«Жавароначкі» на польскім фестывалі

Узорны ансамбль народнай песні «Жавароначкі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Людмілы Канаплянікавай-Доўнар паспяхова выступіў на VІІІ Міжнародным фальклорным фестывалі FolkoweINSPIRACJE.

Фальклоны фестываль міжнароднай творчасці ў польскім горадзе Лодзь сабраў 400 удзельнікаў з 15 краін. Беларусь прадстаўлялі два калектывы з Мінску і «Жавароначкі» са Стоўбцаў.

У межах гэтага фестывалю дзіцячы ансамбль «Жавароначкі» выступаў у конкурсе «Залатая лодка-2017» у намінацыі вакал. Конкурсную праграму прадставіў не толькі калектыў, за ўзнагароды пазмагаліся і пяць салістаў. Выступаць дзецям давялося на вялікай сцэне, перад шматлюднай аўдыторыяй. Фестываль быў арганізаваны з прадастаўленнем разнастайнай забаўляльнай праграмы, таму да сцэны сцяклася вялікая колькасць гледачоў. Нашы юныя артысты змаглі справіцца з хваляваннем, выдатна выканаць свае конкурсныя песні. Выступленне «Жавароначак» адзначана лаўрэацкім дыпломам «Сярэбраная лодка». Узнагароды такой жа вартасці атрымалі салісты Мілана Бондарава ў сярэдняй групе і Марыя Яўсейчык у малодшай групе. Журы дало высокую адзнаку стылю выканання фальклорных твораў – стаўбцоўскія салісты былі адзіныя на фестывалі, хто выконваў праграму а капэла – без музычнага суправаджэння. Ансамбль спяваў пад акампанемент інструментальнага ансамбля пад кіраўніцтвам баяніста Ягоры Дырды. У складзе ансамбля былі цымбалістка Анастасія Бар’ясь, скрыпачка Таццяна Кот і бас-гітарыст Артур Лапкоўскі. Жывая музыка і яркае выкананне песенных твораў удзельнікамі ансамбля выклікала вельмі прыязную ацэнку выступлення як журы, так і гледачоў. Салісты Кацярына Васілеўская і Яўген Кульша атрымалі ўзнагароды сімпатыі журы. Сертыфікатамі за высокае выканальніцкае майстэрства былі ўзнагароджаны кіраўнік ансамбля «Жавароначкі» Людміла Канаплянікава-Доўнар і ўсе чатыры ўдзельнікі інструментальнага ансамбля.

Фестываль запомніўся не толькі ўдзелам у конкурсе. Ансамбль «Жавароначкі» і салісты Мілана Бондарава, Марыя Яўсейчык атрымалі запрашэнне выступіць на гала-канцэрце, што было ганарова.

Дзеці і педагогі прынялі ўдзел у Дні культуры Грузіі, Расіі і Беларусі. Усе дэманстравалі свае візітныя карткі – танцы, песні, невялікія пастаноўкі. Прадстаўнікі кожнай краіны аб’ядналіся ў каманду, малявалі сваё палатно – калектыўную творчую работу. Моладзь праявіла крэатыўнасць і ўнікальнасць і ў іншых інтэрактывах. Панавала святочная, радасная атмасфера.

Незабыўным было шэсце ўдзельнікаў фестывалю ў сцэнічных касцюмах па галоўнай вуліцы Лодзі – Петркоўскай, якую можна ўявіць сабе як горад майстроў і творцаў.

Дзяцей уразілі арганізаваныя для іх экскурсіі і сама атмасфера свята. Фестываль даў ім магчымасць не толькі паказаць свае таленты, але і выдатна адпачыць за мяжою.          

Святлана ЖЫБУЛЬ




Выконваць прафілактычныя меры

Распаўсюджванне афрыканскай чумы свіней у еўразійскай зоне, на жаль, прагрэсіруе, таму захоўваецца неабходнасць правядзення мерапрыемстваў па прафілактыцы ўзнікнення і распаўсюджвання АЧС на тэрыторыі раёна. У сувязі з тым, што тэрыторыя Рэспублікі Беларусь пэўны час застаецца пад пагрозай гэтага небяспечнага захворвання, неабходна напрацоўваць вопыт вырошчвання свіней на ўласных падвор’ях грамадзян.

