мобильная версия
Прамень

Аб правах на жыллёва-камунальныя паслугі

Нумар - №51-53 (9155-9157)    Рубрыка - Да дня інфармавання

12.04.2010

Чарговы дзень інфармавання насельніцтва - 15 красавіка. Яго тэма: "Абарона правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг".

Жыллёва-камунальная гаспадарка - адна з асноўных сфер жыццядзейнасці, дзе спалучаюцца камерцыйныя мэты арганізацый, што прадастаўляюць насельніцтву такія паслугі, і сацыяльныя інтарэсы грамадзян, якія з'яўляюцца спажыўцамі гэтых паслуг. Рэалізуемая дзяржавай задача павышэння якасці жыцця беларускіх грамадзян, у тым ліку шляхам стварэння сучасных камфортных умоў для іх пражывання, непарыўна звязана з забеспячэннем абароны правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг на заканадаўчым узроўні. У цяперашні час праваадносіны ў абароне правоў спажыўцоў рэгулююцца Канстытуцыяй РБ, Грамадзянскім кодэксам, Законам "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг", Законам "Аб абароне правоў спажыўцоў" і іншымі заканадаўчымі актамі.

Між тым, як паказваюць аналіз  зваротаў грамадзян і сацыялагічныя апытанні насельніцтва, сфера паслуг ЖКГ працягвае заставацца адной з самых надзённых праблем. Пры гэтым аб наяўнасці спецыяльнага Закона, які забяспечвае абарону правоў грамадзян - спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг, насельніцтва мала інфармавана. А нормы Закона павінен ведаць кожны.

У адпаведнасці з арт. 6 Закона спажывец мае права на задавальненне патрэб у жыллёва-камунальных паслугах; бяспеку паслуг; інфармацыю аб выканаўцы і паслугах, што аказваюцца; выбар выканаўцы паслуг, якія аказваюцца на канкурэнтнай аснове; асвету ў галіне абароны правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг; належную якасць паслуг; кампенсацыю страт, шкоды, прычыненых выканаўцам спажыўцу ў выніку неаказання паслуг або іх выканання з недахопамі; дзяржаўную, уключаючы судовую, абарону сваіх правоў.

Асаблівую ролю ў забеспячэнні дзяржаўнай абароны правоў спажыўцоў маюць зацверджаныя Урадам дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванню насельніцтва. У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі сацыяльныя стандарты вызначаюць мінімальныя нарматывы забеспячэння жыльцоў вадой, цяплом, электраэнергіяй, месцамі ў лазнях, тэрмінамі вывазу смецця і г.д. Напрыклад, падача вады ў жыллёвы фонд, абсталяваны цэнтралізаваным водазабеспячэннем і каналізацыяй, павінна забяспечвацца ў аб'ёме не менш за 180 л/суткі на аднаго чалавека, у тым ліку не менш за 90 л/суткі - на гарачае водазабеспячэнне. Нарматывы ацяплення жылых памяшканняў прадугледжваюць забеспячэнне не менш за 18оС у жылых памяшканнях і тэмпературы гарачай вады - не менш за 50оС. На працягу апошніх гадоў у выніку напружанай работы, што  пастаянна праводзіцца мясцовымі органамі ўлады і рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання,  сацыяльныя стандарты ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі паўсюдна выконваюцца.

Дзяржава, якая праводзіць моцную сацыяльную палітыку, пастаянна забяспечвае асаблівы кантроль за змяненнем узроўню цэн (тарыфаў) на жыллёва-камунальныя паслугі, а таксама за ўзроўнем расходаў насельніцтва на аплату паслуг ЖКГ. Так, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта РБ ад 6 кастрычніка 2006 г. № 604 "Аб мерах па павышэнню эфектыўнасці работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі", тарыфы на паслугі, што аказваюца насельніцтву, устанаўліваюцца Урадам па ўзгадненню з кіраўніком дзяржавы з улікам росту даходаў насельніцтва і параметраў кампенсацыі арганізацыямі ЖКГ эканамічных затрат.

