Будзем ведаць

Нумары Соцыум

ВЫПЛАТЫ БЫЛЫМ ВАЕННАПАЛОННЫМ

Даводзім да жыхароў раёна інфармацыю аб тым, што Федэральнае міністэрства фінансаў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі праводзіць выплату аднаразовай грашовай дапамогі былым савецкім ваеннапалонным.

Германскі Бундэстаг прыняў рашэнне аб аднаразовай выплаце былым савецкім ваеннапалонным сімвалічнай грашовай дапамогі. Такім чынам, ваеннаслужачыя савецкіх Узброеных Сіл, якія ў перыяд Другой сусветнай вайны з 22 чэрвеня 1941 года па 8 мая 1945 года знаходзіліся ў германскім лагеры для ваеннапалонных, могуць падаць хадайніцтва на атрыманне такой дапамогі ў суме 2 500 еўра. Законнай правапрэтэнзіі на даную дапамогу не існуе – гэта азначае, што яна не выплачваецца трэцім асобам або спадчыннікам. Заява можа быць пададзена толькі закранутай асобай або асобай, упаўнаважанай ёю. Дэталі працэдуры рэгулююцца Дырэктывай Федэральнага міністэрства фінансаў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, якая ўступіла ў законную сілу 30 верасня 2015 года.

Згодна з Дырэктывай, заява павінна быць накіравана не пазней за 30 верасня 2017 года ў адрас Федэральнага ведамства цэнтралізаваных службаў і нявырашаных маёмасных пытанняў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі: Bundesamt fur zentrale Dienste und offene Vermоgensfragen  DGZ-Ring 12, 1 3086 Berlin. Улічвацца будуць таксама тыя заявы, якія паступілі ў Федэральнае ведамства цэнтралізаваных службаў і нявырашаных маёмасных пытанняў да ўступлення Дырэктывы ў сілу, але пасля 20 мая 2015 года.

Падкрэсліваецца, што дапамога мае выключна асабісты характар  і, адпаведна, не падлягае перадачы іншым асобам. Спадчыннікі былых савецкіх ваеннапалонных не маюць права падаваць заяву. Калі ж заява была пададзена ў адпаведнасці з працэдурай, вызначанай Дырэктывай, самой правамоцнай асобай, то, у выпадку яе смерці, дапамога можа быць выплачана жонцы (мужу) гэтай асобы або дзецям.

Дырэктывай абумоўліваюцца некаторыя моманты. Да прыкладу, калі заява была пададзена ў тэрмін, але па праходжанні шасці месяцаў пасля смерці правамоцнай асобы ніводзін з правапераемнікаў не паведаміў пра сваю правапераемнасць, то права на атрыманне дапамогі страчваецца.    

Акрамя таго, заяўнікам павінна быць даказана права на атрыманне дапамогі. Калі ён не ў стане прывесці доказы, то можа дакладна абгрунтаваць гэта іншым належным спосабам. Пры гэтым ранейшае атрыманне дапамогі  ў адпаведнасці з палажэннямі Закона  аб заснаванні Фонду  «Памяць, адказнасць і будучае» не супярэчыць атрыманню аднаразовай дапамогі, вызначанай названай вышэй Дырэктывай.

У атрыманні дапамогі можа быць адмоўлена, калі заяўнік карыстаўся несумленнымі сродкамі або наўмысна ці па неасцярожнасці ўказваў, ініцыіраваў або дапускаў недакладныя звесткі, а таксама звесткі, якія ўводзяць у зман. Не вартым дапамогі названы той, хто, у прыватнасці, чыніў ваенныя злачынствы або злачынствы супраць чалавечнасці, браў удзел у іх. Прадугледжана, што можа быць запатрабавана вяртанне дапамогі ў адпаведнасці з палажэннямі закона Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.   

 

НАРКОТЫКІ – АСАБЛІВА НЕБЯСПЕЧНА

У гэтым артыкуле не ставіцца мэтай нагадаць аб выключнай небяспецы ўжывання наркотыкаў для здароўя, маральнага стану чалавека. Проста звернем увагу на меры адказнасці за незаконны іх абарот. Гэтая негатыўная з’ява прыносіць вялікую шкоду не толькі пэўным асобам і іх блізкім, але і грамадству ў цэлым.

Ужо амаль год, як уступілі ў сілу змяненні раду артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па пытаннях супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў.

Адным з самых кардынальных крокаў па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў з’яўляецца зніжэнне мінімальнага ўзросту суб’екта такога злачынства з 16 да 14 гадоў (гэтыя змяненні датычаць толькі незаконнага абароту, звязанага са збытам прадмета злачынства).

Акрамя таго, заканадаўча павялічаны максімальны тэрмін пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі да 12 гадоў для асоб, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў.

Змяненні крымінальнага закона датычаць не толькі саставаў злачынстваў, што прадугледжваюць адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў, але і карэкціруецца паняцце «аналаг наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў». Уводзіцца паняцце «базавая структура» наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў». Яна з’яўляецца структурай хімічных рэчываў, забароненых да абароту, пры мадыфікацыі якой утвараюцца дзве і больш структурных формулаў наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў.

Сёння адсутнічаюць так званыя «легальныя» рэчывы, ці сродкі, здольныя выклікаць наркатычнае ап’яненне. Такім чынам, набываючы якія-небудзь рэчывы, у тым ліку і курыльныя сумесі, у неўстаноўленых для гандлю аб’ектах і без захавання ўстаноўленага заканадаўствам парадку, той, хто набывае, рызыкуе быць падвергнутым крымінальнай адказнасці.