Перадаецца афрыканская чума свіней падчас прамога кантакту з жывёлай, праз кроў, скормліванне харчовых адходаў, якія ўтрымліваюць вірус хваробы, трупы паўшай жывёлы, транспарт, грызуноў, прадметы догляду і інш. Таму неабходна абавязкова ведаць, як весці сябе ва ўмовах небяспечнага распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней.

Пры ўтрыманні свіней на ўласным падвор’і трэба выконваць прафілактычныя меры. Утрымліваць свіней у закрытых памяшканнях, не дапускаць іх свабоднага выгулу, кантакту з іншай жывёлай, а таксама рэгулярна праводзіць ачыстку і дэзынфекцыю памяшкання, дзе ўтрымліваецца жывёла. Пры ўваходзе ў памяшканне, дзе ўтрымліваюцца свінні, неабходна абсталяваць дэзынфіцыруючы дыван (дэзванну). Для гэтага трэба мець спецыяльныя абутак і адзенне, інвентар, якія будуць выкарыстоўвацца толькі для догляду жывёлы. Не трэба дапускаць наведвання памяшканняў для ўтрымання свіней пабочнымі асобамі, купляць жывых свіней без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, завозіць (вывозіць) свіней без дазволу службовых асоб дзяржаўнай ветэрынарнай службы, неабходна рэгістраваць свінапагалоўе ў сельвыканкамах.

Нельга карміць свіней прадуктамі, якія ўтрымліваюць мясныя кампаненты. Усе віды кармоў павінны праходзіць тэрмічную апрацоўку. Для кармлення свіней неабходна выкарыстоўваць канцэнтраваныя кармы, набытыя праз сістэму Белкаапсаюза і іншыя дзяржаўныя сеткі. Неабходна пастаянна весці барацьбу з грызунамі.

Абавязкова трэба праводзіць ветэрынарны агляд пагалоўя свіней, інфармаваць сельвыканкамы, дзяржаўную ветслужбу раёна аб усіх выпадках захворвання і падзяжу свіней. Нельга праводзіць падворны забой свіней без ветэрынарнага перадзабойнага агляду жывёлы і ветэрынарна-санітарнай экспертызы мяса і прадуктаў забою спецыялістамі ветэрынарнай службы.

Не трэба купляць мясапрадукты ў несанкцыянаваных месцах гандлю, выкідваць трупы жывёлы, адходы ад яе ўтрымання і перапрацоўкі на звалкі, абочыны дарог. Утылізацыя трупаў жывёлы павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з ветэрынарна-санітарнымі правіламі пад кантролем і ў прысутнасці прадстаўнікоў ветэрынарнай службы.

У сувязі з тым, што на даны момант асноўнай пагрозай распаўсюджвання віруса афрыканскай чумы з’яўляюцца дзікі, уладальнікам свіней, якія выконваюць работы ў лясных угоддзях, неабходна пасля наведвання лесу дэзынфіцыраваць абутак і спецадзенне, а таксама па магчымасці абмежаваць наведванне памяшканняў, дзе ўтрымліваюцца свінні. Паляўнічым не рэкамендуецца ўтрымліваць свіней ва ўласных падсобных гаспадарках.

Грамадзянам, якія жадаюць трымаць свіней, неабходна памятаць аб адказнасці, не толькі адміністрацыйнай, а і крымінальнай, якую яны нясуць у выпадку невыканання імі ветэрынарна-санітарных правіл пры ўтылізацыі трупаў жывёлін.

Анатолій Гусачонак,

галоўны ветурач раёна




Па тры аўтобусы ў дзень

Лета нельга ўявіць без турызму і адпачынку. Самыя даступныя і цікавыя маршруты пралягаюць не дзе-небудзь, а менавіта па роднай Беларусі. Таму ў філіяла «Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій» УП «Гасцінічны комплекс «Арбіта» цяпер – гарачая пара, сезон актыўнай дзейнасці.

– Сезон пачаўся ў маі, калі ў школьнікаў заканчваўся вучэбны год, і мы тады кожны дзень адпраўлялі ў рэйс па тры экскурсійныя аўтобусы, – адзначае дырэктар філіяла Леаніда ВЫСОЦКАЯ. – Экскурсіі для школьнікаў запатрабаваны тэматычныя, звязаныя, перш за ўсё, з прафарыентацыяй, будучай прафесіяй.

