мобильная версия
Прамень

Каля вады–без бяды

Нумар - №112-114 (9216-9218)    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

23.07.2010

Лік тых, хто праводзіць час на вадаёмах раёна, ідзе на тысячы чалавек.

Анамальная спёка ў 35 градусаў і вышэй, якая пакуль не збіраецца адступаць, зрабіла  наш горад падобным на курортны.

Пляжы на рацэ Нёман і гарадскім возеры з раніцы да позняга вечара стракацяць зонцікамі і купальнікамі, а правільнасць дарогі да вадаёмаў укажа няспынны паток аўтамабіляў ды вялікая стаянка транспартных сродкаў побач з вадаёмамі. І на стаўбцоўскіх вуліцах назіраецца раней нязвычны пейзаж - гэта пешаходы з ручнікамі ў руках. Яны таксама рухаюцца  ў  напрамку вадаёма. Здаецца, упершыню ўсе нашы вуліцы сталі ў гэтыя дні адзінай дарогай - да вады... Магчымасць акунуцца - выратаванне ад невыноснай спёкі.

Але гэта магчымасць тоіць у сабе і шмат непрадказальнага, небяспечнага, калі не ведаць ці не выконваць элементарных правілаў  бяспекі. Не рэкамендуецца ўваходзіць у ваду, будучы разгарачаным. Нельга адплываць далёка ад берага, заплываць за папераджальныя знакі. Купацца можна ў спецыяльна адведзеных і абсталяваных для гэтага месцах. Уваходзіць у ваду трэба  асцярожна, павольна, калі вада дойдзе да пояса, спыніцца і хутка акунуцца. Лепш не плаваць у адзіночку, асабліва калі не ўпэўнены ва ўласных сілах. Нельга падаваць ілжывых сігналаў бедства.

Аналіз няшчасных выпадкаў сведчыць, што большасць тых, хто загінуў  на вадзе,  знаходзілася ў стане моцнага алкагольнага ап'янення.

Калі вы бываеце ў такое гарачае надвор'е ў лесе, не разводзьце кастры! Касцёр можна раскласці ў спецыяльна адведзеных для гэтах месцах, паблізу яго павінна быць вада, а таксама галіны для збівання полымя на ўсялякі выпадак. Пры выяўленні ў лесе агню, калі ён невялікі, пастарайцеся патушыць яго. Самы распаўсюджаны спосаб для гэтага -  названы вышэй, з дапамогай зялёных галін. Агонь трэба збіваць на кромцы пажару. Эфектыўна закідванне ачага грунтам. Калі сітуацыя з агнём не падуладная вам, без прамаруджвання тэлефануйце па нумару 101.

У гарачыя дні асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць свайму адзенню і абутку. Адзенне павінна быць лёгкім, пажадана з баваўнянай або льняной тканіны, а абутак - "дыхаючым", свабодна прылягаючым да нагі. Пры высокай тэмпературы паветра нельга пакідаць дзяцей адных у аўтатранспарце. Медыкі раяць усім піць нехалодную ваду, мінеральную ваду, больш ужываць садавіны і гародніны і ні ў якім разе не прыбягаць да спіртнога, якое ў такія надзвычайныя дні здольна выклікаць цеплавы ўдар.

Сяргей СІТКЕВІЧ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.