Падключылася і стараста вёскі
Нумар - №26-28 (9130-9132) Рубрыка - Пастановы, дэкрэты, дырэктывы
01.03.2010
У Вішнявецкім сельсавеце ўпершыню з'явілася адметнае ў рабоце з нядобранадзейнымі сем'ямі - да іх перавыхавання актыўна падключыліся і старасты вёсак.
Першы такі прыклад адзначаны ў вёсцы Мархачоўшчына. Увагу сельскай грамадскасці прыкавала да сябе мясцовая маладая сям'я, у якой выхоўваюцца дзве дочкі, 2001 і 2004 года нараджэння. Бацькі іх хаця і працуюць у мясцовай гаспадарцы жывёлаводамі, але не стварылі для сваіх дзяцей належных умоў пражывання, не займаліся іх выхаваннем, ужывалі спіртное... Стан дзяцей ацэньваўся як сацыяльна небяспечны.
Па хадайніцтву Вішнявецкай школы камісія па справах непаўналетніх райвыканкама вынесла 9 снежня мінулага года пастанову аб прызнанні іх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Пасля адабрання дзеці трапілі ў Стаўбцоўскі дзіцячы сацыяльны прытулак. За іх утрыманне бацькі спраўна кампенсуюць дзяржаве выдаткі.
- Як ідзе рэалізацыя плана абароны правоў і законных інтарэсаў гэтых непаўналетніх?
- Згодна з планам з гэтай сям'ёй працуюць усемагчымыя службы, - падкрэсліла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Хвасько. - Школа, прытулак, аддзел па надзвычайных сітуацыях, супрацоўнікі міліцыі ідуць ім насустрач і аказваюць дапамогу. І, у першую чаргу, самі бацькі асэнсавалі сваё становішча, выказалі жаданне мяняць ранейшы лад жыцця. У мамы ўжо з'явіўся пашпарт, а бацька гатовы прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Дзякуючы сельгаскааператыву ў калгасным доме, дзе пражывае гэта сям'я, арганізаваны касметычны рамонт. Выдзелены будаўнічы матэрыял для рамонту падлогі, неўзабаве будзе мяняцца электраправодка. Да работы з сям'ёю актыўна падключылася энергічная стараста вёскі Мархачоўшчына Часлава Душкевіч. Яна прыязджала і на пасяджэнне нашай камісіі, праявіла вялікую зацікаўленасць у тым, каб дапамагчы сям'і хутчэй вярнуць дзяцей і нармальны статус. Са свайго боку раённая арганізацыя БРСМ таксама гатова прадставіць валанцёраў для паклейкі ў доме шпалераў. Відавочна, гэта прыклад таго, як усім мірам можна зрушыць вялікую справу.
Прыкладна праз 2 месяцы бацькі будуць выкліканы на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, каб ацаніць вынікі сумеснай работы і вызначыцца з далейшым лёсам дзяцей. Хочацца спадзявацца, што гэта сям'я не падвядзе ні вяскоўцаў, ні сябе.