Уводзяцца такія абставіны, што абцяжарваюць адказнасць за незаконны абарот падобных рэчываў і сродкаў з мэтай збыту непаўналетняму і на тэрыторыі лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Максімальнае пакаранне за такога роду дзеянні павялічваецца да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Заканадаўствам дапаўняецца арт. 328 КК дзвюма новымі часткамі, у якіх прадугледжваюцца наступныя кваліфікуючыя абставіны: незаконны абарот з мэтай збыту, ці сам збыт, учыненыя арганізаванай групай або спалучаныя з вырабам ці перапрацоўкай з выкарыстаннем лабараторнага посуду або абсталявання, прызначаных для хімічнага сінтэзу (ч. 1 указанага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў з канфіскацыяй маёмасці); па ч. 5 артыкула – аналагічныя дзеянні, якія выклікалі па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку ўжывання ім наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх аналагаў, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Заканадаўствам, з мэтай супрацьдзеяння распаўсюджванню наркотыкаў, уводзіцца ў КК два новыя саставы злачынства: «Незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсараў ці аналагаў», «Ужыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці аналагаў у грамадскім месцы або знаходжанне на рабоце ў стане, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных ці іншых адурманьваючых рэчываў».

Таксама ўнесены карэктывы ў арт. 332 КК, дзе прадугледжаны меры пакарання за прадастаўленне памяшканняў або ўтрыманне прытонаў для вырабу, перапрацоўкі і (ці) ўжывання наркатычных сродкаў, іх аналагаў ці іншых адурманьваючых сродкаў.

У цэлым змяненні носяць дастаткова шырокі характар з-за ўнясення карэкціровак у шэсць артыкулаў, увядзення двух новых саставаў злачынства, а таксама больш жорсткіх мераў адказнасці. Перад учыненнем дзеянняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, парушальнік павінен усведамляць тое, што яго дзеянні могуць выклікаць прыцягненне да крымінальнай адказнасці (пазбаўленне волі). А гэта і свой, зламаны лёс, і боль для родных і блізкіх.

Арцём СЯМ’ЯНАЎ, адвакат юрыдычнай кансультацыі Стаўбцоўскага раёна

 

ЭНДАПРАТЭЗАВАННЕ – ГЭТА НАДЗЕЙНА

Эндапратэзаванне – аперацыя па замене сустава на штучны з высакаякаснага матэрыялу, які паўтарае форму сустава і аднаўляе яго функцыі.

Прычын, якія могуць патрабаваць выканання гэтай аперацыі, нямала. Асноўныя з іх – пераломы шыйкі бядра і іх вынікі, коксартроз ІІІ-ІV, асептычны некроз галоўкі бядра, дысплазія тазасцегнавога сустава, рэўматоідны артрыт. Часцей за ўсё даводзіцца гаварыць аб артрозе, вынікам якога можа стаць інваліднасць. Артроз напрамую паражае сустаў. Найбольш змяняецца храстковая тканка, што вядзе да далейшых сустаўных ускладненняў. Усе метады лячэння і прафілактыкі толькі прыпыняюць працэс цячэння хваробы. Эндапратэзаванне з’яўляецца найбольш эфектыўным метадам лячэння цяжкіх вынікаў паражэння тазасцегнавога сустава з выражанымі болевымі адчуваннямі. Замена паражонага сустава на высакаякасны эндапратэз пазбаўляе пацыента ад болю і вяртае да нармальнага жыцця.

Хвароба можа паражаць практычна любы сустаў. Аднак найбольш часта сустракаецца артроз тазасцегнавых суставаў, ці коксартроз, артроз каленных суставаў, ці ганартроз, артроз суставаў кісці.

Аперацыя па замене тазасцегнавога сустава з’яўляецца складанай высокатэхналагічнай працэдурай. Таму вялікае значэнне мае перадаперацыйнае абследаванне пацыента, падбор адэкватнага для кожнага канкрэтнага выпадку тыпу эндапратэза, а таксама дакладнае выкананне рэкамендацый пасля аперацыі. Сучасныя эндапратэзы тазасцегнавога сустава – складаныя тэхнічныя вырабы. Звычайна пратэз складаецца з ножкі, галоўкі, чашкі і ўкладыша. Кожны з гэтых кампанентаў мае свой размерны рад. Падчас аперацыі хірург праводзіць падбор і ўстаноўку кампанента неабходнага памеру. Сярэдні час выканання аперацыі складае ад паўтара да дзвюх гадзін. Рэабілітацыйны перыяд пасля аперацыі доўжыцца ад трох да шасці месяцаў. Пасля выпіскі з хірургічнага аддзялення пацыенты, як правіла, накіроўваюцца для праходжання курса рэабілітацыі ў міжраённы (Гарадзея), абласны (Загор’е) ці рэспубліканскі (Аксакаўшчына) рэабілітацыйны цэнтр.

У хірургічным аддзяленні стаўбцоўскай раённай бальніцы выконваюцца высокатэхналагічныя аперацыі пратэзавання тазасцегнавога сустава. Іх ужо выканана 22. Аперацыі выконваюць як хірургі-траўматолагі аддзялення, так і супрацоўнікі абласной бальніцы кафедры траўматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Пратэзаванне тазасцегнавога сустава выконваецца пратэзамі Альтымед айчыннай вытворчасці бясплатна для грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама высакаякаснымі пратэзамі вытворчасці Германіі на платнай аснове.

Для вырашэння пытання аб магчымасці пратэзавання каленнага і тазасцегнавога суставаў пры артрозе пацыентам неабходна звяртацца на прыём да траўматолага паліклінікі ў кабінет № 413. Пры жаданні выканаць пратэзаванне імпартным пратэзам на платнай аснове можна звяртацца да загадчыка хірургічнага аддзялення ў любы працоўны дзень.

Ігар ЯХНАВЕЦ, загадчык хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, кандыдат медыцынскіх навук



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *