Да кліентаў – з канцэртам
Нумар - №67-69 (9171-9173) Рубрыка - Памяць
04.10.2010
Калектыў мастацкай самадзейнасці філіяла № 624 ААТ "АБ Беларусбанк" настолькі прыглянуўся ў мінулым годзе сваім выступленнем у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны і працы і інвалідаў, што сёлета кіраўніцтва гэтай сацыяльнай установы ўключыла сустрэчу з банкаўскімі работнікамі ў план мерапрыемстваў, прысвечаных 65-годдзю Вялікай Перамогі.
Кіраўніцтва філіяла з радасцю прыняло гэта запрашэнне і сумела спланаваць надзвычый змястоўную праграму сустрэчы. У доме-інтэрнаце быў праведзены Дзень кліента. Супрацоўнікі аддзела рознічнага бізнесу расказалі аб банкаўскіх паслугах, якія можна атрымаць у аддзяленні банка, што знаходзіцца ў Мікалаеўшчыне. Работнікі банка ў даступнай форме інфармавалі пажылых людзей аб новых відах абслугоўвання ў банку, адказалі на ўсе пытанні.
Затым з прывітальным словам звярнулася да ветэранаў вайны і працы дырэктар філіяла № 624 ААТ "АБ Беларусбанк" Людміла Стралкоўская. Прысутных чакаў яшчэ канцэрт, падрыхтаваны сіламі супрацоўнікаў філіяла Беларусбанка. Галоўны спецыяліст адміністрацыйна-гаспадарчай групы Аляксандр Кажура прачытаў урыўкі з паэмы А. Твардоўскага "Васілій Цёркін". Галоўны спецыяліст аддзела аўтаматызацыі Юрый Жывіцкі выканаў пад гітару чатыры песні. Вяла канцэртную праграму вядучы спецыяліст сектара крэдытавання насельніцтва Марына Салаўёва, якая прачытала творы Якуба Коласа. Быў і яшчэ адзін юны артыст у складзе канцэртнай брыгады - сын начальніка аддзела касавай работы Валянціны Пятровіч Мікіта, вучань гімназіі № 1 і Стаўбцоўскай школы мастацтваў. Ён выканаў чатыры творы на баяне.
Па традыцыі работнікі банка прыехалі да пажылых людзей з салодкімі пачастункамі. Ветэраны вайны і працы з цеплынёю дзякавалі калектыву філіяла № 624 ААТ "АБ Беларусбанк" за такую сустрэчу.