– Леаніда Генадзьеўна, вытворчы турызм сапраўды набірае абароты і б’е рэкорды. Адзін трактарны завод з яго «балетам» трактароў чаго варты!

– На Мінскім трактарным заводзе школьнікаў прымаюць з вялікім задавальненнем. Паказваюць ім увесь працэс вытворчасці, і гэта дае ўяўленне пра шэраг масавых прафесій, дэманструюць лінейку сваёй прадукцыі. Па папулярнасці экскурсіі сюды займаюць у нашым раёне першае месца. Вялікім попытам карыстаюцца экскурсіі ў музей авіяцыйнай тэхнікі ў Баравую, на шклозавод «Нёман» у Бярозаўку. На шклозаводзе прадугледжана знаёмства з вытворчасцю і музеем і, акрамя таго, кожнаму дастаецца на памяць сувенір з цэха, крышталёвая цукерніца. Дзяцей гэта прываблівае. Тое ж можна сказаць і пра «салодкую» фабрыку «Камунарка».  

Акрамя таго, многія школы раёна напрыканцы вучэбнага года пабывалі ў цэнтры экалагічнага турызму ў Станькаве, дэльфінарыі, аграсядзібе «Свет пчол» (Валожынскі раён), а ў перыяд работы школьных лагераў – наведалі сталічныя паркі. Кантакт з жывёламі, жывой прыродай – гэта якраз тое, да чаго цягнуцца дзеці і чаго ім нярэдка не хапае ў гарадскім асяроддзі. Экалагічныя экскурсіі дапоўнілі экскурсіі пазнаваўчыя, з білетамі на спектаклі і прадстаўленні ў тэатры, цырк.

Больш за ўсіх павандравалі вучні школы № 3 г. Стоўбцы. Прыемна тое, што і дзецям, і дарослым стаў цікавым Брэст. Праграма знаёмства з гэтым унікальным горадам вельмі насычаная, разлічаная на ўвесь дзень. А ўвогуле, мы актыўна распаўсюджваем свае паслугі і знаходзім на іх спажыўцоў.

– Што прапануеце ў гэтым сезоне працоўным калектывам, прафсаюзным камітэтам?

– Відавочна, што на большасці прадпрыемстваў і арганізацый раёна ёсць жаданне падарожнічаць, і мы стараемся яго задаволіць. Запатрабаваны Мір, Нясвіж, Мінск, Брэст. Бясспрэчнае лідарства трымае Гродна і Аўгустоўскі канал. У чэрвені мы выконвалі заяўку на паломніцкі тур да мошчаў Мікалая Цудатворца ў Маскву. У паездках ужо пабывалі гэтым летам работнікі аб’яднання камунальных службаў, цэнтральнай раённай бальніцы, ААТ «Рочавічы», райветстанцыі, ПМК-233. Рыхтуюцца паехаць ваеннаслужачыя з воінскай часці ў Коласаве, работнікі ААТ «Радзіма Ф. Э. Дзяржынскага». Дарэчы, работнікі двух сельгаспрадпрыемстваў, «Радзіма Якуба Коласа» і «Вішнявецкі – агра», нядаўна вярнуліся з тура выхаднога дня ў Адэсу. У бліжэйшых планах – экскурсіі ў Магілёў, Гомель.    

– Хто з’яўляецца вашым партнёрам у аказанні турыстычных паслуг?

– Наладжана сумесная работа са Стаўбцоўскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, а таксама з аб’яднаннямі прафсаюзаў Клецкага, Нясвіжскага, Капыльскага, Уздзенскага і іншых раёнаў Мінскай вобласці. Самыя працяглыя і, адпаведна, адказныя рэйсы выконвае аўтапарк № 17, за што хочацца выказаць словы ўдзячнасці прафесійнаму вадзіцельскаму экіпажу ў складзе Юрыя Баршчова і Сяргея Маслоўскага. Будзем спадзявацца на плённае супрацоўніцтва і ў далейшым.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ




Па гістарычных мясцінах Магілёва

54f

НапярэдадніжнівакіраўніцтваіпрафсаюзныкамітэтААТ «Шашкі» арганізавалідляпрацаўнікоўгаспадаркіэкскурсіюўстаражытныМагілёў. Гэтатрэці, пасляМінскаіГомеля, паколькасцінасельніцтвагорадБеларусі, празякіпрацякаеракаДнепр. Цікавыфакт – Магілёўдвойчымогстацьсталіцайнашайкраіны: у 1939 годзе – тадыМінскзнаходзіўсядаволіблізкадамяжы, іўпасляваеннычас, калісталіцабылаамальпоўнасцюразрушана.

