Задаволіць патрэбы спажыўца

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ЧАРАВІКІ ПАДНАСІЛІСЯ? ПАРАМАНТУЮЦЬ!

Многія, напэўна, ужо заўважылі сімпатычнага прыветнага майстра прыватнай майстэрні па рамонце абутку ў будынку магазіна «Астэрыя». Малады чалавек ужо больш за год рамантуе чаравікі, пад прыемную музыку ў яго гэта выдатна атрымліваецца, аб чым сведчаць удзячныя водгукі кліентаў. Рамонт абутку з’яўляецца неад’емнай часткай нашага быту. Часцей, чым нам хацелася б, даводзіцца, мяняць набойкі. «Дастаецца» абутку ад халадоў, маразоў, пясчана-саляной сумесі.

Кероп Аўдалян з усмешкай адказвае на наша пытанне: адкуль у беларускім горадзе такое яго прозвішча? Яго бацькі, карэнныя армяне, у свой час пераехалі жыць у Беларусь з Арменіі, абжыліся ў нашым раёне. Кероп нарадзіўся ў вёсцы Яблынаўка, потым сям’я пераехала ў Стоўбцы, дзе юнак і закончыў сярэднюю школу № 3.

Да таго як распачаў прадпрымальніцкую дзейнасць, Кероп вучыўся ў тэхнікуме, атрымаў спецыяльнасць майстра вытворчасці. Затым паспрабаваў сябе ў прыватнай справе – пачаў прадаваць абутак. Гэтая справа лагічна перайшла ў новую. Ён сутыкнуўся з сітуацыямі, калі новы абутак, набыты падчас акцыі па прыцягальнай цане, патрэбна было ўшываць ці, наадварот, расшываць. Гэта паклала пачатак новаму занятку – рамонту абутку. Кероп паездзіў па іншых майстэрнях, паглядзеў, што патрэбна для адкрыцця майстэрні: якія матэрыялы, якое абсталяванне, якія цэны на гэтыя паслугі. І распачаў справу. Адразу ўзяў сабе за правіла, што цэны будуць канкурэнтаздольныя. Ён іх і вытрымлівае сярод чатырох прыватных майстэрняў у райцэнтры і майстэрні камбіната бытавога абслугоўвання. Набыў неабходны інструмент і абсталяванне, у тым ліку і швейнае. За гэты год Кероп Аўдалян паспеў асвоіць усе віды рамонту абутку, і такія складаныя, як замена падэшваў. А наогул ён аказвае да 50 відаў паслуг па рамонце абутку.

Усмешлівы, спакойны і ўважлівы майстар умее знайсці кантакт з кліентамі. Ён прызнае, што яны ўсе розныя. Адным патрэбна пастарацца, каб  растлумачыць і пераканаць, які рамонт належыць іх чаравікам, і чаму такі, а не як думае сам заказчык. Затое, як прыемна, калі кліенты забіраюць адрамантаваны абутак з захапленнем, што ён – як новы. І для самога майстра – гэта стымул для далейшай творчай і прадукцыйнай работы.

Мы даведваемся, што паслугамі прыватнай майтэрні шырока карыстаюцца не толькі гараджане, але і сельскія жыхары. У выхадныя дні яны дастаўляюць свой абутак, а праз тыдзень прыязджаюць забіраць. З’явілася шмат пастаянных кліентаў. Да кожнага з іх у майстра свой падыход. Нам прыемна пачуць, што калі Кероп бачыць, што прыносяць пад дзесяць пар дзіцячых чаравікаў, то ён робіць такому кліенту скідку. Як і іншым, па ўсіх прыкметах, сацыяльна неабароненым кліентам.

Пры напружаным рэжыме работы майстар паспявае будаваць планы на будучае і завочна атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СЯРОД ЛІДАРАЎ – У ВОБЛАСЦІ

Райспажыўтаварыства па-ранейшаму забяспечвае высокія пазіцыі ў табліцы паказчыкаў вобласці па тэмпах росту рознічнага тавараабароту. Гэтаму спрыяе пастаяннае адкрыццё новых фірменных секцый, спецыялізаваных магазінаў і рамонт аб’ектаў гандлю.

