Ветэран друку
Нумар - №67-69 (9171-9173) Рубрыка - Сувязі
04.10.2010
Прыгадваючы тых, хто шчыраваў над выпускам нашай раённай газеты, трэба назваць Галіну Іванаўну Яроменка. Жанчыну з няпростым лёсам, юнацтва якой апаліла полымя вайны.
Аблава гітлераўцаў не мінула і яе вёсачку ў Карэліцкім раёне. "Арбэйт, арбэйт", - лапатаў немец, заганяючы з аўтаматам людзей, пераважна маладых, у кузаў аўтамашыны. Потым трывожная дарога ў вагоне-цяплушцы і лагер зняволеных...
Цяжка пра гэта ўсё ўспамінаць, у вачах жанчыны слёзы. Затое яснее позірк, калі яна прыгадвае час працы ў друкарні. Пасля вайны закончыла вучылішча ў Баранавічах і атрымала накіраванне ў Стоўбцы, дзе трэба было выпускаць газету палітаддзела машынна-трактарнай станцыі. Рэдагаваў гэта выданне Казімір Туміловіч. Пазней з ім Галіна Іванаўна працавала і над выпускам раённага "Голаса селяніна".
А рэдактарам раёнкі, якая ў маі 1950 года падпісала загад аб залічэнні Галіны Яроменка ў штат мясцовай друкарні, была Праскоўя Масленікава.
"І патрабавальныя, і чалавечныя былі рэдактары - і той жа Казімір Туміловіч, і Андрэй Траяновіч, і Антон Шабан, і Часлаў Петрашкевіч", - ацэньвае Галіна Іванаўна. З цеплынёй яна гаворыць аб паплечніках па друкарскаму цэху - Марыі Панамаровай, Маіне Мілістфер, Нэлі Свістун, Ганне Шадура, Марыі Гапеевай, Марыі Валадзько, Мікалаю Шынгелю. Майстрам на ўсе рукі быў дырэктар друкарні Пётр Алешка.
І адказная, і клопатная была праца друкароў. У тыя далёкія ўжо гады тэкст набіралі ўручную. Трэба было кожную літарку з металічнага сплаву адпаведнага шрыфту адшукаць у касе і дакласці яе да радка. Потым формы набору - будучыя старонкі газеты змацоўвалі і так падавалі на друкарскія машыны. Марудная, вельмі карпатлівая праца. Нярэдка друкаваць даводзілася ўсю ноч, бо з ранічкі газету абавязкова неабходна было даставіць на пошту.
Калі газета не трапіць у пазначаны дзень выпуску да чытача - надзвычайнае здарэнне. І самае страшнае - дапусціць памылку, асабліва ў тэксце, дзе гаварылася пра ўсемагутных правадыроў...
З часам рэдакцыя і друкарня былі пераведзены ў больш прасторныя памяшканні. З'явіліся лінатыпы для набору тэксту, больш зручнымі і прадукцыйнымі сталі друкарскія станкі. Але ўрэшце рэшт усё вырашала старанная, самаадданая праца людзей.
Сёння ўмовы не тыя, на службе ў аператараў камп'ютары, аддрукоўваюць нумар газеты на сучасным абсталяванні ў Баранавіцкай друкарні літаральна за некалькі гадзін.
І ўсё ж у нашай мясцовай друкарні ўмела шчыруе ўмелае, творчае пакаленне паліграфістаў. Ім таксама трэба падтрымліваць традыцыі ветэранаў, сярод якіх і Галіна Іванаўна Яроменка. Добрая, шчырая, спагадлівая жанчына.