Укожнагагорадаёсцьсваеархітэктурныяпомнікі, вялікіялюдзірозныхэпох, якіяпаўплывалінаягошматвекавылёс. ГісторыяМагілёвазвязаназПрэзідэнтамРэспублікіБеларусьАляксандрамЛукашэнкам, яківучыўсяўмясцовымпедагагічнымуніверсітэце. Падчасагляднайэкскурсііпагорадзеэкскурсантыдаведалісяаблегендзеўзнікненняназвыгорада, пабываліўпрыгажэйшыхвугалкахабласногацэнтразягомаляўнічымідамамі, пабудаваныміяшчэўканцы 18-19 стагоддзяў. Спыніліся на плошчы Зорак, дзе ўстаноўлена бронзавая скульптура адзінага ў свеце помніка астролагу.

Далей па маршруце Савецкая плошча з мемарыяльным комплексам «Барацьбітам за савецкую уладу». Адсюль адкрываюцца краявіды другога берага Дняпра. Увагу прыцягвае магілёўская Ратуша – сімвал свабоднага горада: Магдэбургскае права было даравана магіляўчанам пры Стэфане Баторыі. На яе аглядавую пляцоўку падымалася некалі імператрыца Кацярына ІІ. Зараз тут музей гісторыі Магілёва. Радуе гараджан легендарны сімвал горада – Магіслаў, які выконвае гарадскую фанфару тры разы на дзень. Шашкоўскім экскурсантам пашчасціла пачуць музыку і ўбачыць механічнага гарніста.

Група наведала Свята-Нікольскі жаночы праваслаўны манастыр і яго галоўны храм – Мікалаеўскую царкву, з яго вядомым драўляным чатырохярусным пазалочаным іканастасам. З гаючай крыніцы ў Палыкавічах, унікальнага прыроднага аб’екта, набралі святой вады.

На мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» ўсе аддалі даніну гераічнаму подзвігу савецкіх салдат, якія абаранялі горад у1941 годзе. Гэтыя падзеі згадваюцца ў рамане «Жывыя і мёртвыя» Канстанціна Сіманава, які быў сведкай першых дзён абароны горада. Дарэчы, галоўная алея носіць яго імя. Спыніліся ля Возера Слёз – сімвала болю ўсіх маці, якія страцілі сваіх сыноў на вайне. Праз дарогу ад мемарыяла размясціўся музей пад адкрытым небам «Беларуская вёска ХІХ стагоддзя», у якім усе таксама з задавальненнем пабывалі.

Паездка спадабалася і пакінула шмат незабыўных уражанняў. Работнікі таварыства выказваюць падзяку вадзіцелю Дзмітрыю Абадоўскаму за культурнае, ветлівае абслугоўванне.                                 Надзея БАТАЛКА, фота аўтара




Веладарожка і скрыжаванне

Аддзелам ДАІ райаддзела міліцыі на пастаяннай аснове ажыццяўляецца маніторынг утрымання аўтамабільных дарог і вуліц з мэтай іх бяспечнай эксплуатацыі.

Адным з метадаў выяўлення найбольш напружаных участкаў вулічна-дарожнай сеткі з’яўляецца апытанне грамадзян, якое праводзіцца ў рамках выхаваўча-прафілактычнай работы з насельніцтвам, а таксама пры сустрэчах у працоўных калектывах раёна.

– Усе прапановы, што паступаюць у ходзе такіх мерапрыемстваў, скрупулёзна вывучаюцца на мэтазгоднасць і тэхнічную магчымасць іх укаранення, праводзіцца дадатковае апытанне насельніцтва, чые інтарэсы могуць быць закрануты пры выкананні тых ці іншых мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню бяспекі дарожнага руху, – адзначае начальнік аддзела ДАІ Дзмітрый ВОРАНАЎ.

