Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне два шлюбы, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі трое маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Яна Дрозд, Аляксандр Холад і Сямён Каракін.

Зямны шлях закончыўся для 19-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі пажар у дачным доме ў Засуллі.  Папярэдняя прычына здарэння – парушэнне правіл пажарнай бяспекі (трэшчына ў печы).

Міліцыяй зарэгістравана 97 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана тры крымінальныя справы. У прыватнасці, у адносінах да трох гора-бацькоў, кожны з якіх на працягу трох і больш месяцаў ухіляецца ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей.

Пракуратурай раёна прааналізавана інфармацыя арганізацый аб дзяржзакупках на 2015 год на афіцыйным сайце. ДУ «Стаўбцоўская райветстанцыя» быў парушаны ўстаноўлены тэрмін размяшчэння плана закупак, што абмежавала доступ пастаўшчыкоў да працэдуры дзяржзакупкі. Вядучаму бухгалтару-сакратару камісіі па дзяржзакупках тавараў (работ, паслуг) ветстанцыі аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне, пры паўторным факце парушэння заканадаўства прадугледжаны штраф.  

Стаўбцоўскім міжраённым аддзелам дзяржінспекцыі працы зафіксаваны факт смяротнага траўміравання 18 студзеня ў цэху Навасвержанскага лесазавода 45-гадовага аператара агрэгатных ліній па сарціроўцы і перапрацоўцы бярвенняў. Па невядомых прычынах падчас тэхналагічнага перапынку ён аказаўся ўнутры прыстасавання фрэзерна-брусочнай лініі і быў заціснуты між прыціскным устройствам у выглядзе роліка і ланцуговым транспарцёрам. Распачата спецрасследаванне няшчаснага выпадку на вытворчасці.

Суд прысудзіў 18 мільёнаў рублёў штрафу 33-гадоваму стаўбчаніну, які  пакарыстаўся чужой банкаўскай карткай. Штрафам на 1 050 000 рублёў пакараны 61-гадовы жыхар Аталезі – за захоўванне ў сябе дома 40 л брагі.

 ДАІ выявіла 137 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – восем вадзіцеляў-бяспраўнікаў і чацвёра нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх – жанчына, з 1,6-1,7 праміле, рухалася па вуліцы Багінскага), 20 недысцыплінаваных пешаходаў і адзін веласіпедыст. У сувязі з узмацненнем маразоў ДАІ рэкамендуе ўстрымацца ад паездак. 

 Санітарнай службай знята з рэалізацыі ў піцэрыі «Гарадок» (дырэктар – Ю. С. Сазон) 11 кг прадуктаў, якія захоўваліся з парушэннем тэмпературнага рэжыму.

«Хуткая» выязджала да хворых 270 разоў, у прыватнасці 30 – да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *