мобильная версия
Прамень

Служба "Адно акно" – у дзеянні

Нумар - №82-85 (9186-9189)    Рубрыка - Пастановы, дэкрэты, дырэктывы

04.06.2010

Вось ужо чацвёрты год работа з грамадзянамі вядзецца ў нашай краіне ў святле патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 г. № 2 "Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату".

Дырэктыва накіравана на далейшую аптымізацыю дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый. У пункце 1.2. Дырэктывы запісана: "Дзяржаўным органам пры прыняцці рашэнняў, якія закранаюць правы і законныя інтарэсы грамадзян, патрэбна строга выконваць патрабаванні заканадаўства, не дапускаць іх самавольнага тлумачэння і "отсебятины" пры прымяненні. У выпадку  незразумеласці  ці недакладнасці прадпісанняў прававога акта рашэнні павінны прымацца зыходзячы з максімальнага ўліку інтарэсаў грамадзян". У гэтым годзе ў райвыканкаме створана служба "Адно акно". З гэтай нагоды мы сустрэліся з кіраўніком спраў райвыканкама Людмілай ШЫРАН.

-              Людміла Мікалаеўна, у сілу ўступіў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 200. Як гэты Указ дапаўняе Дырэктыву № 2?

-              Так, з 16 мая 2010 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта РБ ад 26 красавіка 2010 г. № 200 "Аб адміністрацыйных працэдурах, якія здзяйсняюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян". Гэтым Указам расшыраны пералік адміністрацыйных працэдур, канкрэтызаваны пералік дакументаў, якія прадастаўляюць грамадзяне, тэрміны дзеяння даведак і дакументаў. Згодна з заканадаўствам забараняецца патрабаваць ад грамадзян дакументы,  не прадугледжаныя даным пералікам, за  выключэннем пашпарта ці іншага дакумента, які пацвярджае асобу. За парушэнне гэтых патрабаванняў, а таксама парушэнні тэрмінаў выдачы даведак ці іншых дакументаў, патрабаванне платы за іх выдачу, калі гэта не прадугледжана, вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці. Калі было 2 ці больш парушэнняў, кіраўнік прыцягваецца да дысцыплінарнай адказнасці і нават можа быць вызвалены ад займаемай пасады.

-              Скажыце, калі ласка, а як выконваюцца патрабаванні Дырэктывы № 2 у Стаўбцоўскім райвыканкаме?

-              У райвыканкаме пытанні ўдасканальвання работы са зваротамі грамадзян пастаянна на кантролі. Так, райвыканкамам прыняты рашэнні, якія ўстанаўліваюць персанальную адказнасць кіраўнікоў структурных падраздзяленняў райвыканкама, сельвыканкамаў за парушэнні ў рабоце са зваротамі грамадзян. Ход выканання патрабаванняў Дырэктывы № 2 пастаянна заслухоўваецца на пасяджэннях райвыканкама. Зацверджаны і размешчаны на інфармацыйным стэндзе райвыканкама графікі прыёму грамадзян кіраўніцтвам райвыканкама і кіраўнікамі структурных падраздзяленняў. У нас вядзецца папярэдні запіс на прыём, папярэдняе кансультаванне грамадзян, правядзенне тэлефонных прамых ліній, выязныя прыёмы грамадзян, правядзенне сустрэч з насельніцтвам па месцы жыхарства і ў працоўных калектывах, працуе гарачая лінія.

- Удакладніце, калі ласка, калі праводзіць прыём старшыня райвыканкама?

-              Старшыня райвыканкама прымае ў другую і чацвёртую сераду месяца з 08.00 да 14.00. Так патрабуе Указ Прэзідэнта ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 "Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб". Намеснікі старшыні згодна з графікам вядуць прыём з 08.00 да 14.00, па суботах  - з 08.00 да 13.00.

-              Людміла Мікалаеўна, а якая колькасць  грамадзян звяртаецца да кіраўніцтва райвыканкама?

-              З пачатку 2010 года кіраўніцтвам райвыканкама праведзены 72 асабістыя прыёмы грамадзян, на якіх прынята 52 чалавекі, у тым ліку старшынёй райвыканкама праведзена 10 прыёмаў, прынята 40 чалавек.

Кіраўніцтвам райвыканкама праводзяцца штомесячна выязныя прыёмы, кіраўнікамі структурных падраздзяленняў, раённых службаў - штоквартальна. Аб выязных прыёмах даецца інфармацыя ў раённай газеце, на інтэрнэт-сайце райвыканкама, развешваюцца аб'явы ў шматлюдных месцах у населеных пунктах сельсаветаў. У 2010 годзе праведзена 65 выязных прыёмаў грамадзян, прынята 40 чалавек.

Для аператыўнага вырашэння зваротаў грамадзян у райвыканкаме і ў радзе раённых арганізацый пастаянна працуюць гарачыя лініі. На стэндзе ў райвыканкаме размешчаны тэлефоны гэтых гарачых ліній, у райвыканкам на гарачую лінію можна патэлефанаваць па нумару 5-53-77.

-              У гэтым годзе ў райвыканкаме створана служба "Адно акно". Якія функцыі яна выконвае і які яе графік работы?

-              Служба прымае заявы грамадзян па 22 адміністрацыйных працэдурах пераліку, які зацверджаны Указам № 200. Гэта пытанні жыллёвых праваадносін, архітэктуры і будаўніцтва, прыродакарыстання, сацыяльныя і інш. Грамадзяне могуць звяртацца ў службу кожны дзень з 08.00 да 17.00 гадзін, у сераду - з 08.00 да 20.00, у суботу - з 08.00 да 13.00, перапынак на абед з 13.00 да 14.00. Кансультацыю можна атрымаць па тэлефоне службы "Адно акно" -  5-53-66. Грамадзяне павінны прадставіць у службу толькі тыя дакументы, якія ўстаноўлены Указам № 200, а ўсе астатнія, неабходныя для прыняцця адпаведнага рашэння, будуць запатрабаваны службай або іншымі органамі ці арганізацыямі. Пералік неабходных дакументаў маецца на стэндах у райвыканкаме, у службе "Адно акно".

Работа са зваротамі грамадзян па заявачнаму прынцыпу "адно акно" вядзецца таксама і структурнымі падраздзяленнямі райвыканкама: упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзеламі адукацыі, архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, эканомікі, ЗАГСа, а таксама сельскімі выканаўчымі камітэтамі.

У бліжэйшы час плануецца ўстаноўка праграмнага комплексу "Адно акно" на рабочых месцах спецыялістаў, якія вядуць работу з грамадзянамі па заявачнаму прынцыпу "адно акно", што значна спросціць даную работу.

- Дзякуй за гутарку.

Нэлі АСТРЭЙКА