Так, у ходзе вывучэння грамадскай думкі паступілі прапановы аб абсталяванні святлафорнымі аб’ектамі скрыжаванняў вуліц Ленінскай і Цэнтральнай, Ленінскай і Свярдлова ў Стоўбцах, будаўніцтве пешаходнай дарожкі па вуліцы Ленінскай у Стоўбцах (ад інтэрната маторнага завода да Задвор’я), рэканструкцыі вуліцы Трактарнай у Новым Свержані, будаўніцтве велапешаходнай дарожкі ад райцэнтра да Сцяцкоў, уладкаванні штучнымі няроўнасцямі вуліц у Рубяжэвічах, павелічэнні колькасці парковачных месцаў паблізу гандлёвага цэнтра «Арманда» на вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах і т. п. Іх ажыццяўленне, на думку грамадзян, дазволіць істотна аптымізаваць умовы дарожнага руху і станоўча паўплываць на становішча з аварыйнасцю.

Паводле апошніх дадзеных, прадастаўленых аддзелам ДАІ, практычна ўсе названыя мерапрыемствы выкананы ў поўным аб’ёме, за выключэннем абсталявання святлафорнымі аб’ектамі скрыжаванняў вуліц Ленінскай і Цэнтральнай, Ленінскай і Свярдлова і павелічэння колькасці парковачных месцаў паблізу гандлёвага цэнтра «Арманда».

Разам з тым, для прадухілення затораў, якія перыядычна маюць месца на скрыжаванні вуліц Цэнтральнай і Ленінскай, у бягучым годзе з’явілася дадатковая паласа для ажыццяўлення левага павароту з вуліцы Ленінскай на вуліцу Цэнтральную, што дазволіла істотна разгрузіць згаданае скрыжаванне. У раённы выканаўчы камітэт накіравана хадайніцтва аддзела ДАІ аб уладкаванні названых скрыжаванняў святлафорнымі аб’ектамі. На пасяджэнні раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху ініцыявана пытанне будаўніцтва дадатковых месцаў стаянкі паблізу гандлёвага цэнтра «Арманда».

Аддзел ДАІ нагадвае: калі ў вас узніклі пытанні адносна арганізацыі дарожнага руху і ёсць прапановы па ўкараненні тых ці іншых інжынерных збудаванняў, звяртайцеся пісьмова або па тэлефонах: 3-94-55, 3-95-55.

Пр




Міліцыя – для дабрабыту грамадства

Вынікі работы райаддзела міліцыі за першае паўгоддзе бягучага года былі разгледжаны на аператыўнай нарадзе з удзелам прадстаўнікоў упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, пракуратуры раёна, раённага аддзела Следчага камітэта. З дакладамі выступілі начальнік РАУС Іван Мамайка і яго намеснікі Міхаіл Мігура і Руслан Харута, адказныя адпаведна за блок крымінальнай міліцыі і міліцыю грамадскай бяспекі. Быў узняты шэраг праблемных момантаў, на падставе якіх перад асабовым саставам райаддзела міліцыі акрэслены найбольш актуальныя на даны момант задачы.

На Стаўбцоўшчыне ў першым паўгоддзі бягучага года павялічылася колькасць як заяў і паведамленняў грамадзян у міліцыю, так і колькасць учыненых злачынстваў. Стаўбцоўскі РАУС, згодна з крытэрыямі ацэнкі эфектыўнасці МУС Рэспублікі Беларусь, знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях, аднак нездавальняючая адзнака выстаўлена за вышук асобаў, якія прапалі без вестак, а таксама даўжнікоў і адказчыкаў па грамадзянскіх і эканамічных справах, якія ўхіляюцца ад адказнасці. Заўважана, што на працягу апошніх трох гадоў захоўваецца тэндэнцыя ў паляпшэнні якасці работы, аднак пакуль яшчэ маюць месца факты вяртання асобных матэрыялаў пасля пракурорскага нагляду на дадатковую праверку. Паўплываць на гэты працэс магчыма з дапамогай улікова-рэгістрацыйнай дысцыпліны, якой вызначаны строгі алгарытм дзеянняў, тэрміны і іншыя фактары для недапушчэння валакіты. У райаддзеле міліцыі раскрыты ўсе зарэгістраваныя цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, аднак насцярожвае тое, што іх колькасць расце.

