаць, такі мой лёс», – сказала падчас размовы Валянціна Уладзіміраўна. Дзяўчына яна вясковая, родам з Мастоўскага раёна. Бацькі працавалі ў калгасе, трымалі на падворку розную жыўнасць. З маленства ухаджалася Валянціна па хатняй гаспадарцы, даіла карову.

Пасля заканчэння інстытута выпускніцу накіроўваюць на работу заатэхнікам у Нясвіжскі раён. Размеркаванне атрымала па месцы працы мужа, з якім вучылася разам, толькі на розных курсах. І на Стаўбцоўшчыну прыехала за ім. Аляксандр Пятровіч у КСУП «Заямнаўскае» быў галоўным заатэхнікам. Ён даўно не працуе на гэтай пасадзе, але так склалася, што сёння Валянціна Уладзіміраўна выконвае на прадпрыемстве менавіта гэтыя абавязкі, спалучаючы з імі сваю асноўную работу. Дванаццаць гадоў яна рупіцца тут заатэхнікам-селекцыянерам. І выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Лепшы таму доказ – добры племянны статак. Неблагія паказчыкі ва ўзнаўленчай рабоце і вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. За мінулы год на 100 кароў ад кароў атрымана 91 цяля. У сярэднім ад кожнай каровы надоена 6674 кілаграмы малака, што на 229 кілаграмаў больш пазалеташняга. На ўзроўні і прывагі буйной рагатай жывёлы.

– Каб была прадукцыя, неабходна своечасова асемяняць кароў, – расказвае спецыяліст. – Сервіс-перыяд павінен быць як мага меншым. У нас ён складае 91 дзень, і мы імкнёмся яго скараціць. 

Валянціна Уладзіміраўна на працягу ўсёй работы ў гаспадарцы вядзе племянную базу буйной рагатай жывёлы. Летась кіраўніцтва прадпрыемства купіла Валянціне Цыуля персанальны ноўтбук і новую праграму. Спецыяліст праводзіць кантрольныя дойкі і адбірае пробы малака для праверкі ў Нясвіжскай лабараторыі на ўтрыманне саматычных клетак. Дойны статак налічвае тысячу галоў і падзелены на шаснаццаць груп. Па кожнай групе раз на месяц неабходна правесці аналізы. Валянціна Уладзіміраўна адбірае і цялят ад лепшых кароў і сочыць за выбракоўкай нізкапрадукцыйных. І гэта далёка не поўны пералік яе працоўных абавязкаў. 

Валянціна Цыуля – жанчына сціплая, добрасумленная. Шчыра перажывае за даручаную работу. І лічыць, што поспех у любой справе перш за ўсё залежыць ад самога чалавека і яго жаданняў. Галоўнае – быць упэўненым у правільнасці выбранага шляху і не зварочваць з яго ні пры якіх абставінах. Некалі яна не памылілася ў выбары прафесіі, а гэта ў жыцці, як аказалася, вельмі важна. Калі справа даспадобы, то і на работу чалавек ідзе з добрым настроем.

 

ПАЛІРАВАНАЯ БУЛЬБА

Напрыканцы мінулага года ТАА «Сула-Плюс» зманціравала і ўстанавіла набытае замежнае абсталяванне для калібравання, мыцця, паліравання і ўпакоўвання бульбы. Лінія працуе, якасная прадукцыя запатрабавана. Яна пастаўляецца ў Малдову, Сербію і Расію. З пачатку года рэалізавана замежным спажыўцам каля 700 тон бульбы. Усяго ў бульбасховішчы ТАА «Аграцэнтр-Сула», якое займаецца вырошчваннем таварнай бульбы, засыпана 10 тысяч тон клубняў.  Фермерская гаспадарка «Сула» пастаўляе пасадачны матэрыял – насенне перспектыўных сартоў бульбы айчыннай і замежнай вытворчасці і з’яўляецца адным з заснавальнікаў, па-сутнасці, аграхолдынгу, у склад якога і ўваходзяць гэтыя  тры сельгаспрадпрыемствы.

 

РЫХТУЮЦЦА ДА СЯЎБЫ

У ААТ «Вялікі Двор» не спыняюцца работы па падрыхтоўцы да веснавой сяўбы. У наяўнасці насенне збожжавых і шматгадовых траў, якое ачышчана і даведзена да пасяўнога стандарту. Рамантуецца тэхніка. Закуплены запасныя часткі да шыроказахопных культыватараў АКШ-7,2 і КШП-6 і чызельнага КЧ-5,1. З восені надзейна адрамантаваны абаротныя плугі і раскідвальнікі арганічных угнаенняў. Вывозіцца арганіка. Паступова назапашваюцца мінеральныя тукі. На мінулым тыдні з Гродзенскага камбіната паступіла 100 тон карбаміду. У наяўнасці 200 тон калійных угнаенняў.

