Набор для ветэрана
Нумар - №67-69 (9171-9173) Рубрыка - Памяць
04.10.2010
У пярэдадзень 9 Мая раённая арганізацыя грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў" і раённае аддзяленне ГА "Беларуская асацыяцыя інвалідаў вайны" парадавала інвалідаў і ўдзельнікаў вайны, інвалідаў І і ІІ груп прадуктовымі наборамі.
125 набораў, у кожным з якіх - крупы, алей, макароны, згушчанае малако і іншае падспор'е да абедзеннага стала (усяго вагою каля шасці кілаграмаў), уручаны ветэранам у Стоўбцах, а таксама ў Навасвержанскім, Вішнявецкім і Мікалаеўшчынскім сельсаветах. Падзяку за клопат людзі выказвалі праўленню названых грамадскіх арганізацый, а яшчэ тым прадпрыемствам, якія не паскупіліся на спонсарскую дапамогу для набыцця падарункаў.
- Не толькі напярэдадні 65-годдзя Вялікай Перамогі мы звяртаемся да суб'ектаў гаспадарання, - адзначае старшыня раённай арганізацыі ГА "Беларускае таварыства інвалідаў" Міхаіл Мазур. - І большасць з іх, дзякуй ім за гэта, ставяцца да нашых просьбаў з разуменнем, адгукаюцца на іх па-чалавечы шчыра і высакародна. Насустрач ідзе і раённы выканаўчы камітэт, пры падтрымцы якога для нашых грамадскіх арганізацый створаны ўсе ўмовы для плённай дзейнасці ў інтарэсах ветэранаў, па магчымасці выдзяляецца матэрыяльная дапамога.
Сярод спонсараў, якія ўнеслі значны ўклад у падтрымку ветэранаў, - мясакамбінат (дырэктар Р. Б. Бурдукевіч), фермерская гаспадарка "Сула" (У. П. і У. У. Радзевічы), ЗАТ "Аграмашзапчастка" (В. В. Асмалоўскі), ТАА "Аграінвест" (Ч. М. Астроўскі), ДЭУ-4 (А. С. Сазон), СТАА "Мясакамбінат "Колас" (А. К. Юрэль), індывідуальныя прадпрымальнікі - С. М. Кобрык, С. А. Пяткевіч, С. М. Гайко, В. А. Мозжына, а таксама Мінскае абласное аддзяленне ГА "Беларуская асацыяцыя інвалідаў вайны". Усяго было разаслана больш за 50 зваротаў у розныя арганізацыі. Работа па прыцягненні спонсарскіх сродкаў працягваецца. Не застацца ўбаку, аказаць дапамогу ветэранам, якія жывуць з намі побач, - справа, якая зробіць гонар кожнаму калектыву.






