мобильная версия
Прамень

І дзяцей не гадуюць, і сродкі не вяртаюць

Нумар - №108-110 (9212-9214)    Рубрыка - Пастановы, дэкрэты, дырэктывы

16.07.2010

Па апошніх даных, працэнт вяртання сродкаў гора-бацькамі, дзеці якіх утрымліваюцца ў дзяржаўных установах, склаў па раёну толькі каля 50  працэнтаў, што значна ніжэй сярэднеабласнога ўзроўню.

Сёння  на Стаўбцоўшчыне зарэгістравана 96 абавязаных асоб, якія павінны кампенсаваць выдаткі ў адносінах да 102-х дзяцей. Усе гэтыя асобы працаўладкаваны, але разлічваюцца ў поўным аб'ёме, як падкрэслівае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Хвасько, толькі чацвёра бацькоў у адносінах да сваіх чацвярых дзяцей. Ёсць і іншыя праблемы. З 96-ці абавязаных пражываюць на тэрыторыі раёна 48. Фактычна кожны чацвёрты з абавязаных павінен разлічвацца па трох і больш выканальніцкіх лістах.

Згодна з індывідуальным планам дапамогі, на месцы вядзецца работа з сем'ямі, дзе дзеці былі адабраны. Такі план узгадняецца з сельскім Саветам, дзе пражывае сям'я, удзел у яго рэалізацыі бяруць усе зацікаўленыя службы. Штомесяц у камісіі па справах непаўналетніх разглядаецца прадастаўленая гэтымі службамі інфармацыя  аб ходзе выканання згаданага  плана, а раз у два месяцы ён разглядаецца сумесна з бацькамі. Добры эфект маюць выязныя пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, якія сёлета прайшлі ў Вішнявецкім і Мікалаеўшчынскім сельсаветах. Так, за паўгоддзе ад алкагольнай залежнасці - галоўнай прычыны разладу і асацыяльнасці ў сем'ях -  пралечаны 8 бацькоў. У трох сем'ях палепшыліся жыллёвыя ўмовы, а адной з іх была выдзелена іншая кватэра. Тром сем'ям аказана матэрыяльная дапамога. Агульны вынік -  сёлета ў свае сем'і вярнуліся 8 дзяцей.

Але прыходзіцца гаварыць і пра сумную  з'яву - пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Такога права пазбаўлены двое бацькоў у адносінах да сваіх дваіх дзяцей. Яшчэ адной маці-адзіночцы дзіця не было вернута ў сувязі з наяўнасцю ў яе захворванняў, пры якіх яна не можа выконваць бацькоўскія абавязкі.

- Турбуе нас і тое, што на ўліку знаходзяцца 188 дзяцей раёна (гэта 100 сем'яў), дзе іх знаходжанне прызнана сацыяльна небяспечным, - падкрэслівае Наталля Хвасько. - Галоўны клопат цяпер - летнія канікулы. Многія падлеткі прадастаўлены фактычна самі сабе. Не ўсе бацькі, нават у нармальных сем'ях, спаўна адчуваюць адказнасць за сваіх дзяцей. Ёсць гэтаму і ўскоснае пацвярджэнне: сёлета на тэрыторыі раёна падлеткамі ўчынена 15 злачынстваў. Летась за аналагічны перыяд - 7, што сведчыць аб росце падлеткавай злачыннасці. Вырасла і колькасць злачынстваў, учыненых у п'яным выглядзе (з 1 да 4-х).

Нагадваю, што бацькі павінны ведаць, дзе іх дзеці, папярэдзіць іх аб небяспецы самастойнага наведвання вадаёмаў і г.д. Раю максімальна заняць у гэты час падлеткаў. Напрыклад, працаўладкаваць, купіць пуцёўку ў лагер. Пры разглядзе на камісіі па справах непаўналетніх  падлеткаў, якія праштрафіліся,  мы ўлічваем асаблівасці кожнага з іх і хадайнічаем перад арганізацыямі аб іх  прыёме на работу. Трыццаць непаўналетніх з сацыяльна небяспечных сем'яў  або якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх,  накіраваны ў лагер "Абаронца Айчыны". Па рашэнні райвыканкама пуцёўкі для іх выдзелены бясплатна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