мобильная версия
Прамень

Жывая справа

Нумар - №67-69 (9171-9173)    Рубрыка - Памяць

04.10.2010

Аддзел абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі выступіў з ініцыятывай правесці юбілейную акцыю дабрыні і спагады "Жыве сярод нас ветэран". Сутнасць яе заключаецца ў тым, што работнікі бібліятэкі ў раённым савеце ветэранаў вайны і працы ўзялі адрасы стаўбчан ветэранаў Вялікай Аайчыннай вайны і адправіліся да іх у госці.

-            З сабой мы ўзялі кнігі, кветкі, салодкія пачастункі, - расказвае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармавання Алена Насечанка. - Мы ставім перад сабою мэту не толькі павіншаваць ветэранаў, сагрэць іх цяплом сваіх сэрцаў, удзяліць ім час, выслухаць, але і запісаць іх жывы голас для гісторыі. Сустрэчы гэтыя вельмі кранальныя. Ветэраны з вялікай радасцю нас прымаюць, іх успаміны вельмі каштоўныя. Сабраны матэрыял будзе апрацаваны, змешчаны на дысках. У гады вайны Стаўбцоўшчына страціла каля 4,9 тысячы жыхароў, амаль тысяча чалавек загінулі на франтах. Было спалена 28 вёсак і хутароў, 15 з іх не адрадзіліся. Сёння на Стаўбцоўшчыне засталіся толькі 132 інваліды і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Ці трэба гаварыць, як важна сустрэцца з імі, запісаць іх успаміны. Гэтай мэце і служыць аб'яўленая нашай бібліятэкай акцыя дабрыні і спагады.

Работнікі бібліятэкі запісалі адрасы тых ветэранаў, якія пажадалі, каб кнігі з абанемента бібліятэкі ім прыносілі дамоў. Кульмінацыяй гэтай акцыі стане сустрэча з ветэранамі ў чытальнай зале бібліятэкі.

Да юбілейнай даты ў бібліятэцы аформлены кніжная выстава "Гэты дзень у 45-м годзе", выстава-ўспамін "Перамога адна на ўсіх", тэматычны прагляд літаратуры "Балючая праўда вайны".

 

Лана Святліцкая