мобильная версия
Прамень

ТЫДЗЕНЬ Стаўбцоўшчыны

Нумар - №10-11 (9114-9115)    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

05.10.2010

У радзільным аддзяленні на свет з'явіліся 6 немаўлят - 4 дзяўчынкі і 2 хлопчыкі.

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 4 шлюбы. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены адзінаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Настассі Суша, Паліне Бурновіч, Ксеніі Марусевай, Ільі Астахновічу, Цімафею Мельніку, Аляксандру Давыдзенку, Дар'і Пракаповіч, Кацярыне Кутас, Аляксею Лысаму, Мацвею Лапко і Цімафею Аксаку.

Зямны шлях закончыўся для 21-го чалавека.

У пажарнай часці згадалі 5 вогненных здарэнняў. У сельгаскааператыве "Жоўты бераг" агонь знішчыў аўтамабіль "МАЗ" 2007 года выпуску. У сувязі з надзвычай марозным надвор'ем рэзка пачасціліся выпадкі загарання аўтамабіляў. На мінулым тыдні ўспыхнуў прама ў гаражы падчас заводкі дызельны "Опель-амега", пры руху па вуліцы Царука загарэўся аўтамабіль "Аўдзі-100". Прычыну загаранняў установіць экспертыза. Агнём быў пашкоджаны жылы дом па вуліцы Мамантава ў райцэнтры. Што  адбылося, гаварыць пакуль рана, але той, хто пражывае ў гэтым доме, быў у стане алкагольнага ап'янення. У Рочавічах ад пажару пацярпеў хлеў.

Міліцыяй узбуджана крымінальная справа ў адносінах да грамадзяніна, які падчас прабывання на вуліцы Савецкай у нецвярозым стане паквапіўся на грошы ў чужой кішэні. З прылаўка магазіна ў Задвор'і злодзей схапіў гарэлку, цыгарэты і, каб было чым закусіць, каўбасу. У Сцяцках хуліган наўмысна пашкодзіў бампер, нумарныя знакі аўтамабіля і інш. У гэтай жа вёсцы невядомы абрабаваў гараж, з якога вынес чамадан з наборам ключоў і адвёртак. З гандлёвага павільёна "Бытавая тэхніка" зніклі грашовыя сродкі. У кватэры па вуліцы Энгельса не далічыліся грошай і не адшукалі пашпарт.   

Суд асудзіў да 1 года выпраўленчых работ з утрыманнем з заробку 20 працэнтаў жыхара Рубяжэвічаў. На п'яную галаву мужчына паскандаліў з жонкай і пагражаў ёй фізічнай расправай. За сістэматычныя пабоі, якія наносілі сваім жонкам, асуджаны таксама жыхары Заямнага і Залужжа. На 2 гады абмежаваны ў волі мінчанін: на тэрыторыі раёна абвінавачваны быў спынены пры спробе незаконнага збыту пісталета, які, дарэчы, набыў з парушэннямі закона.

 ДАІ затрыманы 142 парушальнікі правілаў дарожнага руху. Сярод іх -  4 п'яныя і 5 бяспраўных вадзіцеляў, 32 недысцыплінаваныя пешаходы. Здарылася 7 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

"Хуткая" выязджала да хворых 218 разоў, у тым ліку 9 сігналаў паступілі да асоб з алкагольным ап'яненнем. У траскучыя маразы на вуліцах горада былі падабраны тры чалавекі і дастаўлены ў бальніцу. 

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ.