Спёка, навальніца...
Нумар - №108-110 (9212-9214) Рубрыка - Падзеі і здарэнні
16.07.2010
13 ліпеня анамальная спёка абрушылася навальніцай з разбуральным ветрам.
Па даных раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, стыхія пакінула свае сляды найбольш у паўднёвай частцы раёна - на тэрыторыі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў "Радзіма Якуба Коласа", "Вішнявецкі" і "Вялікі Двор".
У рознай ступені пацярпелі жывёлагадоўчыя фермы, склады і іншыя сельскагаспадарчыя пабудовы, а таксама дамы вяскоўцаў. Моцны вецер назрываў з дахаў шыферу. А ў Новай Вёсцы не вытрымалі пад яго націскам і старыя таполі. Дрэвы ўпалі і перагарадзілі дарогу. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Падчас навальніцы ў многіх населеных пунктах раёна назіраліся лакальныя адключэнні электрычнасці.
Для ліквідацыі наступстваў стыхіі аператыўна працавалі аварыйныя брыгады РЭС, дарожнікі расчышчалі завалы.
Аднаўленне сарваных дахаў вытворчых памяшканняў вядзецца сіламі саміх гаспадарак. У іх створаны камісіі па надзвычайных сітуацыях, якія займаюцца ацэнкай памераў нанесеных страт.
Заўважым, што ў маштабах рэспублікі навальніца 13 ліпеня зафіксавана і як трагічны дзень. Сярод 57 пацярпелых і 341 абясточаных населеных пунктаў указваецца і чалавечая ахвяра. У Гомельскім раёне на пашы загінуў ад удару маланкі пастух 1989 года нараджэння. Акрамя таго, у Лідскім раёне пацярпеў ад дрэва, якое ўпала, вучань 4 класа. Хлопчык адпачываў у лясным масіве.
Пр.