 

З ВЫСОКАЙ ПРЫБАЎКАЙ

Ладзяцца малочныя справы ў жывёлаводаў ААТ «Каганец». Паводле вынікаў работы за мінулы год таварыства з шостага перамясцілася на трэцяе месца ў раёне па надоях малака ад каровы. Валавы надой склаў 7270 тон – 127 працэнтаў да паказчыка папярэдняга года. Ад кожнай каровы надоена 6898 кілаграмаў – плюс 1073 кілаграмы. У лідарах рабатызаваная ферма ў Засуллі, дзе летась атрымана ў сярэднім ад кожнай каровы 7952 кілаграмы малака, што на 980 кілаграмаў вышэй пазалеташняга выніку. Такі высокі паказчык дасягнуты ў гаспадарцы ўпершыню. Сярод лідараў у асабістым спаборніцтве аператар машыннага даення МТФ «Засулле» (прывязное утрыманне жывёлы) Святлана Гаркач, якая мае самую высокую прыбаўку – 2215 кілаграмаў малака пры гадавым надоі ад кожнай каровы сваёй групы 7282 кілаграмы. Святлана Іванаўна працуе ў таварыстве сёмы год. Увішная, сумленная жанчына. Перасягнулі сямітысячны рубеж Валянціна Калкоўская і Наталля Храпіцкая. Неблагі паказчык маюць і аператары па вырошчванні буйной рагатай жывёлы Таццяна і Мікалай Сярковы. Гадаванцы ў іх групах прыбывалі штодзень больш як па 960 грамаў.

 

СЭРВІС-ПЕРЫЯД І ПРАДУКЦЫЙНАСЦЬ

Малочная прадукцыйнасць кароў абумоўлена мноствам фактараў, у ліку якіх і працягласць сэрвіс-перыяду.

– Сэрвіс-перыяд – гэта перыяд ад ацёлу або аборту да асемянення каровы, які характарызуе стан узнаўлення малочнага статка, – расказвае дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык. –  Яго працягласць залежыць ад часу першага асемянення пасля ацёлу, узроўню апладняльнасці кароў і апладняльнай здольнасці быкоў-вытворцаў. Сэрвіс-перыяд абумоўлівае даўжыню лактацыі, сухастойнага і міжацёлачнага перыядаў, рэгулярнасць ацёлаў, выхад цялят на 100 кароў і, у канчатковым выніку, працягласць і эфектыўнасць выкарыстання кароў, узровень іх малочнай прадукцыйнасці.

– Якім павінен быць аптымальны сэрвіс-перыяд у каровы  для атрымання ад яе за лактацыю максімальнай колькасці  малака?

– Варта згадаць, што ўпершыню тэрмін «сэрвіс-перыяд» быў прыменены англійскім вынаходнікам Сандэрсам у 1925 годзе. Ім жа была вызначана і аптымальная працягласць данага тэрміну – 85 дзён. Гэта значыць, што ацёлы адбываюцца адзін раз на год. Пазней было ўстаноўлена, што для атрымання максімальных надояў за лактацыю за ўвесь перыяд утрымання жывёліны сэрвіс-перыяд павінен быць у межах 65 – 75 дзён.

Занадта кароткі сэрвіс-перыяд, менш за 30 дзён, непажаданы, бо ён абумоўлівае празмерна кароткія лактацыі (240 – 241 дзень) і параўнальна нізкі надой. Чым большы сэрвіс-перыяд, тым даўжэйшая лактацыя і больш карова дае малака. Аднак, калі сэрвіс-перыяд значна большы за аптымальны, то на працягу жыцця ад каровы атрымліваюць менш малака і цялят.

– У гаспадарках нашага раёна сярэдні сэрвіс-перыяд дойнага статка складае 107 дзён. А як гэты паказчык уплывае на колькасць атрыманай прадукцыі, у тым ліку і ў грашовым выражэнні?

–  Павелічэнне сэрвіс-перыяду на адзін дзень або яго скарачэнне наносіць гаспадарцы страты або прыбытак у памеры 0,14 працэнта ад надоенага малака. Напрыклад, у ТАА «СЖК «Налібакі» за мінулы год валавы надой склаў 8367,2 тоны малака. Сэрвіс-перыяд пры гэтым скараціўся на 11 дзён, а прыбаўка прадукцыі склала 128,9 тоны. У грашовым выражэнні гэта 499 мільёнаў рублёў. А вось у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» сэрвіс-перыяд павялічыўся на пяць дзён, а страты малака склалі 466 тон. У выніку прадпрыемства не далічылася 180,4 мільёна рублёў. Разлік зроблены па цане малака вышэйшага гатунку. Вывад адназначны: працягласць сэрвіс-перыяду павінна пастаянна кантралявацца кіраўніцтвам і спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў. Гэта дазволіць штодзень ацэньваць сітуацыю ў статку, ажыццяўляць своечасовае ўмяшальніцтва і рэгуляваць тэрміны асемянення кароў, прымаць меры па павышэнні іх апладняльнасці.

Для практыкаў-жывёлаводаў важна ведаць, наколькі сэрвіс-перыяд залежыць ад узроўню малочнай прадукцыйнасці кароў, а таксама ад актыўнага мацыёну ў зімова-стойлавы перыяд. Вопыт паказвае: чым большы надой, тым большы сэрвіс-перыяд. Разлікамі ўстаноўлена, што на кожную тысячу кілаграмаў прыбаўкі малака сэрвіс-перыяд павялічваецца на 18 – 22 дні. Звычайна гэта назіраецца ў кароў з прадукцыйнасцю больш за пяць-шэсць тысяч кілаграмаў малака.

Такім чынам, малочная прадукцыйнасць і ўзнаўленчая функцыя ў кароў узаемазвязаны і з’яўляюцца асноўным фактарам, які вызначае рэнтабельнасць вядзення малочнай галіны. У арганізме каровы малако фарміруецца для цяляці. Калі ў каровы будзе цяля – будуць у гаспадарцы і прадукцыя, і грошы.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *