мобильная версия
Прамень

Першым быў “Прамень”

Нумар - №181-183 (9099-9101)    Рубрыка - Сувязі

23.12.2009

Фотография 1
Фотография 2

У гарадскім аддзяленні сувязі ў аўторак ладзіўся рэспубліканскі Дзень падпісчыка. Паштавікі прапанавалі сваім наведвальнікам аформіць падпіску на любое перыядычнае выданне на новы год і, адначасова, стаць удзельнікам бяспройгрышнай латарэі.

Аператар аддзялення сувязі Таццяна Міцкевіч і начальнік гэтага аддзялення Алена Груца афармлялі падпісныя квіткі на першае паўгоддзе, першы квартал і прапаноўвалі кожнаму падпісчыку на памяць прыз. Шчасліўчыкі выцягвалі дзіцячы часопіс, ласунак ці нешта іншае. І ніхто  не пакідаў пошту без усмешкі і добрага настрою.

Быў выпадак, што наведвальнік... адмовіўся ад прыза. Як высветлілася, на карысць паштальёна. Стаўбчанін, наш даўні падпісчык Міхаіл Елісееў нечакана адпарыраваў: "Я ўжо дамовіўся на падпіску са сваім паштальёнам! Нам ён своечасова дастаўляе газеты, многія паслугі аказвае на даму,  мы таксама ідзём яму насустрач..."

Прыемна, што сярод розных выданняў, якія стаўбчане хочуць чытаць у 2010 годзе, першы падпісны квіток у Дзень падпісчыка быў на нашу раённую газету "Прамень". Кошт яе невялікі, затое багата цікавай і рознабаковай інфармацыі на любы густ можна знайсці ў любым нумары. Прыкладна так выказваліся ўсе, з кім нам давялося пагутарыць у гэты дзень на пошце.

- На працягу года ў нас гэта ўжо другі Дзень падпісчыка, - адзначыла намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух. - Адрозненне сённяшняга свята падпісчыкаў у тым, што яно праводзіцца напярэдадні Новага года. У шматлікіх перадсвяточных клопатах мы імкнёмся нагадаць нашым кліентам: не забудзьцеся пра тое, без чаго Год белага тыгра будзе нецікавым. Канешне, гэта любімая газета, часопіс. Акрамя падпіскі, прапануем і іншую запатрабаваную святочную прадукцыю - паштоўкі, канверты, маркі, а таксама паслугі  Дзеда Мароза і Снягуркі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ. Фота Васіля ЗЯНЬКО.