У выніку, пачынаючы з 2007 года, у Беларусі склалася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам эканамічных затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг. Калі ў 2006 годзе доля кампенсацыі насельніцтвам затрат на жыллёва-камунальнае абслугоўванне складала 40,6 працэнта, то ў 2007, 2008 і 2009 гадах яна знізілася адпаведна да 32,4, 30,7  і 28,3 працэнта.  Нягледзячы на значнае падаражанне імпартуемых у краіну расійскіх энерганосьбітаў, тарыфы на аплату жыллёва-камунальных паслуг для насельніцтва ў Беларусі не мяняліся з 1 студзеня 2009 г. Пры гэтым варта адзначыць, што "абцяжарванне" "жыровак" за студзень бягучага года звязана з моцным пахаладаннем, якое выклікала дадатковыя расходы цеплавой энергіі на падтрыманне належнага тэмпературнага рэжыму ў жылых памяшканнях і падагрэў вады.

Дзяржаўныя рашэнні аб павышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі прымаюцца ў рэспубліцы ўзважана, з улікам эканамічных магчымасцей як насельніцтва, так і народнай гаспадаркі, а іх узровень знаходзіцца пад пастаянным кантролем кіраўнікоў дзяржавы і Урада. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка падчас справаздачы міністра энергетыкі 15 кастрычніка 2009 г. адзначыў: "Трэба мець на ўвазе, што сёння насельніцтва не можа больш заплаціць. Таму не трэба сёння патрабаваць ад мяне павышэння тарыфаў. Належыць разумець, што мы не так павысілі зарплаты і пенсіі насельніцтву, каб 5-7 долараў у іх забраць. Але і насельніцтва павінна разумець, што калі мы загубім энергетыку, не будзе дзяржавы і ўвогуле зарплат". І асабліва падкрэсліў, што не можа быць і размовы аб адначасовым значным павышэнні цэн на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.

Між тым, у апошнія гады Беларусь актыўна адшуквае альтэрнатыву расійскім пастаўкам энерганосьбітаў, якія ўсё даражэюць, у тым ліку развіваючы стратэгічнае партнёрства з краінамі Лацінскай Амерыкі. Ужо дасягнуты рэальны вынік ва ўзаемаадносінах з Венесуэлай, якая займае другое месца ў свеце пасля Расіі па аб'ёмах разведаных запасаў нафты. Так, у маі 2010 г. Венесуэла паставіць у Беларусь пробную партыю нафты ў аб'ёме да 80 тысяч тон для наступнай перапрацоўкі на Мазырскім НПЗ. Да канца года плануецца паставіць да 4 мільёнаў тон. Адпаведныя дакументы падпісаны нядаўна ў Каракасе ў прысутнасці прэзідэнтаў Беларусі і Венесуэлы.

Забяспечваючы абарону правоў спажыўцоў на даступнасць жыллёва-камунальных паслуг для ўсіх груп насельніцтва, дзяржава аказвае малазабяспечаным грамадзянам Беларусі адрасную дапамогу на аплату паслуг ЖКГ. З 1 студзеня 2010 г. у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта РБ "Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе" грамадзянам рэспублікі можа быць аказана адрасная матэрыяльная падтрымка выключна ў выглядзе штомесячнай ці аднаразовай сацыяльнай дапамогі, у тым ліку на аплату жыллёва-камунальных паслуг (поўнасцю ці часткова).

У Беларусі правядзенне дзяржаўнай палітыкі ў галіне абароны правоў спажыўцоў забяспечвае Міністэрства гандлю, якое каардынуе дзейнасць Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства энергетыкі, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый. Рад паўнамоцтваў па абароне правоў спажыўцоў ускладзены на абласныя, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты. Вялікую ўвагу праблеме абароны правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг удзяляе Беларускае таварыства абароны спажыўцоў, якое вядзе таксама актыўную асветную работу сярод насельніцтва.

Па матэрыялах, прадстаўленых аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама