Неацэнны скарб – узаемаразуменне
Нумар - №67-69 (9171-9173) Рубрыка - Памяць
04.10.2010

Надзвычай кранальнае мерапрыемства прайшло напярэдадні 65-годдзя Вялікай Перамогі. Раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з міжнародным грамадскім аб'яднаннем "Узаемаразуменне" сабралі ў адной зале ўдзельнікаў Вялікай Айчынанй вайны, большую частку якіх складалі непаўналетнія вязні фашысцкіх лагераў, і сённяшніх вучняў школ. Права прыняць удзел у гэтай урачыстай сустрэчы пакаленняў было прадастаўлена пераможцам першага этапу конкурсу "Беражом подзвіг, ганарымся перамогай, раўняемся на герояў" сярод вучнёўскай моладзі.
Уступным словам з глыбокім асэнсаваннем страшных праяў фашызму, з заклікам да маладых даваць адзіна правільную ацэнку значнасці Вялікай Перамогі ў другой сусветнай вайне для будучых пакаленняў звярнуўся да прысутных дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Уладзімір Стома. Трэба аддаць належнае і вядучаму гэтай праграмы спецыялісту па сацыяльнай рабоце цэнтра Сяргею Есісу, стараннямі якога часта арганізуюцца змястоўныя па сэнсу мерапрыемствы ў цэнтры з мэтай выхавання моладзі на слаўных традыцыях старэйшага пакалення.
Каардынатар міжнароднага грамадскага аб'яднання "Узаемаразуменне" ў Беларусі Таццяна Гардзей гаворыць аб сваёй місіі на гэтай сустрэчы пакаленняў:
- Мэтай нашага аб'яднання з'яўляецца паляпшэнне якасці жыцця людзей, якія пацярпелі ад фашызму. Гэта былыя вязні канцлагераў, гета, інваліды і ветэраны вайны. Пажылыя людзі, якія прысутнічаюць у зале, - дзеці вайны, праз свае асабістыя перажыванні змогуць данесці інфармацыю аб тых страшных падзеях, якія перажылі. І нам вельмі важна, як успрыме гэта маладое пакаленне. Мы стараемся прыцягнуць ветэранаў да грамадскага жыцця, аказаць ім дапамогу ў арганізацыі вольнага часу, у правядзенні значных мерапрыемстваў. Людзі, якія прайшлі вайну, вельмі патрэбны маладым для перадачы свайго вопыту, каб праз свае ўспаміны выхоўваць патрыятызм і высокія маральныя ідэалы.
Цяжка было ўспрымаць без слёз выступленні ветэранаў. Дзеці і вайна - няма больш жудаснага збліжэння супрацьлеглых рэчаў на свеце. 10-12-гадовыя хлопчыкі рыюць рукамі праход і ўцякаюць ноччу ў ячнае поле. Іх ловяць канваіры з аўчаркамі, сабакі да крыві грызуць дзяцей на вачах у нацыстаў. Босыя галодныя дзеці, якія збіраюць гнілую з зімы бульбу. Дзяўчынка, якая схілілася над трупам сваёй маці пад грукатам бамбёжкі. Гэта толькі некалькі выпадкаў з тых, якія пачулі ўдзельнікі сустрэчы ад вязняў фашысцкіх лагераў і іншых ветэранаў, запрошаных на гэту ўрачыстасць. Усе ў поўнай меры адчулі сэнс страшных слоў - растрачанае, спаленае вайной дзяцінства. На сустрэчу з моладдзю прыйшлі непаўналетнія вязні фашысцкіх лагераў Надзея Іванаўна Грыцэвіч, Клаўдзія Канстанцінаўна Манцывода, ветэраны вайны Васіль Мікалаевіч Шкляр, Дзмітрый Піліпавіч Валасевіч, Ганна Андрэеўна Клімаш. На сустрэчы прысутнічалі два непаўналетнія вязні фашысцкіх лагераў з Мінска - Галіна Францаўна Сямёнава (яе з дзецьмі вы бачыце на здымку) і Яўген Захаравіч Навіцкі, якія прыехалі з прадстаўнікамі аб'яднання "Узаемаразуменне".
Успаміны ветэранаў чарадаваліся выступленнямі школьнікаў, якія чыталі свае конкурсныя работы. Творчыя сачыненні былі пабудаваны на мясцовым матэрыяле, гэта вынік даследчай работы маладых, якія сабралі звесткі аб ветэранах вайны нашага раёна, аб ваенных падзеях. Выступленні вучняў успрымаліся з не меншай цікавасцю, чым выступленні шаноўных ветэранаў. Права зачытаць свае работы было прадастаўлена вучням: Мікалаеўшчынскай ДАСШ Карыне Кротавай, Шашкоўскай - Ульяне Хлебнікавай, Залужскай - Кірылу Панфілаву і Святлане Зіневіч, Старасвержанскай - Ганне Аляшкевіч, Вікторыі Гаўрык і Аляксандру Новіку, Дзераўнянскай - Вользе Даргевіч і Вікторыі Недзень, Заямнаўскай - Марце Мацкевіч, ДАСШ № 3 - Сцяпану Жаўнерчыку, Рочавіцкай - Вользе Лушчык, гімназіі № 1 - Стэфаніі Мамайка.
Канцэртную праграму для ўдзельнікаў урачыстасці падрыхтавала вакальная група "Навасвержанскія наследнікі" пад кіраўніцтвам Вольгі Івашка. Прыгожыя сувеніры для ўдзельнікаў вайны з любоўю зрабілі сваімі рукамі вучні Старасвержанскай ДАСШ. Салодкія падарункі і сувеніры ўдзельнікам вайны - ад прадстаўнікоў аб'яднання "Узаемаразуменне". Пераможцам конкурсу былі ўручаны граматы раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і грамадскага аб'яднання "Узаемаразуменне".
Такія мерапрыемствы - гэта даніна памяці, даніна павагі да тых, каму з самага пачатку жыццё паказала свой страшны, недзіцячы бок. Па той увазе, з якой вучнямі было ўспрынята выступленне ветэранаў, без сумнення можна сцвярджаць, што такія сустрэчы маюць неацэннае значэнне для маладога пакалення, для захавання памяці.
Фота Васіля Зянько