За мінулы год Стаўбцоўскае райспажыўтаварыства займае пятае месца сярод 22-х раённых спажывецкіх таварыстваў па выкананні ўсіх прагнозных паказчыкаў у табліцы вынікаў работы спажывецкай кааперацыі вобласці.

 

 ПАДАРЫЦЬ ДЗЕЦЯМ РАНІШНІК

18 навагодніх ранішнікаў па заказе мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў правялі ў навагоднія і ражджэственскія дні работнікі раённага Цэнтра культуры. У ліку іх былі дабрачынныя мерапрыемствы.

Вялікім стымулам для далейшай творчай работы для працаўнікоў цэнтра з’яўляецца такі прыемны факт. Адна мінская сям’я ўжо другі год запар прыязджае са сталіцы, купляе білет на навагодняе прадстаўленне ў выкананні работнікаў стаўбцоўскага Цэнтра культуры і застаецца вельмі задаволенай зместам і прыгажосцю навагодняй праграмы.

Загадчыца дзіцячага сектара Людміла Пархімовіч, якая выступіла сцэнарыстам карнавальнага свята, расказае аб бліжэйшых планах. Цяпер рыхтуецца конкурс для хлопчыкаў «Містар-першакласнік», які запланаваны да Дня абаронцаў Айчыны.

Пр

 

І РЫБА  ХАТАВЫ

Участак па вытворчасці рыбы і база адпачынку «Хатава» племптушкарэпрадуктара «Бройлер» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» вырасцілі ў мінулым годзе 55 тон рыбы. Ураджай аказаўся багацейшым, чым у 2014 годзе, на 25 працэнтаў. Планка на 2016 год – вырасціць каля 60 тон рыбы.

– Мы працуем са значным прыростам і, акрамя таго, рыба з нашых хатаўскіх сажалак вельмі прыгожая – карпы па 1,5 кг і фарэль па 1-1,5 кг, а белы амур  сягае і да 2 кг. Яна карыстаецца попытам, як і наша база адпачынку, якою аказана паслуг на 180 мільёнаў рублёў, – заўважае начальнік участка Юрый Мінько.

Летась рыбаводамі рэалізавана 19 тон карпа, каля тоны фарэлі ў розных гандлёвых кропках Міншчыны – магазінах Івянца, Стоўбцаў, Станькава, Фаніпаля і т. п. Рыбаводы вывозілі свой тавар (для гэтага ў іх ёсць спецаўтамабіль «Жывая рыба») на рыбныя кірмашы-продажы «Рыба Беларусі», арганізаваныя дзяржаўным аб’яднаннем па меліярацыі зямель, воднай і рыбнай гаспадарцы «Белводгас». Сёлета правядзенне такіх кірмашоў-продажаў запланавана на 23-24 студзеня і 13-14 лютага ў сталічным Лядовым палацы (г. Мінск, вуліца Прытыцкага, 27) – у іх таксама будуць браць удзел хатаўскія рыбаводы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

 

САГРЭЕ КАМІЗЭЛЬКА

Вялікім попытам у гэтыя халодныя зімовыя дні карыстаюцца шарсцяныя і мехавыя камізэлькі, якія шые атэлье камбіната бытавога абслугоўвання. Яны рэалізуюцца як у фірменным магазіне «Лаян», сельскіх комплексна-прыёмных пунктах, так і падчас выязнога гандлю за межамі раёна.

Швачкі адправілі заказ на Мінск – падрыхтавалі спецадзенне для «Аблкаапгандлю». Цяпер на чарзе пашыў спецадзення для мясцовых ПМК-233, аб’яднання камунальных службаў, пашыў спецрукавіц для Навасвержанскага лесазавода і РБУ.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *