мобильная версия
Прамень

Вайна – не абстрактнае паняцце…

Нумар - №67-69 (9171-9173)    Рубрыка - Памяць

04.10.2010

Фотография 1

Германія, 1945 год. Леанід Дзікола піша пісьмо бацькам.

Вайна -  не абстрактнае паняцце. Яе летапіс складваецца з лёсу кожнага канкрэтнага чалавека. І не дзіўна, што сёння так многа пішуць і гавораць аб Вялікай Айчыннай вайне, асабліва напярэдадні юбілейных дат. Цяжка знайсці беларускую сям'ю, якую б не кранула ваеннае ліхалецце. І колькі яшчэ не сказана, колькі герояў не адкрыта, колькі імён салдат застаюцца невядомымі. У гісторыі вайны яшчэ знаходзяцца белыя старонкі. І як важна, што многія людзі стараюцца запоўніць гэтыя старонкі ўспамінамі, фактамі аб той страшнай вайне. Гэтай мэце служыць і новы праект "Праменя" -  "Памяць сэрца". Працуючы над падрыхтоўкай першага матэрыяла  пад гэтай рубрыкай, прыйшлося пераканацца, што ў жыцці кожнага чалавека гэта памяць прымушае сэрца перажываць, помніць, берагчы, перадаць новым пакаленням факты вайны.

У нашай рубрыцы мы прадаставім магчымасць кожнаму з жыхароў раёна расказаць пра вайну ў сваім асабістым перажыванні. Сказаць аб тых людзях, якія пайшлі і, магчыма, аб іх ніколі нідзе не гаварылі, узнавіць імёны салдатаў вайны.

Сваім інтэрв'юіруемым я задала адно пытанне: "Якая памяць аб вайне захоўваецца ў вашай сям'і?"

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Місько:

-              Маё пакаленне выхоўвалася на гераізме воінаў вайны. Абавязковым атрыбутам майго дзяцінства былі ваенныя фільмы. Яны пакінулі настолькі моцнае ўражанне, што сфарміравалі мае адносіны да Радзімы, да паняцця патрыятызму ў здаровым успрыняцці глыбокага сэнсу гэтага слова. Што датычыць маіх асабістых перажыванняў, то ў мяне таксама захоўваецца памяць сэрца. Мае бацькі Трафім Мікітавіч, вечная яму памяць, і Антаніна Аляксандраўна - дзеці вайны. Аб гэтым страшным часе я ведаю з іх расказаў пра галоднае, небяспечнае дзяцінства на акупіраванай ворагам тэрыторыі, калі жыццё іх магло абарвацца ў любую мінуту. Што датычыць сямейнай ваеннай гісторыі, то я рад, што магу сёння расказаць пра чалавека, які ў маёй памяці пакінуў яркае ўражанне. Гэта муж сястры маёй маці Фаіны Аляксандраўны франтавік Камёнка Мікалай Аляксандравіч. Ён вярнуўся з вайны калекам, без нагі. Выкладаў у Залужскай школе працоўнае навучанне. Быў слаўным майстрам па дрэву на ўсю ваколіцу. Нас, падлеткаў, вельмі ўражвала, што ён хадзіў на пратэзе, які мацаваўся на скураным рамяні на плячы. Мы вельмі любілі яго за гаварлівасць, дабрыню, за мірны яго настрой, любілі яго слухаць, так як і любілі  яго ўрокі працы ў школьнай майстэрні, бо ў яго былі залатыя рукі. Настаўніка і ветэрана няма сёння ў жывых, але ён жывы ў маёй памяці. І сённяшнія ўспаміны, прызнаюся, мяне вельмі расхвалявалі. З пашанай  да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны віншую ўсіх жыхароў раёна з 65-годдзем Вялікай Перамогі з сардэчнымі пажаданнямі міру, дабра, сонечных дзён, здароўя і дабрабыту.

Начальнік раённага аддзялення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь Андрэй Махнач:

-              Як і большасць людзей майго ўзросту, я выхоўваўся на ідэалогіі савецкай дзяржавы, асновай якой было выхаванне маладога пакалення на прыкладах гераізму бацькоў і дзядоў у час Вялікай Айчыннай вайны. Калі гаварыць аб маіх асабістых перажываннях, то вайна пакінула ў нашай сям'і не адзін свой след. Мой дзед па лініі маці Рыгор Якімавіч Пілецкі ў час нямецкай акупацыі працаваў на важных аб'ектах забеспячэння жыццядзейнасці горада Мінска. За ўдзел у падполлі трапіў у канцлагер, быў вывезены ў Францыю.  Маёй маме ў гэты час было 11 гадоў. Яна расказвала, што ўяўляў сабою акупіраваны Мінск. Сям'я жыла на акраіне горада, да якой была пастаянная ўвага акупацыйных улад, таму што побач - поле, лес з партызанамі. Былі пастаянныя аблавы. Побач - агароджанні з калючым дротам. У Мінску стаялі нацыянальныя гарнізоны венграў, якія ваявалі на баку немцаў. З імі баяліся ўступіць у канфлікт нават самі немцы. Другі мой дзед па лініі бацькі Аляксандр Іванавіч  Махнач з Уздзеншчыны пайшоў ваяваць з першых дзён вайны. Ён ваяваў у ваеннай контрразведцы "Смерш". Абодва  вярнуліся жывымі: адзін - з нямецкага лагера, другі - з фронту. У пасляваенны час яны працавалі на аб'ектах народнагаспадарчага комплексу.

