мобильная версия
Прамень

Рэсурсы для металургічнага

Нумар - №91-93 (9195-9197)    Рубрыка - Пастановы, дэкрэты, дырэктывы

18.06.2010

Стаўбцоўскі цэх УП "Минсквтормет" прымае лом як ад арганізацый розных форм уласнасці, так і цесна супрацоўнічае з насельніцтвам.

Калі за ўвесь мінулы год ад насельніцтва было прынята 1100 тон лому, то ўжо за 5 месяцаў бягучага года - 1000 тон. Выгадна атрымліваецца і здатчыку, і дзяржаве, якая аб'явіла адным са сваіх прыярытэтаў эканомію і беражлівасць рэсурсаў, шырока выкарыстоўвае другасную сыравіну для развіцця прамысловасці краіны.

Стаўбцоўскі цэх, які з 1983 года займаецца нарыхтоўкай і перапрацоўкай лому, працуе стабільна, напружана, аб чым сведчаць і вынікі дзейнасці. Па словах яго кіраўніка Валерыя Шастака, з пачатку года ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам нарыхтоўка вырасла на 14-15 працэнтаў і дзесьці на 5 працэнтаў - перапрацоўка. Трэба мець на ўвазе і перадгісторыю: 2009 год быў для цэха ўвогуле паспяховым. За мінулы год арганізацыя прыбавіла значна - прыкладна на трэць. А ў цэлым за апошнюю пяцігодку, пачынаючы з 2005 года, дасягнуты значны рост - на ўзроўні 166 працэнтаў. Такім чынам, аб'ём гадавой нарыхтоўкі сягнуў з 13 тысяч тон да 22 тысяч.

Акрамя асноўнага ўчастка ў Стоўбцах ёсць яшчэ ўчастак у вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна. Усяго працуюць у арганізацыі 26 чалавек. Тэхнічны парк яе поўнасцю абнавіўся. У прыватнасці, ёсць чатыры машыны з маніпулятарамі. Пры наяўнасці вялікіх аб'ёмаў машыны выязджаюць да ломаздатчыка на месца. Пры пагрузцы вадзіцель ажыццяўляе пры неабходнасці агнявую падрэзку металічнага лому. У Стоўбцах на ўчастку наладжана яго сартаванне. Не так даўно была ўведзена новая пасада - кантралёр лому. Спецыяліст вызначае яго "перспектыву" - адгрузка на завод або агнявая рэзка на месцы. Так, з 22 тысяч тон нарыхтаванага лому на месцы перапрацавана прыкладна 45 працэнтаў. "Неабходна паглыбляць працэс перапрацоўкі на месцы," - лічыць кіраўнік.

Асноўны спажывец лому - Беларускі металургічны завод.

Для нарыхтоўкі рэсурсаў для аднаго з самых магутных і экспартаарыентаваных прадпрыемстваў краіны задзейнічаны ўсе арганізацыі і прадпрыемствы раёна, у тым ліку і прыватныя. Дапамагае ў гэтым і насельніцтва.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