мобильная версия
Прамень

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА

Нумар - №43-44 (9147-9148)    Рубрыка - Пастановы, дэкрэты, дырэктывы

26.03.2010

Ёсць навучальныя ўстановы, у якіх няма перапынкаў на канікулы. Сярод іх - дзіцячы сацыяльны прытулак. У час навагодніх і ражджэственскіх свят гэту ўстанову наведалі многія арганізацыі з дабрачыннай місіяй. У нас была магчымасць паназіраць, з якой гасціннасцю сустракаюць тут сваіх сяброў, і задаць дырэктару гэтай дзіцячай установы Сяргею Целешу некалькі пытанняў.

- Сяргей Іванавіч, ці здараецца, што ў дзіцячым прытулку не бывае дзяцей?

-  Такога не бывае. Іншая справа, што колькасць іх можа быць рознай. Цяпер, напрыклад, у нас на рэабілітацыі 12 чалавек. А наогул з дня заснавання дзіцячага сацыяльнага прытулку з 2001 года рэабілітацыю тут прайшлі 277 дзяцей. З іх у біялагічную сям'ю вернуты 195 дзяцей, 57 хлопчыкаў і дзяўчынак прынялі апякунскія і прыёмныя сем'і, двое дзяцей уладкаваны ў "SOS-дзіцячая вёска", адзін усыноўлены і 22 адпраўлены ў інтэрнатныя ўстановы.

-  Ваша ўстанова адна з тых, якая працуе ў кругласутачным рэжыме, каб забяспечыць дзецям належныя ўмовы для пражывання.

- Прытулак прызначаны для часовага, да 6-ці месяцаў, пражывання дзяцей, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, ва ўзросце ад 3 да 15 гадоў. Як правіла, гэта дзеці, якія жылі ў нядобранадзейных сем'ях, і ўсім  ім неабходна рэабілітацыйная дапамога. Для пражывання дзяцей, аднаўлення іх фізічных і душэўных сіл у прытулку ёсць усе неабходныя ўмовы. Дзіцячая ўстанова размешчана ў двухпавярховым будынку былой Кнотаўшчынскай школы. Выхаванцы пражываюць у спальных пакоях па тры чалавекі. Для пражывання і паспяховай рэабілітацыі іх ёсць сталовая, гульнявы пакой, медкабінет, спартзала, пакоі для падрыхтоўкі ўрокаў, кабінеты псіхолага і сацыяльнага педагога, пральня, стадыён, гульнявая пляцоўка, прышкольны ўчастак, фруктовы сад. Для дзяцей арганізавана 5-разовае харчаванне. Яны навучаюцца ў Мікалаеўшчынскай ДАСШ. Выхавацелі і іншыя супрацоўнікі прытулку стараюцца акружыць дзяцей клопатам, любоўю, дэфіцыт чаго яны адчувалі ў сваёй сям'і. Працуюць гурткі "Юны мастак", "Дэкаратыўны дызайн", "Свет бісеру", "Выразнае чытанне". Выхаванцы прытулку пражываюць у камфортных умовах, своечасова забяспечваюца ўсім неабходным дзякуючы пастаяннаму клопату і дапамозе раённага выканаўчага камітэта і аддзела адукацыі. Пастаянную дапамогу ва ўмацаванні матэрыяльнай базы аказваюць дабрачынныя фонды "Дапамога пацярпелым дзецям", Дзіцячы фонд, шведская арганізацыя "Дзеці ў нашых сэрцах", абкам прафсаюза работнікаў лесу, прафсаюз студэнтаў БДУ, калектыў Беларускай акадэміі музыкі, СВК "Радзіма Якуба  Коласа" і інш.

- Які парадак дастаўкі дзяцей у сацыяльны прытулак?

-  Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 вызначаны дзяржаўныя органы і арганізацыі, якія закліканы забяспечыць абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей у нядобранадзейных сем'ях. І яны выконваюць усю неабходную работу па выяўленню такіх сем'яў, праводзяць комплекс мерапрыемстваў па аднаўленню сям'і. На працягу 10 дзён пасля паступлення дзяцей у прытулак збіраецца неабходная інфармацыя, складваецца праграма рэабілітацыі дзіцяці і яго сям'і. Спецыялісты прытулку сумесна з зацікаўленымі службамі і арганізацыямі праводзяць работу, накіраваную на нармалізацыю адносін, павышэнне адказнасці бацькоў за выхаванне і ўтрыманне дзяцей і вяртанне іх у родныя сем'і. Пры немагчымасці вяртання дзяцей у біялагічныя сем'і праводзіцца пошук сем'яў, якія б прынялі да сябе сацыяльных сірот. Пасля выбыцця дзіцяці з прытулку на працягу 6 месяцаў ажыццяўляецца патранат сем'яў, у якіх пражывае дзіця. Толькі ў сямейнай атмасферы любові і клопату дзіця можа быць па-сапраўднаму шчаслівым. Работнікам устаноў адукацыі і іншых службаў часта адразу цяжка заўважыць негатыўнае ў сям'і дзіцяці. Суседзі, знаёмыя, родныя ведаюць аб такіх сем'ях больш. Але яны не заўсёды прыдаюць гэтаму значэнне. Аднак толькі сумеснымі намаганнямі дзяржаўных органаў, усіх членаў грамадства можна выкараніць падобныя негатыўныя з'явы. Бачыць, як дзіця, якое калісьці аказалася на вуліцы, зноў пражывае з бацькамі, атрымлівае адукацыю, расце ў добрых умовах - вялікае шчасце для ўсіх, хто аказваў дапамогу гэтай сям'і, настаўляў на правільны шлях. Таму хочацца звярнуцца да жыхароў раёна: калі вы ведаеце такія сем'і, у якіх дзеці маюць патрэбу ў абароне дзяржавы, паведамляйце нам аб гэтым па тэлефоне 4-17-84. Своечасова прынятыя меры - гэта залог паспяховай работы па аказанню дапамогі дзецям і іх сем'ям.

Лана Святліцкая