мобильная версия
Прамень

Пад пракурорскім наглядам

Нумар - №39-41 (9143-9145)    Рубрыка - Пастановы, дэкрэты, дырэктывы

19.03.2010

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі і кантралюючымі органамі праводзіцца мэтанакіраваная работа па забеспячэнню выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй. Пры гэтым прымаліся меры да ўдасканалення нагляднай дзейнасці, павышэння каардынуючай ролі пракуратуры ў супрацьдзеянні карупцыі. Пракуратура  раёна імкнулася аператыўна рэагаваць на негатыўныя працэсы з мэтай папярэджання грубых парушэнняў заканадаўства, прычынення страт у буйным памеры і іншых цяжкіх наступстваў. Наладжана ўзаемадзеянне з органамі дзяржаўнага кіравання з мэтай сістэмнага вырашэння задач умацавання законнасці, правапарадку і прадухілення карупцыйных наступстваў.
Аналіз статыстычных даных апошніх гадоў указвае на тэндэнцыю зніжэння колькасці выяўленых злачынстваў карупцыйнай накіраванасці. Бясспрэчна, звязана гэта не з ліквідацыяй карупцыі ў раёне, паколькі колькасць карупцыйных парушэнняў, што не выклікалі ўзбуджэння крымінальных спраў, узрастае. У сувязі з паслабленнем аператыўных пазіцый і скарачэннем колькасці выяўленых злачынстваў карупцыйнай накіраванасці начальніку Стаўбцоўскага РАУС было ўнесена прадстаўленне на ўхіленне парушэнняў заканадаўства ў дзейнасці па выяўленню і раскрыццю карупцыйных і эканамічных злачынстваў. Па выніках яго разгляду два супрацоўнікі прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці. Нізкі ўзровень арганізацыі і эфектыўнасці работы падраздзяленняў АКВ і АБКіЭЗ быў прадметам разгляду на міжведамаснай аператыўнай нарадзе пракуратуры і РАУС. Пракуратурай уносілася прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства ў аператыўна-вышуковай дзейнасці і крымінальна-працэсуальным заканадаўстве. У 2009 годзе  на 50 працэнтаў абнавіўся штат аддзяленняў крымінальнага вышуку і барацьбы з карупцыйнай і эканамічнай злачыннасцю РАУС.
Аднак вынікі работы за 2009 год у даным напрамку застаюцца нездавальняючымі. Калі ў 2007 годзе былі выяўлены і пастаўлены на ўлік 17 карупцыйных злачынстваў, у 2008-ым - 14, то ў 2009 годзе - толькі 6. З іх па арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), 2 - па арт. 427 КК (службовы падлог), 1- па арт. 431 КК (хабарніцтва). Менш выяўлена і раскрыта іншых эканамічных злачынстваў: 34 было ў 2007 годзе, 20 - у 2008-ым, 17 - у 2009-ым.
Выяўленыя ў 2009 годзе злачынствы карупцыйнага характару ўчынены ў розных сферах праваадносін, як прадстаўнікамі ўлады, так і іншымі службовымі асобамі. Аб некаторых з іх паведамлялася ў раённай газеце, тут прывяду іншыя факты.
Так, пракуратурай раёна накіраваны ў суд дзве крымінальныя справы па арт. 210 ч. 1 КК РБ (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), узбуджаныя і расследаваныя Стаўбцоўскім РАУС.
М. А. Грахольская, якая працавала галоўным бухгалтарам і выконвала абавязкі дырэктара каапнарыхтпрама райспажыўтаварыства, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, з прапановай нарыхтоўкі прадукцыі запатрабавала ў падначаленага нарыхтоўшчыка Ж. М. Казак двойчы   грошы   ў   суме   661 600  і 1 200 000 рублёў. Грошы апошняй былі выдадзены падсправаздачна ў касе арганізацыі. Каб схаваць факт крадзяжу, Грахольская дала вуснае ўказанне кладаўшчыку Г. А. Маркевіч скласці фіктыўную таварную накладную на выкананне работ па нарыхтоўцы бульбы. Гэты "дакумент" са звесткамі, што не адпавядалі сапраўднасці, падала ў бухгалтэрыю. І ў выніку завалодала грашовымі сродкамі, прычыніла каапнарыхтпраму матэрыяльны ўрон у суме 1 861 600 рублёў.