Рэдактар газеты "Прамень" Нэлі Астрэйка:

- Рыхтуючыся даць свае ўспаміны ў газету, мне прыйшлося дастаць сямейны архіў і яшчэ раз яго перагледзець. Я настолькі расхвалявалася, да слёз, і гэта сапраўды - памяць сэрца. Мой бацька, Леанід Іванавіч Дзікола (на здымку), 1924 года нараджэння, у пачатку 1943 года быў прызваны на фронт з Вішняўца. Прайшоў вайну да канца і яшчэ год пасля яе служыў у Германіі. Быў намеснікам камандзіра ўзвода 1956-га знішчальнага супрацьтанкавага палка. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За вызваленне Варшавы", "За ўзяцце Берліна", "За перамогу над Германіяй". Пасля вайны жыў і працаваў у Вішняўцы, потым - у Стоўбцах. Па статыстычных даных, у Беларусі кожны трэці малады чалавек 1924 года нараджэння загінуў. Калі мы прасілі расказаць аб вайне, тата пачынаў плакаць. Ён рана пайшоў з жыцця, у 54 гады. Я была тады студэнткай першага курса ўніверсітэта. Захоўваецца ў нашай сям'і і такая памяць аб вайне. Маёй маме Валянціне Сямёнаўне, калі пачалася вайна, было 16 гадоў. Вялікая сям'я з пяццю дзецьмі жыла ў вёсцы Градкі нашага раёна. Моладзь гналі на Нямеччыну. У адну з начэй Градкі акружылі немцы, але маёй маме і яе брату ўдалося ўцячы. Калі яны беглі, немцы па іх стралялі. Паліто мамы расшпілілася, і ў крысо яго трапілі каля 10 куль. Гэта паліто потым доўга захоўвалася ў нас дома. Цяпер я разумею, чаму тата заўсёды плакаў, калі мы прасілі яго расказаць пра вайну... Мама таксама рана пайшла з жыцця - у 62 гады. З яе расказаў мы ведаем, што іх сям'я дапамагала партызанам - адзеннем, ежай, выконвалі просьбы-даручэнні. Заўсёды 9 Мая, у Дзень Перамогі, мы сям'ёй едзем на могілкі, каб пакланіцца бацькам. Я буду рабіць усё для таго, каб гэта памяць сэрца жыла і ў сям'і нашага сына.

Аўтар гэтага матэрыяла таксама мае абавязак сэрца расказаць пра памяць аб вайне. Яна жыве многія гады  і доўга чакала свайго часу быць адкрытай. Маё дзяцінства прайшло разам з бабуляй і дзядулем, якія жылі з сям'ёй малодшага сына. Мая бабуля Ганна Максімаўна Шчэцька не адзін раз са слязамі расказвала пра свой боль. У яе было чатыры сыны. Старэйшы, Аляксандр, 1918 года нараджэння, быў прызваны ў армію ў пачатку лета 1941 года. Прызыўнікі, маладыя хлопцы, сталі кучкавацца перад адходам у ваенкамат. Якраз прыйшла карова з поля. Бабуля пабегла падаіць, каб напаіць сына сырадоем. Калі яна вярнулася з даёнкай, Сашу ўжо не застала - прызыўнікі паехалі ў ваенкамат. Хто ж з іх думаў, што некаторыя  дамоў ніколі ўжо не вернуцца. Можа, так бесклапотна яны не пакідалі б родны дом. Праз два тыдні пачалася вайна. Саша паспеў прыслаць адно пісьмо, яно захоўваецца ў нашай сям'і. Пісьмо яшчэ мірнага часу, дзе ён падрабязна распытвае пра дамашнія справы. Потым у сям'ю прыйшла пахаванка. Доўгі час лічылася, што Аляксандр прапаў без вестак. Усё сваё жыццё бабуля не знаходзіла спакою, успамінала пра той сырадой, дакарала  сябе, што не развіталася з сынам, не благаславіла ў апошні момант на дарогу. З гэтым болем яна адышла ў вечнасць. Мой дзядзька  звярнуўся ў ваенны архіў. Нам прыйшоў адказ, што Шчэцька Аляксандр Іванавіч пахаваны ў Калінінградзе. Яго імя ў нашай сям'і носіць мой брат. Ніякіх звестак пра  салдата  вайны няма ні ў райваенкамаце, дзе захоўваюцца дакументы аб прызыўніках толькі пачынаючы з 1922 года нараджэння, ні ў Заямнаўскім сельскім Савеце. Адпаведна, іх няма і ў кнізе "Памяць". І гэта не адзінкавы выпадак, калі аб салдатах вайны не захавалася ніякіх афіцыйных дакументаў. Таму такая  важная  наша памяць сэрца. Гэта наш абавязак адкрыць іх імёны, запоўніць белыя старонкі ваеннай гісторыі.

Мы працягваем у нашай газеце эстафету памяці сэрца. Пішыце, званіце, паведамляйце нам аб ваенных гісторыях, якія захоўваюцца ў вашай сям'і. Гэта нітачка памяці не павінна быць перарваная.

 

Святлана Жыбуль