З навінамі да людзей
Нумар - №67-69 (9171-9173) Рубрыка - Сувязі
04.10.2010

Амаль штодзень спяшаецца да людзей Ірына Ланкавіч. Так 32 гады! Столькі часу шчыруе яна паштальёнам у Налібацкім аддзяленні сувязі. Гэта аддзяленне, бадай, самае далёкае ад райцэнтра на Стаўбцоўшчыне, а вопытная Ірына Іосіфаўна, акрамя таго, абслугоўвае яшчэ і самую аддаленую вёску - Церабейнае. Дабіраецца да яе жыхароў за 6 кіламетраў. Сёння яе выручае веласіпед, а быў час, калі дарогі не было, на гэтым месцы стаяў лес. Пашанцуе, калі ўдасца пад'ехаць на кані з леснікамі, а то часцей за ўсё пехатою трэба было "працярэбліваць" няблізкі шлях, каб своечасова даставіць газету, пісьмо...
У апошні час роля паштальёна ў глыбінцы яшчэ больш умацавалася. Яго чакаюць не толькі з перыёдыкай, але і з заказамі тавараў паўсядзённага попыту - прадуктамі харчавання, насеннем, прамысловымі таварамі, патрэбнымі людзям, асабліва састарэлым, у гаспадарцы.
Акрамя Церабейнага на абслугоўванні Ірыны Іосіфаўны жыхары вёскі Каменка і часткова - Налібакаў. З году ў год, з дня ў дзень, нягледзячы на надвор'е, ідзе яна да людзей з добрымі навінамі. І - з дапамогай.
- Паштальён - гэта сувязное звяно паміж сельскім Саветам і пенсіянерамі, - дадае старшыня Налібацкага сельскага Савета Уладзімір Лойка. - Ірына Іосіфаўна з'яўляецца і дэпутатам нашага сельскага Савета. Ведае праблемы людзей з першых вуснаў, імкнецца данесці іх да сельвыканкама. Для нас гэта проста незаменны чалавек.
У Церабейным няма фельчарска-акушэрскага пункта, таму Ірына Іосіфаўна - як доктар, які палечыць пажылых людзей каштоўнай парадай, сваёй уважлівасцю і добразычлівасцю.
Несумненна, гэта аўтарытэтны сярод вяскоўцаў чалавек. Разам з мужам яны вырасцілі траіх дзяцей. Усе яны дарослыя, атрымалі вышэйшую адукацыю. Сын заканчвае магістратуру пасля аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Магістратуру закончыла і дачка, выпускніца тэхнічнага ўніверсітэта. Яны ў Мінску, а яшчэ адна дачка, Юлія Гарохавік, працуе ў Стоўбцах, у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Увішная, з роварам у руках і ўсмешкай на твары, Ірына Іосіфаўна не мінае амаль ніводнай хаты. У яе паштальёнскай сумцы звыш 250 экземпляраў газет і каля 60 экзэмпляраў часопісаў - выданні, якіх чакаюць падпісчыкі. Сярод іх і наша раённая газета "Прамень". "Адна з любімых вясковымі чытачамі", - зазначае паштальён. У аднаго з даўніх "праменеўскіх" сяброў, жыхара Налібакаў Іосіфа Жаўнерчыка, да якога зайшлі па зусім іншых справах, давялося ўбачыць цікавае і сімвалічнае суседства: на століку ў зале - свежы нумар "Праменя", а на ім - малітоўнік "Ойча наш". І тое, і другое - штодзённы духоўны хлеб руплівага пушчанца.
Неўзабаве пачнецца падпіска на газеты і часопісы на другое паўгоддзе. Ірына Ланкавіч з Налібакаў, як і іншыя яе калегі, запрашае выпісаць выданні, якія палюбіліся. Зрабіць гэта можна непасрэдна ў паштальёна, а таксама ў аддзяленнях паштовай сувязі.
Фота Васіля ЗЯНЬКО.