У рамках правядзення пракуратурай агульнанагляднай праверкі СВК "Вішнявецкі" было ўстаноўлена, што службовымі асобамі гэтай гаспадаркі са жніўня 2008 года па люты 2009-га ўносіліся наўмысна лжывыя запісы з мэтай скажэння даных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці аб прыбаўленнях у вазе жывёлы на свінатаварным комплексе. У адносінах да старшыні СВК "Вішнявецкі" В. І. Дзейкі была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 427 КК РБ.
Расследаваннем устаноўлена, што В. І. Дзейка ў перыяд са студзеня 2008 года па сакавік 2009 года, імкнучыся пазбегнуць крытыкі і іншых негатыўных наступстваў у сувязі з невыкананнем  гаспадаркай прагнозных паказчыкаў, даваў незаконныя ўказанні падначаленым аб унясенні лжывых завышаных звестак па валавых прывагах свіней у штомесячную справаздачнасць. Засведчаныя яго подпісам ілжывыя факты падаваліся ў аддзел статыстыкі. У выніку агульнае завышэнне паказчыкаў аб прывагах жывёлы ў СВК "Вішнявецкі" склала не менш за 1 610 цэнтнераў.
Пракурорам раёна даная справа была накіравана ў суд. В. І. Дзейку прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю тэрмінам на 1 год 6 месяцаў са штрафам  40 базавых велічынь.
У 2009 годзе пракуратурай праведзена 14 праверак выканання заканадаўства па барацьбе з карупцыяй, у тым ліку 10 - у парадку вырашэння зваротаў грамадзян і заяў аб учыненні злачынстваў. Па выніках праверак былі ўнесены 3 прадстаўленні, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута адна службовая асоба і адна -  да матэрыяльнай на агульную суму 5 055 тысяч рублёў, узбуджана крымінальная справа.
За гэты перыяд выяўлена і пастаўлена на ўлік 5 фактаў парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства, якія не выклікалі крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку факты незаконнага ўмяшальніцтва службовай асобы з выкарыстаннем сваіх паўнамоцтваў у дзейнасць іншых дзяржаўных органаў, выкарыстанне свайго службовага становішча для вырашэння асабістых пытанняў.
Так, пракуратура ў жніўні 2009 года правяла праверку ў СВК "Дзераўное". Быў устаноўлены факт карыстання электраэнергіяй у прыватным доме за кошт гаспадаркі. Па патрабаванню пракурора ўрон сельгаскааператыву быў кампенсаваны.
І яшчэ адзін, нядаўні факт, устаноўлены следчым пракуратуры А. С. Кардзісам. Была праведзена праверка ў адносінах да грамадзяніна, які спрабаваў аказаць садзейнічанне ў вызваленні ад адказнасці вадзіцеля аўтамабіля, затрыманага ў нецвярозым стане. Але супрацоўнікі ДАІ з прапановай "якім-небудзь чынам вырашыць пытанне" не згадзіліся. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту падбухторвання да дачы хабару было адмоўлена, паколькі не быў устаноўлены састаў злачынства. Але падобныя дзеянні, калі спрабуюць шляхам подкупу пазбегнуць адказнасці, вельмі небяспечныя.
Выніковасць работы па супрацьдзеянню карупцыі залежыць не толькі ад забеспячэння непазбежнасці пакарання, прыцягнення вінаватых да адказнасці і кампенсацыі прычыненага ўрону, але і ў многім ад стварэння ў грамадстве атмасферы нецярпімасці і асуджэння любых карупцыйных праяў, шырокага інфармавання аб гэтым насельніцтва.
Аднак у калектывах, на месцах не абмяркоўваліся вынікі судовага разгляду крымінальных спраў, не распаўсюджвалася інфармацыя на даную тэму па месцы работы і жыхарства вінаватых асоб, хаця пракуратура раёна ў пачатку 2009 года ініцыіравала данае пытанне перад выканкамамі мясцовых Саветаў. Фармальным застаецца разгляд прадстаўленняў следчых органаў аб ухіленні прычын і ўмоў, што садзейнічаюць учыненню карупцыйных злачынстваў. Недахопы неабходна неадкладна выправіць.

Уладзімір ЯГАДЗІНСКІ, пракурор раёна.