Неабходна звярнуць увагу і на праблему, звязаную з наркакантролем і супрацьдзеяннем гандлю людзьмі. У бягучым годзе ў гэтым накірунку выяўлена дзевяць злачынстваў, у той час як летась – 23. Самазаспакойвацца на тым, што сітуацыя з наркотыкамі змянілася кардынальна, не выпадае, таму ад дзейнасці адпаведнага падраздзялення ўсе чакаюць большай ініцыятывы і эфектыўнасці.

Станоўчая дынаміка назіраецца ў рабоце групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, аднак пакуль недастаткова выяўляюцца факты крадзяжоў з выкарыстаннем службовага становішча на дзяржпрадпрыемствах. «Наша задача – абараніць эканоміку, бюджэт», – зазначыў Іван Мамайка.

Важным напрамкам дзейнасці міліцыі, аднаго з суб’ектаў прафілактыкі, застаецца ахова грамадскага парадку, прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў. Ёсць станоўчыя зрухі ў выніку праведзеных комплексаў мерапрыемстваў, у тым ліку адносна ізаляцыі асоб з групы рызыкі ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Аднак гэтую работу, як сведчыць рэчаіснасць, нельга паслабляць. У стане алкагольнага ап’янення ўчыняюцца цяжкія злачынствы. У бягучым годзе, да прыкладу, зафіксаваны два забойствы, і абодва – у сферы сямейна-бытавых адносін. Прымаемыя меры супраць дамашняга насілля і іншых негатыўных з’яў заключаюцца ва ўзбуджэнні крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці, а таксама ў выдачы ахоўных прадпісанняў. У гэтым годзе выдадзена іх было ў адносінах да 21 асобы, амаль удвая больш, чым за адпаведны леташні перыяд.

Як падкрэсліў Іван Мамайка, на парадку дня застаюцца пытанні прафілактыкі крадзяжоў і захавання таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў падчас уборачнай кампаніі, выяўленне каналаў пастаўкі алкагольнай прадукцыі, сістэмная работа з замежнымі грамадзянамі, асобамі, якія стаяць на прафілактычным уліку і на ўліку ў крымінальна-выканальніцкай інспекцыі, узаемадзеянне ўчастковых інспектараў з насельніцтвам, адпрацоўка сваіх адміністрацыйных участкаў. Неацэнную ролю ўчастковых у выяўленні нядобранадзейных сем’яў, рэалізацыі Дэкрэта № 18 на тэрыторыі сельсаветаў, падкрэсліў у сваім выступленні на нарадзе старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі.

Патрабуе ўдасканалення работа з непаўналетнімі (у гэтым годзе імі ўчынена восем злачынстваў). Негатыўныя тэндэнцыі закранулі бяспеку дарожнага руху, і сярод іх – павелічэнне колькасці пацярпелых у ДТЗ, ДТЗ па віне нецвярозых вадзіцеляў. Неабходна вырашаць пытанні дарожнай бяспекі і з дапамогай інжынерных рашэнняў.

У ходзе канструктыўнай і ўзаемазацікаўленай размовы знайшлося месца і кадравай тэме. У бліжэйшы час у райаддзел міліцыі прыбудуць з устаноў адукацыі сістэмы МУС пяць маладых дыпламаваных супрацоўнікаў. «Удзяліць увагу, падтрымаць і стварыць умовы для службы, каб яны замацаваліся і сталі нашымі паўнавартаснымі калегамі», – звярнуўся Іван Мамайка да кіраўнікоў падраздзяленняў, а да ўсяго асабовага саставу – з заклікам апраўдваць давер жыхароў раёна, сваіх землякоў. Работнікі міліцыі – заўсёды на віду.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ




Служаць маладыя

54i

Маладыя супрацоўнікі райаддзела міліцыі дастойна нясуць службу і – самае галоўнае – ужо атрымалі падзяку ад грамадзян.

Жыхарка Мінска Таццяна Коява звярнулася з просьбай да кіраўніцтва ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама аб заахвочванні ўчастковага інспектара райаддзела міліцыі Паўла Сошкі і міліцыянера патрульна-паставой службы Вадзіма Багдановіча. Яны аператыўна дапамаглі жанчыне ў знаходцы згубленай каштоўнай рэчы.

