мобильная версия
Прамень

101 – нумар экстраннай дапамогі

Нумар - №112-114 (9216-9218)    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

23.07.2010

Фотография 1
Фотография 2

У баявым разліку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях - 12 аўтацыстэрнаў, аварыйна-выратавальны аўтамабіль і аўтамабіль хуткага рэагавання, пажарна-помпавая станцыя, рукаўны ход. Уся тэхніка аснашчана неабходным абсталяваннем для  ліквідацыі надзвычайных сітуацый і тушэння пажараў, вызвалення пацярпелых з-пад завалаў.

Хроніка здарэнняў  сабрана ў адзінай дзяжурна-дыспетчарскай службе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, больш вядомай як служба 101. Сюды з пачатку года паступіла 780 паведамленняў. Сучасная камп'ютарная сістэма з абавязковай фіксацыяй перамоваў дае магчымасць рэагаваць на іх аператыўна, дакладна.

Кругласутачная служба прымае паведамленні самага рознага характару, у тым ліку і аб аказанні медыцынскай дапамогі, дапамогі міліцыі і г.д. Напэўна, не ўсе грамадзяне ведаюць, што ў выратавальнікаў-пажарных дзейнічаюць прамыя лініі сувязі з бальніцай, райддзелам міліцыі, райгазам, аб'яднаннем камунальных службаў, электрасеткамі, нафтабазай, і што любы сігнал тут жа будзе перададзены па адрасу.

- У перспектыве, каб пазбегнуць дубліравання, плануецца перайсці на еўрапейскую практыку: для любой экстраннай сітуацыі ўвесці набор адзінага нумара - 112, - расказвае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый ІЛЮШЫН. -  Але не толькі аператыўнасць, зладжанасць супрацоўнікаў райаддзела ставіць заслону надзвычайным здарэнням. Галоўнае, чаму мы найбольш удзяляем увагу, -  іх прафілактыка.

З надзвычайных здарэнняў, якія мелі месца  ў раёне сёлета, можна назваць веснавую паводку,  ды сітуацыі з пропускам талых водаў  у горадзе, водаў  пасля навальнічных дажджоў (каналізацыйна-помпавая станцыя камунгаса не справілася, прыйшлося адкачваць ваду, каб не затапіла некаторыя дамы). А ўся астатняя статыстыка прадстаўлена пажарамі, вогненнымі стыхіямі. У гэтым годзе іх ужо зафіксавана 39. Назіраецца змяншэнне колькасці пажараў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам амаль на 20  працэнтаў, але ў нас па-ранейшаму ёсць людзі, якія загінулі,  два чалавекі -  у вёсках Лубень і Дзярэчынцы (летась было 7). Як правіла, гібель звязана са схільнасцю саміх ахвяр да ўжывання спіртных напіткаў. Вядзецца падлік і прамым стратам ад пажараў. Яны дасягнулі 278 мільёнаў рублёў.

- Валерый Валянцінавіч, якія навінкі ў прафілактычнай рабоце ўкараняюцца райаддзелам?

- Традыцыйна двойчы на год мы працягваем падворны абход домаўладанняў. У нядобранадзейныя сем'і, якія ў нас на асаблівым уліку, заглядваем разам з іншымі зацікаўленымі службамі практычна кожны месяц. Устанавілі ў гэтым годзе за кошт сродкаў абласнога бюджэту 578 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у дамы адзінокапражываючых і адзінокіх састарэлых, шматдзетных сем'яў.

А не так даўно мы пачалі аб'ядноўваць у сетку апавяшчальнікі, ўстаноўленыя ў  дамах суседзяў. Калі, скажам, той, хто злоўжывае спіртным,  засне з цыгарэтай, то трывожны сігнал прагучыць не толькі ў яго доме, а і ў суседзяў. Яны маюць нармальную рэакцыю, бо спіртнога не ўжываюць, і патэлефануюць па нумару  101.  У гэтых людзей мы знайшлі разуменне і падтрымку. І так, на маю думку, рэальна папярэдзіць бяду. Падобнай сеткай апавяшчальнікаў аб'яднаны на тэрыторыі раёна першыя 10 дамоў у вёсках Дзераўная, Любкаўшчына і Шашкі, а таксама ў пасёлку Нёман.

У мэтах прафілактыкі запрашаем людзей на сельскія сходы. Новая форма работы - комплексныя прафілактычныя акцыі на тэрыторыі сельсаветаў сумесна з раённым аддзелам унутраных спраў і іншымі службамі. Яны прайшлі ў Мікалаеўшчынскім, Заямнаўскім, Шашкоўскім сельсаветах. Наведалі шмат дамоў вяскоўцаў. Асаблівая ўвага ўдзялялася адзінокім і адзінокапражываючым састарэлым, сем'ям, дзе ёсць праблемы, дзеці былі адабраны згодна з Дэкрэтам № 18.

-  Напачатку года вашы спецыялісты правялі абучаючыя семінары на тэму пажарнай бяспекі ў жылым сектары з работнікамі сацыяльнай сферы, "хуткай" дапамогі. Яны найбольш кантактуюць з пажылымі людзьмі і могуць данесці да іх гэту жыццёва  важную інфармацыю. Хто наступны?

