мобильная версия
Прамень

Сувязь – са сваімі абанентамі

Нумар - №67-69 (9171-9173)    Рубрыка - Сувязі

04.10.2010

Да 65-годдзя Вялікай Перамогі Белтэлекам  парадаваў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і іх блізкіх. Ветэранам прадастаўляецца магчымасць бясплатных тэлефонных размоў унутры краіны і за яе межамі.

Акцыя пачнецца 7 мая ў 00.00 і працягнецца да  24 гадзін 11 мая. Бясплатныя тэлефонныя размовы ўнутры рэспублікі будуць прадастаўлены аўтаматычным спосабам або з дапамогай тэлефаніста з дамашніх  тэлефонаў, абанентамі якіх з'яўляюцца ўдзельнікі вайны.

Але не толькі ў святочныя дні сувязісты раёна ўшчыльную працуюць над тым, каб забяспечыць сваіх абанентаў якаснай і надзейнай сувяззю са сваімі блізкімі, сябрамі і калегамі. Перад сувязістамі пастаўлена маштабная задача - да канца бягучага года ліквідаваць чаргу на ўстаноўку тэлефона. Па апошніх даных, сярод тых, хто жадае падключыць тэлефон, - 799 жадаючых, у тым ліку 70 чалавек - у райцэнтры. Не ўсюды станцыі маюць дастатковую ёмістасць, каб задаволіць гэтыя патрэбы. Для выканання акрэсленай задачы будуць выкарыстоўвацца не толькі традыцыйныя, але і нетрадыцыйныя (бесправадныя) тэхналогіі. І ў гэтым - канцэптуальна новы падыход да вырашэння пытанняў тэлефаніі. Начальнік раённага вузла электрасувязі Міхаіл Касабуцкі заўважае, што ў цэлым размова ідзе пра стварэнне сеткі новага пакалення, што, адпаведна, пацягне за сабою не толькі змены ў рабоце сувязістаў, а і своеасаблівы пераварот у свядомасці карыстальнікаў. Сучаснаму карыстальніку, абаненту нельга не быць граматным, культурным.

З бесправаднымі тэхналогіямі сувязісты раёна працуюць ужо другі год. Вядзецца будаўніцтва і новых электронных станцый. З 2004 года пачалася замена каардынатных станцый на лічбавыя. На сённяшні дзень з 33-х дзеючых станцый засталося толькі 8 каардынатных. У  рабоце чатыры аб'екты -  станцыі ў Залужжы (384 нумары), Горках (224), Новай Вёсцы (304), а таксама ў горадзе (240), якая павінна ахапіць шматпавярховыя дамы-новабудоўлі і прыватны сектар усходняй часткі Стоўбцаў. Плануецца, што даныя  станцыі ў гэтым годзе будуць здадзены ў эксплуатацыю. Ужо закуплена для іх  абсталяванне, вырашаецца пытанне з забеспячэннем іх валаконнааптычнай лініяй сувязі.

Кожны год у раёне будуюцца новыя пляцоўкі сеткі перадачы даных, што дае магчымасць жыхарам раёна  і нават самых аддаленых сельскіх населеных пунктаў  атрымліваць сучасныя паслугі інтэрнэта, падключаць IPTV-тэлебачанне і інш. На сённяшні дзень імі ўжо карыстаецца каля 1900 абанентаў, і запатрабаванасць у іх вельмі высокая, асабліва ў райцэнтры. На жаль, ёсць затрымкі з-за недахопу патрэбнага абсталявання. У другім паўгоддзі Белтэлекам  абяцае вырашыць гэта пытанне. Самыя вялікія пляцоўкі сеткі перадачы дадзеных дзейнічаюць у Новым Свержані, Наваколасаве, Дзераўной, Заямным. Нядаўна такая пляцоўка з'явілася ў Шашках.

Спецыяліст па маркетынгу раённага вузла электрычнай сувязі Святлана Памазкова дадала, што сувязісты могуць парадаваць тым, што з 1 мая пачала дзейнічаць так званая камфортная вясна з byfly.  Трэнд нумар 1 уключае ў сябе новую групу тарыфных планаў з улікам па трафіку "Камфорт": ужо добра вядомы "Камфорт Лайт" і навічкі - "Камфорт Стандарт" (2,5 Гб за 37 тысяч рублёў) і "Камфорт Экспрэс" (6 Гб за 50 тысяч рублёў). Трэнд нумар 2 "клапоціцца" пра зніжэнне кошту 1 Мб перавышэння на 28-60 працэнтаў у залежнасці ад аб'ёму трафіка перавышэння. Трэнд нумар 3 адкрывае даступнасць лінейкі безлімітных тарыфных планаў "Дамасед" для юрыдычных асоб.

 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