"Дзень Перамогі – гэта адчуванне таго, як шмат у нас ёсць..."
Нумар - №67-69 (9171-9173) Рубрыка - Памяць
04.10.2010
Дзень Перамогі - дата, блізкая кожнаму беларусу. Мы, сучаснае пакаленне, чулі па радыё, глядзелі па тэлебачанні, чыталі ў кнігах пра тое, што адбывалася на нашай зямлі 65 гадоў таму. Але ў кожнага, мяркую, у душы жыве сваё, асабістае адчуванне Перамогі.
Мне было цікава пагутарыць са сваімі аднакласнікамі - сёлетнімі выпускнікамі стаўбцоўскай гімназіі № 1 і задаць ім адно і тое ж пытанне: "Што значыць для цябе Дзень Перамогі?"
- Асабіста для мяне 9 Мая асацыіруецца з чырвонымі цюльпанамі, - дзеліцца Паліна Варанецкая. - Гэтыя кветкі распускаюцца вясною адны з першых. З дзяцінства памятаю, як у гэты дзень зранку мая бабуля выбірала ў кветніку самыя прыгожыя цюльпаны, а я беражліва складвала іх у букеты і ішла на плошчу Бессмяротнасці. Для мяне чырвоныя цюльпаны, як сімвал крыві, як сэрцы тых, хто загінуў на полі бою.
У мінулым годзе на мітынгу стаяла побач са мною маленькая дзяўчынка. У яе былі вясёлыя вочы, шчаслівая ўсмешка, а ў руках - вялікія паветраныя шары. Яна сачыла за іх павольнымі скокамі, узняўшы галаву ўвысь, у неба. Было яно сіняе-сіняе, мірнае - неба над нашымі галовамі. На кіцелях ветэранаў пераліваліся на сонцы медалі. Гэта - наш Дзень Перамогі. Свята ў душы, якое доўжыцца не адзін дзень. Яно заўсёды з намі.
- У гэты дзень мы збіраемся пасля мітынгу ўсёй сям'ёй, - працягвае Кацярына Хіневіч. - Бабуля ўспамінае пра свайго бацьку, майго прадзеда. Ён здабываў Перамогу, дайшоў да Германіі. І зараз у бабулінай хаце на сцяне вісіць яго ордэн. Рэліквія. Памяць. Мы глядзім фільмы пра вайну. Вельмі страшна бачыць на экране чалавечае гора. Немагчыма ўявіць, што 65-70 гадоў таму людзі не належалі сабе, гублялі сваіх блізкіх... З пачуццём хвалявання я гавару нашым паважаным ветэранам - вялікае дзякуй за подзвіг, за мірнае жыццё. Будзьце з намі доўга!
- Пра ваенныя падзеі даведваюся з кніг, тэлеперадач, - далучаецца да размовы Дар'я Гацура. - Гледзячы на жорсткія ваенныя кадры, разумею, праз якія выпрабаванні прайшлі нашы прадзеды, усё пакаленне пераможцаў. Дзень Перамогі на фоне тых крывавых падзей уяўляецца яшчэ больш значным, важным і доўгачаканым днём. Канешне, гэта свята са слязамі на вачах. Кожны год 9 Мая я бываю на мітынгу і бачу, як раптам вільгатнеюць вочы сівых ветэранаў, як дрыжыць ад успамінаў іх голас... Для мяне няма розніцы, які на вуліцы дзень, галоўнае - памятаць пра сваё мінулае і даражыць тым, што ў нас ёсць. Гэта мір, Радзіма, бацькі...
- Раніцай 9 Мая, калі я прачынаюся, - запрашае ў свет сваіх адчуванняў Таццяна Садоўская, - у маё акно заглядваюць сонечныя промні. Святло новага дня стварае радасны святочны настрой. Я адчуваю сябе шчаслівай. Абавязкова іду на мітынг, каб сустрэць ветэранаў і аддзячыць ім букетам кветак. На святочным канцэрце гучыць песня "Дзень Перамогі". Гэта мелодыя вельмі пранікнёная, светлая. У ветэранаў - слёзы на вачах. У такія хвіліны разумею, якая глыбокая рана ў душы сведкаў вайны. 9 Мая асабліва востра адчуваю, як шмат у нас ёсць. Памятаю, як да нас у гімназію прыходзіла Ганна Андрэеўна Клімаш і расказвала пра сваю маладосць, абпаленую вайной. Напярэдадні 9 Мая мы разносім ветэранам паштоўкі з віншаваннямі, запрашэннем на святочныя школьныя мерапрыемствы. Шкада, што з кожным годам гэтых адрасатаў становіцца ўсё менш...
- Для мяне 9 Мая - дзень услаўлення загінуўшых і дзень асаблівай павагі да ветэранаў, - выказвае сваю думку Настасся Бандаровіч. - Перамога ў маім уяўленні - гэта радасць душы за мірнае жыццё і смутак па тых, каму не дадзена было выжыць у ваенных нягодах ліхіх 40-х... А кожны з іх не далюбіў, не даўсміхаўся, не дасябраваў... Іх жыццё працягваецца ў помніках, абелісках, у музеі Вялікай Айчыннай вайны, куды хочацца трапіць на экскурсію. Я захапляюся гісторыяй маёй Бацькаўшчыны і ўспрымаю развязванне любой вайны як вялікую палітычную памылку, якая знішчае народ, не дае яму самарэалізавацца і вядзе да заняпаду краіны. Трэба памятаць пра гэтыя ўрокі гісторыі. Калі людзі забываюць іх, то, звычайна, мінулае паўтараецца зноў.
Ва ўнісон сказанаму хацела б дадаць наступнае. Нельга забываць і тое, што пасля Перамогі ў 45-м людскія пакуты не скончыліся. У пераважнай большасці вёсак і гарадоў Беларусі стаялі разбураныя хаты, а то і папялішчы, змучаныя сем'і і занядбаныя гаспадаркі чакалі з вайны гаспадароў... Мая бабуля - дзіця вайны, напоўніцу адчула гэта на ўласнай скуры. Пра той цяжкі пасляваенны час яна расказвае: "Бацька не вярнуўся з фронту, матуля гадавала нас траіх адна. Жадны былі нават бульбіне. Неяк прывёз дзядзька цукерак, "падушачак", дык яны здаліся самым лепшым ласункам на свеце. Не было абутку, газы для лямпы, а так хацелася вучыцца, хадзіць у школу..." А дзядуля мой нарадзіўся ў кастрычніку 1941-га. Яшчэ ў чэрвені бацьку яго забралі на фронт, ён загінуў амаль у першыя дні вайны. Калі нахлынуць успаміны, дзядуля ніяк не можа змірыцца з горкай несправядлівасцю лёсу: "Я ж ніколі не бачыў свайго бацьку і не ведаю, дзе ён пахаваны..."
Ад імя сучаснага маладога пакалення хачу нізка пакланіцца салдатам Перамогі і падзякаваць за тое, што падарылі нам прыгожую і мірную Радзіму. Мы любім нашу Беларусь, ганарымся яе поспехамі і марым прымножыць іх перамогамі іншага характару - вучэбнымі, спартыўнымі, культурнымі. Дай Бог, каб слова "вайна" гучала толькі ва ўспамінах ветэранаў.






