мобильная версия
Прамень

Дапамога на дзяцей узрасла

Нумар - №170-171 (9088-9089)    Рубрыка - Сувязі

27.11.2009

Адной з асноўных задач Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва з'яўляецца забеспячэнне фінансавання ў поўным аб'ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны выплаты пенсій, дапамог са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання грамадзянам рэспублікі. У Стаўбцоўскім раёне пражываюць 13 211 пенсіянераў і 15 576 працуючых. На 1 646 дзяцей выплачваецца штомесячная  дапамога,  прычым на 1 436 дзяцей выплата праводзіцца па месцы работы бацькоў.

За 9 месяцаў бягучага года ў раёне на выплату дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, было затрачана звыш 2 308 млн. руб., што больш за адпаведны перыяд мінулага года на 411,8 млн. руб. У асноўным расходы ўзраслі за кошт павелічэння памеру дапамог.

У сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які склаў 250 070 рублёў, з 1 лістапада 2009 года, зноў перагледжаны памеры аднаразовых дапамог і штомесячных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці выплачваецца ў памеры 1 250 350 рублёў; пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - 1 750 490 рублёў. Аднаразовая дапамога жанчыне, якая стала на ўлік у дзяржаўных медыцынскіх установах да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, устаноўлена ў памеры 250 070 рублёў. Дапамога па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складае 200 060 руб. і не залежыць ад даходу і занятасці бацькоў.

Як і раней, працягвае дзейнічаць сістэма надбавак. Адзінокай маці на дзіця ва ўзросце да 1,5 года з улікам надбаўкі 75% дапамога выплачваецца ў памеры 350 100 руб.; на дзіця ад паўтара да 3 гадоў надбаўка прадугледжана ў памеры 40% і ўся сума дапамогі састаўляе 280 080 руб.

Нагадваем, што пры афармленні дзіцяці ў дзіцячую дашкольную ўстанову ці не прад'яўленні даведкі аб тым, што дзіця не наведвае дашкольную ўстанову, а таксама пры выхадзе маці на работу  больш чым на палову нормы рабочага часу, пры афармленні рабочага водпуску ў перыяд атрымання дапамогі да трох гадоў, дапамога назначаецца ў палавінным памеры.

Поўны памер дапамогі на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 16 (18) гадоў складае 75 020 руб., а з улікам надбаўкі 40% - 105 030 руб. Надбаўка прадугледжана на дзяцей адзінокай маці, на дзяцей, якія выхоўваюцца адным з бацькоў, разведзеных і якія не ўступілі ў новы шлюб, у выпадку, калі адзін з бацькоў ухіляецца ад выплаты аліментаў, дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай, у выпадках, калі бацькі ўхіляюцца ад выплаты аліментаў, у іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, а таксама на дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў і дзяцей ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, курсантаў.

Дапамога на дзяцей ва ўзросце старэй трох гадоў назначаецца ў залежнасці ад сукупнага даходу за мінулы год. Гэта ўмова не распаўсюджваецца на сем'і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама, калі бацька дзіцяці з'яўляецца ваеннаабавязаным тэрміновай службы. Выплата дапамог назначаецца толькі пры ўмове занятасці працаздольнага аднаго з бацькоў у няпоўнай сям'і і працаздольнага бацькі ў поўнай сям'і.

На дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных ці хворых на СНІД, штомесячная дапамога выплачваецца ў памеры 112 530 рублёў. Дадаткова ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама непрацуючым і не атрымліваючым пенсій асобам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, штомесячна выплачваецца дапамога ў памеры 162 550 рублёў.

Акрамя таго, з 1 жніўня ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку ажыццяўлення аднаразовых выплат сем'ям пры нараджэнні двух і больш дзяцей на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.07.2009 г. № 985, пры нараджэнні дзяцей у шматдзетных родах на кожнае дзіця за кошт сродкаў мясцовага бюджэту выплачваецца сума ў памеры двухразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (на народжаных з 01.08.2009 г. па 31.10.2009 г. - 498  820 руб.; з 01.11.2009 г. - 500 140 руб.).

Лідзія КОЛПАК, начальнік Стаўбцоўскага раённага аддзела Мінаблупраўлення Фонду САН.