Служба ў ахоўнікаў грамадскага парадку бывае рознай – ад рэагавання на заявы і звароты грамадзян да дзяжурства ў грамадскіх месцах падчас масавых мерапрыемстваў, – але ў любым выпадку важна выконваць свой доўг прафесійна, быць уважлівым і сумленным. Падобныя адносіны, як бачна, адклікаюцца людской удзячнасцю і жаданнем расказаць пра такіх супрацоўнікаў, каб пра іх прыстойнасць ведалі і іншыя.  




Прадаўжальнік першадрукарскай справы

54d

455 гадоў таму назад, у маі-чэрвені 1562 г., у Нясвіжскай друкарні Сымон Будны выдаў «Катэхізіс» – першую сваю кнігу. Асоба гуманіста, асветніка, гісторыка, паплечніка і прадаўжальніка першадрукарскай справы Францыска Скарыны, цікавая і тым, што ён практычна наш зямляк, правёў значную частку жыцця і тварыў у мясцінах Наднямоння.

Сымон Будны скончыў знакамітую на той час навучальную ўстанову – Кракаўскі ўніверсітэт. У 1558 годзе ён распачаў дзейнасць у Вільні, дзе ў пратэстанцкім зборы выкладаў на старабеларускай мове асновы тэалогіі. Затым ён пераехаў у Клецк, дзе разам з асветніцкай справай рыхтаваў тэкст сваёй першай кнігі. Разам з Л. Крыштоўскім і М. Кавячынскім заснаваў Нясвіжскую друкарню. Надрукаваны тут «Катэхізіс» складаецца з пытанняў на багаслоўна-філасофскія тэмы і адказаў на іх. «Прысвячэнне князям Радзівілам», «Прадмова да чытача», «Аб дзесяці запаведзях Божых», «Аб веры», «Пра малітву Госпада», «Аб святых тайнах» – назвы раздзелаў гавораць аб іх змесце.

У кастрычніку 1562 года выйшаў наступны твор Буднага «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Кніга прысвячалася земскаму падскарбію Астафію Валовічу, які выдаткаваў значную суму на пабудову Нясвіжскай друкарні.

Творы Сымона Буднага, асабліва першыя, паводле іх зместу пераважна палемічныя і філасофска-публіцыстычныя, з выразнай дыдактычнай скіраванасцю. Зварот да друкаванага слова асветнік растлумачыў жаданнем спыніць распаўсюджанне «хлуслівых вучэнняў», «злых рэчаў», якія перамаглі ў Хрыстовай Царкве. Яго «Катэхізіс, або Навука старадаўняя хрысціянская для простых людзей» прывабліваў чытачоў зместам і манерай выкладання матэрыялу, логікай разважанняў і пераканаўчасцю доказаў. «Катэхізіс» лічылі ўзорным дапаможнікам, у якім спалучаўся Навучальны матэрыял з літіратурна-публіцыстычным выкладам. Зварот да формы кароткіх пытанняў і адказаў сведчыць пра асветніцкія памкненні Буднага. Аўтар проста і даступна адказвае на складаныя пытанні, што хвалявалі сучаснікаў. Кожная частка твора, што ўключала пытанні, аргументы і доказы, завяршалася рэкамендацыямі і пажаданнямі. Так разважанні пра ўрад, сучаснай мовай выкладаючы, падсумоўваліся тым, што хрысціяніну трэба ўрад падтрымліваць, каб злых судзіў, добрых бараніў, каб усё вёў справядліва.

У кастрычніку 1564 года ў Нясвіжскай друкарні былі выдадзены «Размовы святога Юстына, філосафа і мучаніка з яўрэем Трыфанам». Фактычна гэта быў пераклад на польскую мову раннехрысціянскага трактата. І тут Сымон Будны выклаў уласнае разуменне хрысціянскай навукі.

У Клецку С. Будны працягваў самаадукацыю, набываў кнігі заходнееўрапейскіх аўтараў, аналізаваў творы грэчаскіх і лацінскіх апалагетаў хрысціянства. Пасля выдання польскамоўнай «Брэсцкай Бібліі» асветнікам авалодала ідэя зрабіць новы, больш дасканалы пераклад Святога Пісання. Аднак у 1565 годзе памёр Міхаіл Радзівіл Чорны і рэфармацыйны рух Беларусі, канкрэтна і Сымон Будны, пазбавіліся падтрымкі. Абставіны прымусілі яго шукаць новы прытулак, месца, дзе б ён мог творча працаваць і выдаваць кнігі. Вядома, сучаснай мовай, мець новага спонсара.