- Будзем імкнуцца, каб была аддача і ад аглядавых камісій, якія ёсць пры сельвыканкамах. Пасля нядаўніх выбараў у мясцовыя Саветы склад іх змяніўся, таму неабходна весці з імі вучобу. У гэтай сувязі хачу адзначыць, што неўзабаве пашырацца паўнамоцтвы ў начальнікаў нашых чатырох аварыйна-выратавальных пастоў, якія дзейнічаюць у раёне, а таксама ў начальніка часці ў Стоўбцах. Іх статус будзе прыроўнены да статуса дзяржаўнага інспектара па пажарнаму нагляду. Гэта дасць ім магчымасць праводзіць прафілактычную работу ў жылым сектары ў поўным аб'ёме згодна з заканадаўствам. Для бяспекі людзей, зберажэння іх маёмасці мы маем магчымасць аказваць платныя паслугі. Пералік іх вялікі. Сярод іх такія запатрабаваныя, як праверка вентканалаў, вогнеахоўная апрацоўка страпільнай часткі даху, адкачка вады і г.д.

Настойліва ўкараняем практыку правядзення ў гаспадарках, на прадпрыемствах рэгулярнага штомесячнага Дня пажарнай бяспекі. Хвалюе нас пытанне арганізацыі кругласутачных груп дзяцей у дзіцячых садках, школах. Здаецца, гэта можа быць актуальна ў выхадныя дні, у вячэрні час. Вось і цяпер жніво, і бацькі працуюць ад цямна да цямна, а на каго пакідаюць сваіх малалетніх дзяцей?..

- Пажарная тэхніка, як і сельскагаспадарчая, цяпер таксама ў полі. Уборка і для службы 101 пара гарачая?

- Зразумела, гэта так. З нашага боку прадугледжана шмат мерапрыемстваў на перыяд уборачнай кампаніі. Асобна распрацавана праграма абароны камбайнаў. Сюды адносіцца суправаджэнне і дзяжурства пажарнай тэхнікі ў полі на дагаворнай аснове, штодзённы кантроль за работай КЗС і г.д. Каб выканаць гэту аб'ёмную стратэгічную задачу, дзеянні павінны быць дынамічнымі, мабільнымі. А следам за жнівом наступае новы адказны этап - падрыхтоўка школ да новага навучальнага года.

- Як вядома, вашы супрацоўнікі таксама пастаянна вучацца, удасканальваюць свае навыкі і фізічную форму, каб быць гатовымі выканаць любую пастаўленую задачу.

- Сёлета 12 выратавальнікаў-пажарных павысілі сваю кваліфікацыю ў Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі (п. Светлы гай Барысаўскага раёна) і 36 - на базе Вучэбнага цэнтра ў Заслаўі. Накіраванне на навучанне праходзіць планава, згодна з графікам. Акрамя павышэння свайго прафесійнага ўзроўню, нашы супрацоўнікі атрымліваюць сумежныя спецыяльнасці: стропальшчыка, вадзіцеля кранаў, адказнага за работу кранаў, вальшчыка лесу, - а таксама  навыкі працы на бензарэзах, бензапілах і інш. На базе райаддзела па надзвычайных сітуацыях плануем адкрыць у трэцім квартале няштатную групу выратавання на водах, якая ў перспектыве перарасце ў вадалазную службу. Будзем праводзіць абучэнне вадалазаў.  Мінімальнае абсталяванне для аснашчэння службы, у тым ліку маторная лодка, ужо набыты.

Нормай сталі штомесячныя зборы асабовага саставу з прыняццем залікаў па фізічнай і аварыйна-выратавальнай падрыхтоўцы. Ну, і штодзённа ў нас развіваюцца практычна ўсе актыўныя віды спорту - ад футбола да падняцця штангі. Добра выступаем на турзлётах, спартакіядах, уваходзім у склад зборнай каманды Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях па міні-футболу, трохбор'і выратавальнікаў, пад'ёму ў высотныя будынкі, лыжных гонках  і, немалаважна, паказваем прыклад нашым юным памочнікам - членам клубаў юных выратавальнікаў-пажарных. Яны працуюць на базе гарадской часці, у Доме творчасці дзяцей і моладзі і, безумоўна, у кожнай школе.     Член клуба, вучань Старасвержанскай школы Міхаіл Буката,  выступаў на спаборніцтвах па аварыйна-выратавальных відах спорту ў камандзе разам з нашымі супрацоўнікамі. У гэтым годзе плануем правесці спаборніцтвы па выратавальнаму спорту сярод школ раёна.

- Нягледзячы на маладзёжны патэнцыял калектыву, кажуць, што сіла яго - усё-такі ветэраны, пераемнасць пакаленняў і лепшых традыцый.

- Згодзен з вамі. У пярэдадзень свята хачу падзякаваць за службу нашым ветэранам. Гэта  Павел Хамко, Генадзь  Конюх,  Валянцін  Марыніч, Уладзімір Стромскі, Святаслаў Сергіевіч, Аляксандр Бычко, Уладзімір Янушэвіч,  Станіслаў Ганісеўскі, Уладзімір  Шылак, Аляксандр Лапко, Аляксандр Навіцкі. Усе пакаленні выратавальнікаў-пажарных неслі і нясуць службу, патрэбную людзям і дзяржаве.

НА ЗДЫМКАХ: будні службы 101.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