мобильная версия
Прамень

Дэкрэт N18 Клубок праблем на пачатку жыцця

Нумар - №151 (9069)    Рубрыка - Пастановы, дэкрэты, дырэктывы

22.10.2009

Пакуль 10-гадовы сын знаходзіцца ў школьным інтэрнаце, яго маці ператварае хату ў прытон.

Калі камісія прыехала ў гэту нядобранадзейную сям'ю ў Цвірках, то здзіўленню не было канца. Дзіця не магло папасці ў хату, яно было на двары, гуляла з сабакам, бо там "балявала" нецвярозая матуля разам з сабутэльнікамі.

Аднойчы гэта жанчына ўжо была пазбаўлена бацькоўскіх правоў - у адносінах да старэйшых дзяцей. Сёння ёй 46-ць. У яе ёсць малодшы сын, але цвярозы розум да жанчыны так і не прыйшоў.  Выратоўвае тое, што ў школе ёсць інтэрнат, і сын цэлы тыдзень знаходзіцца там. Дадому прыязджае толькі на выхадныя дні...

Гэта маці была выклікана на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Ёй акрэслены канкрэтныя шляхі для кардынальнага выпраўлення сітуацыі. "У першую чаргу трэба тэрмінова звярнуцца да ўрача-нарколага", - адзначае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько. У гора-маці і пашпарт да гэтай пары "чырвоны", савецкі. З-за згубнай залежнасці не было калі замяніць стары дакумент на новы.

У Дзераўной была наведана сям'я, дзе двухгадовае дзіця раней знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы. Па гэтай прычыне яна была пастаўлена на ўлік. Потым становішча выправілася, і сям'я з уліку была знята. І што сёння?

Сітуацыя не парадавала, а толькі ўстрывожыла. Двухгадовая дзяўчынка вымушана заставацца на руках хворай бабулі, таму што маці, 1982 года нараджэння, ізноў запіла. Дэкрэтны адпачынак ёй ні па чым,  яна знікае з дому, перакладаючы клопат пра сваё дзіця на бацькоў. Мала таго, што яму патрэбна мацярынская ўвага, як усім малым дзецям, дык у дзяўчынкі ёсць сур'ёзныя праблемы са здароўем. Каб не страціць дачку, асноўнае для гэтай маладой жанчыны, што і сказана ёй на камісіі па справах непаўналетніх, - прайсці абследаванне і лячэнне ва ўрача-нарколага. Жыццё толькі пачынаецца, а ўжо такі клубок праблем...

Ад маладой жыхаркі Старыны 3-гадовы сын быў забраны... у бальніцу. Мурзатае недагледжанае дзіця было кінута дома адно, хаця маці яго фактычна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Гадзіну давялося быць у хаце членам камісіі разам з малалетнім, пакуль нарэшце дачакаліся яго дзядулі, а маці-"вандроўніца" так і не з'явілася...

Яна неаднаразова разглядалася на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Злоўжывае алкаголем, у доме - сапраўды антысанітарныя ўмовы. І характарыстыка з апошняга месца працы не дае падстаў сумнявацца ў ненармальным ладзе жыцця гэтай маці. На ферме ў яе частыя прагулы, відавочнае ігнараванне ўказанняў кіраўніцтва, рэзкае абурэнне на любую заўвагу і г.д. На нядобрае наводзіць і такі факт: пакуль дзіця было ў бальніцы, маці наведала яго толькі адзін раз...

...На камісію прыйшоў і бацька двух- і пяцігадовага дзяцей, якія былі адабраны з сям'і чатыры месяцы таму і змешчаны ў Барысаўскі дом дзіцяці і Стаўбцоўскі дзіцячы сацыяльны прытулак. За гэты час шмат што змянілася. Маці іх трапіла ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Знаходзіцца там і на сённяшні дзень. Маці і бацька дзяцей скасавалі шлюб... Але бацька не збіраецца пакінуць дзяцей. Ён зрабіў многае, каб вярнуць іх. Працуе, наведваецца да іх у прытулак і дом дзіцяці, а таксама спраўна кампенсуе выдаткі, што затрачвае дзяржава на іх утрыманне. У бліжэйшы час камісійна будзе разгледжана пытанне аб вяртанні яму дзяцей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ.