мобильная версия
Прамень

Дырэктыва N 2 Дзе зарыты сабака?

Нумар - №156-158 (9074-9076)    Рубрыка - Пастановы, дэкрэты, дырэктывы

02.11.2009

За першае паўгоддзе бягучага года праведзены 3 праверкі выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Пракуратурай унесены 2 прадстаўленні, вынесена 1 прадпісанне. Па выніках разгляду актаў пракурорскага рэагавання да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 4 і да адміністрацыйнай - 2 службовыя асобы.

У красавіку была праведзена праверка выканання работнікамі РУП "Стаўбцоўскае аб'яднанне камунальных службаў" заканадаўства аб зваротах грамадзян і аб адміністрацыйнай адказнасці, у ходзе якой былі вывучаны 50 матэрыялаў (49 з іх паступілі ў АКС з раённага аддзела ўнутраных спраў) аб фактах парушэння Правіл утрымання дамашняй жывёлы (сабак) за 2007, 2008 і бягучы перыяд 2009 года.

Праверка паказала, што адказныя работнікі АКС доўгі час бяздзейнічалі, праяўлялі халатнасць пры разглядзе матэрыялаў аб фактах парушэння Правіл утрымання дамашняй жывёлы (сабак), якія паступалі да іх як з РАУС, так і непасрэдна на камунальнае прадпрыемства.

Так, неаднаразова звяртаўся ў АКС старшыня Наваколасаўскага сельвыканкама аб аказанні мер уздзеяння на ўладальнікаў сабак. Ні па аднаму з гэтых зваротаў праверка не праводзілася, пісьмовых адказаў заяўніку не накіроўвалася.

Таксама двойчы праз РАУС грамадзянін В. В. Санько звяртаўся са скаргай, што суседам парушаюцца правілы ўтрымання сабак. Якіх-небудзь мер як для вырашэння першага, так і другога звароту прынята не было.

Па выніках данай праверкі ў МАУП "Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі" ўнесена прадстаўленне. Пракурорам раёна ў адносінах да дзвюх адказных асоб Стаўбцоўскага АКС складзены адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян. Судом яны аштрафаваны на 140 тысяч рублёў кожны. З боку кіраўніцтва АКС прыніжаны патрабаванні са службовых асоб за парушэнне заканадаўства і выканальніцкай дысцыпліны. Нягледзячы на вялікую колькасць хібаў пры рабоце з адміністрацыйнымі матэрыяламі і матэрыяламі па зваротах грамадзян, кіраўніцтвам АКС вінаватыя нават не былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

У ходзе планавай праверкі выканання заканадаўства ў сістэме Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь пракуратурай раёна прааналізавана работа па разгляду зваротаў грамадзян аддзелам архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.

Праверка паказала, што ў райвыканкаме работа па разгляду зваротаў грамадзян знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні. Разам з тым, па некаторых зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, разгляд якіх даручаўся службовым асобам аддзела архітэктуры і будаўніцтва, дапушчаны парушэнні парадку і тэрмінаў іх разгляду.

У ходзе праверкі Рубяжэвіцкага сельвыканкама ўстаноўлена, што былі парушаны тэрміны пры разглядзе калектыўнага звароту жыхароў вёскі Новыя Рубяжэвічы. Зварот у выканкам паступіў 15 студзеня 2009 года, а адказ быў накіраваны заяўнікам толькі 11 сакавіка, пры гэтым тэрмін разгляду звароту ва ўстаноўленым парадку не працягваўся. Прыняты меры па ўхіленню парушэнняў.

Пракуратура, як і любы іншы дзяржаўны орган, таксама займаецца і непасрэдным разглядам зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. За першае паўгоддзе іх паступіла 96. Супрацоўнікамі пракуратуры разгледжаны і вырашаны па сутнасці 54 звароты, з іх 18 прызнаны абгрунтаванымі.

Вырашаны 12 зваротаў па пытанню працоўнага заканадаўства, 5 з іх прызнаны абгрунтаванымі. Па выніках праверак вынесены 2 прадпісанні, афіцыйна папярэджаны 2 службовыя асобы, прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці 3 юрыдычныя асобы на суму 335 тысяч рублёў.

Пракуратурай раёна праведзена праверка па скарзе Т. І. Жарко. Устаноўлена, што Жарко працуе ў КСУП "Заямнаўскае" ў якасці адміністратара лазні. З 1 сакавіка 2009 года загадам дырэктара Жарко быў прадастаўлены водпуск. Сярэдні заробак за час працоўнага водпуску, а таксама матэрыяльная дапамога да звароту ў пракуратуру не былі выплачаны.

Акрамя таго, за першае паўгоддзе 2009 года пракуратурай разгледжаны і вырашаны 22 звароты суб'ектаў гаспадарання (з іх 17 - задаволены). Па выніках разгляду гэтых зваротаў накіравана ў агульныя суды 8 іскаў на суму 34 мільёны 669 тысяч рублёў, 10 заяў аб узбуджэнні загаднай вытворчасці на суму 1 мільён 464 тысячы рублёў. У гаспадарчыя суды накіраваны 2 іскі на суму 42 мільёны 857 тысяч рублёў.