Напачатку 1566 года Будны пераязджае ў мястэчка Хоўхлава, куды яго запрасіла Ганна Кішчына, якая мела тытул віцебскай ваяводзіны. Потым асветнік каля двух гадоў пражыў у Заслаўі, дзе закончыў працу над перакладам кнігі Старога Запавету, якія разам з перапрацаваным Новым Запаветам і «Прадмоваю да чытача» былі надрукаваны, як мяркуецца ва Уздзе, куды браты Кавячынскія перавезлі часова Нясвіжскую друкарню. Працаваў Будны затым у Лоску, Брэсце, Вільні.

Сымону Буднаму ягоныя творы стварылі папулярнасць у краінах Заходняй Еўропы – Англіі, Францыі, Германіі. Сучаснікі імкнуліся пачуць яго меркаванні па многіх пытаннях.

Ідэі Сымона Буднага паўплывалі на развіццё еўрапейскай філасофскай думкі ХVIІ стагоддзя. Як прадаўжальнік традыцый Францыска Скарыны, ён выступаў за роўнасць саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя. Яго палітычны ідэал – асветная манархія. Не адмаўляючы сутнасці прыгонніцтва, патрабаваў абмежавання феадальнага самавольства. Лічыў, што простаму народу патрэбны мір, што вяльможная знаць павінна клапаціцца пра асвету люду, адукацыю. Сымон Будны шмат зрабіў для развіцця беларускай мовы, выступаў за выкарыстанне жывога народнага слова ў рэлігійным пісьменстве і царкоўных набажэнствах, за ўсебаковае супрацоўніцтва славянскіх народаў.

Дарэчы, выдадзены ў Нясвіжы «Катэхізіс» Сымона Буднага быў перавыдадзены ў Мінску ў 2005 годзе. Дагэтуль бібліятэкі Беларусі не мелі ніводнага асобніка гэтай кнігі, а аддрукаваны ў Стакгольме ў 1628 годзе экземпляр, меўся ў аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі і навукоўцы маглі атрымаць яго ксеракопію.

Памяць выдатнага творцы, філосафа, дзеяча з кагорты беларускіх першадрукароў, ушаноўваецца. Нясвіжская друкарня, дзе пэўны час выдавалася і газета «Прамень», носіць імя Сымона Буднага. У Нясвіжы, па вул. Міцкевіча, у 1982 годзе ўстаноўлены бронзавы помнік Сымону Буднаму. Гэта работа скульптара Юрыя Казакова. Ва ўзнятай руцэ асветніка – кніга з эмблемай сонца, сімвал святла і ведаў.

Ф. БАНДАРОВІЧ




І мастацкія панэлі

У цэнтральнай раённай бальніцы працягваецца маштабная праграма рэканструкцыі і капітальных рамонтаў аддзяленняў.

Самым прыгожым абяцае быць дзіцячае аддзяленне, дзе цяпер праводзіцца планавы рамонт. Арамя таго, што будуць выкарыстаны сучасныя будаўнічыя матэрыялы, якія характарызуюцца добрай якасцю і дызайнам, праяўлена ініцыятыва кіраўніцтва медыцынскай установы для мастацкага афармлення.

Закуплены панелі ў кампаніі «Тисса», устаноўка якіх дазволіць ператварыць кожную бальнічную палату, калідоры і фае ў арыгінальныя памяшканні, якія будуць радаваць дзяцей сюжэтамі казак, прыемнымі фарбамі, што створыць асаблівы пазітыўны фон для хутчэйшага выздараўлення.

Для гульнявога пакоя набыты мэбля і цацкі. Бацькам, якім заўсёды так нялёгка ў час хваробы дзяцей, будзе вялікая палёгка правесці час з хворым дзіцем у гэтым пакоі з разнастайнасцю новых забаў, з магчымасцю зносін са сваімі равеснікамі.

Ды і медыцынскія работнікі рады такім ініцыятывам, прыемна працаваць у аддзяленні не з шэрымі бальнічнымі сценамі, а знаходзіцца ў акружэнні яркіх пазітыўных светлых фарбаў.

Пр