Развіццё праз адраджэнне
Нумар - №134-136 (9238-9240) Рубрыка - З сесіі райсавета
31.08.2010
"Аб выкананні Праграмы адраджэння і развіцця сяла Стаўбцоўскага раёна на 2005-2010 гады" - разглядам такога актуальнага пытання пачалася чарговая сесія раённага Савета. Слова было дадзена першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку ўпраўлення райсельгасхарча І. І. Шацько. Дакладчык у асноўным акцэнтаваў увагу на сацыяльных аспектах выканання праграмы.
Тэарэтычна ў праграме яны акрэслены так - фарміраванне неабходных умоў жыццезабеспячэння насельніцтва, стварэнне асноў для павышэння прыцягальнасці працы на сяле і павышэнне ўзроўню жыцця вяскоўцаў.
Аналіз быў пачаты з пытанняў ажыццяўлення мерапрыемстваў па паляпшэнню становішча ветэранаў вайны і працы, грамадзян пажылога ўзросту, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Прыводзіліся лічбы, што характарызуюць дынаміку аказання адраснай сацыяльнай дапамогі, матэрыяльнай падтрымкі. Назіраецца рост працаўладкаваных на сяле. Асаблівая ўвага ўдзяляецца прафесіянальнай падрыхтоўцы беспрацоўных для прадпрыемстваў АПК.
На рэалізацыю мерапрыемстваў праграмы ў галіне аховы здароўя сельскіх жыхароў у перыяд з 2005 года па жнівень 2010 года накіравана 12 452,7 мільёна рублёў. За гэты час удалося правесці бягучы рамонт у 2 участковых бальніцах, 5 урачэбных амбулаторыях агульнай практыкі, 9 ФАПах, забяспечыць 11 устаноў аховы здароўя аграгарадкоў неабходным медыцынскім абсталяваннем. Гэта стаматалагічныя ўстаноўкі, ЭКГ-апараты, апаратура УВЧ, электракардыёграфы, лабараторнае, фізіятэрапеўтычнае і іншае абсталяванне. Сельскія лячэбныя ўстановы атрымалі новы санітарны аўтатранспарт. За кошт укаранення перадавых метадаў абследавання і лячэння ў пярвічнай медыка-санітарнай службе адзначаецца зніжэнне захворванняў сістэмы кровазвароту. Намецілася тэндэнцыя да зніжэння смяротнасці. З мэтай кадравага забеспячэння ўстаноў аховы здароўя на сяле ўрачамі агульнай практыкі і ўчастковымі ўрачамі заключаюцца дагаворы на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў у медыцынскіх ВНУ.
Захавана сетка агульнаадукацыйных школ і пазашкольных устаноў раёна на цэнтральных сельскіх сядзібах. А з вёсак, дзе школ і дзіцячых садоў няма, арганізаваны падвоз дзяцей аўтобусамі. Паляпшаецца матэрыяльная база школ, заняткі праводзяць педагогі высокай кваліфікацыі. За 5 гадоў прынята на работу ў сельскія школы 127 педагогаў. Ад СВК "Шашкі", "Рочавічы", "Каганец", АБФ "ПМК-74 - Налібакі" і іншых гаспадарак маладым спецыялістам выдзелена жыллё.
З мэтай адраджэння і развіцця на сяле традыцыйных форм самадзейнай мастацкай творчасці, забеспячэння пераемнасці пакаленняў адкрыты ўстановы культуры новага тыпу: Дом фальклору ў в. Мікалаеўшчына і Дом рамёстваў у в. Пруды. Адрамантаваны ці ўладкаваны ўстановы культуры ў створаных аграгарадках у вёсках Стары Свержань, Вішнявец, Любкаўшчына, Шашкі, Дзераўная, Рочавічы, Рубяжэвічы, Засулле, Слабада, Аталезь, Налібакі. Абсталёўваюцца ўстановы культуры ў аграгарадках Новая Вёска і Горкі, якія будуюцца. З сёлетняга года арганізавана работа аўтаклуба для абслугоўвання насельніцтва малых і аддаленых сельскіх населеных пунктаў. Атрымлівае далейшае развіццё сетка пазашкольных устаноў на сяле. Працуюць філіялы Стаўбцоўскай і Шашкоўскай школ мастацтваў у в. Заямнае і Аталезь. Старасвержанская дзіцячая музычная школа рэарганізавана ў школу мастацтваў з адкрыццём тэатральнага класа ў філіяле ў Вішняўцы.
Распрацаваны і рэалізуюцца мерапрыемствы па выкананню дзяржаўнага сацыяльнага стандарта ў сельскіх населеных пунктах, якія прадугледжваюць правядзенне спартакіяд для сельскіх жыхароў, абсталяванне спартыўных збудаванняў камплектамі інвентару. У раёне функцыянуюць фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры ў Дзераўной, Шашках, Коласаве, Любкаўшчыне.
У сельскай мясцовасці працуюць 30 аддзяленняў паштовай сувязі, якія аказваюць насельніцтву паслугі па 15 напрамках. Агульная колькасць тэлефонных апаратаў на сяле цяпер складае 10 142 нумары, за апошнія 5 гадоў устаноўлена 4 029 тэлефонных апаратаў. Да АТС, размешчаных у сельскай мясцовасці, пракладзена 85 км валаконна-аптычнага кабелю.
Для развіцця транспартнага абслугоўвання сельскай мясцовасці праведзены капітальны рамонт 13,9 км і бягучы рамонт 91,8 км мясцовых дарог. Праграмай адраджэння сяла на 2005-2010 гг. прадугледжвалася абнавіць 15 адзінак рухомага саставу аўтапарка, фактычна ж атрымана 17. Усяго на пасажырскіх перавозках задзейнічаны 28 аўтобусаў на 29 маршрутах, з якіх 3 гарадскія, 25 прыгарадных, 2 міжгароднія.
Як і прадугледжвалася праграмай, адкрыта яшчэ 5 комплексных прыёмных пунктаў, усяго іх цяпер у раёне 20. Пашыраецца пералік відаў паслуг. Так, з дапамогай міні-трактара праводзіцца ворыва прысядзібных участкаў, вядзецца газонакашэнне, вырабляюцца калодзежныя і каналізацыйныя кругі. Ажыццёўлена тэхнічнае аснашчэнне 15 КПП сучасным швейным абсталяваннем.
Даведзеныя паказчыкі па росту аб'ёму рознічнага тавараабароту ў раёне выконваюцца. Праведзена работа па абнаўленню і рэканструкцыі раду аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Гандлёвае абслугоўванне ў раёне ажыццяўляюць 138 магазінаў спажывецкай кааперацыі і 49 - індывідуальных прадпрымальнікаў. У аддаленыя, малыя вёскі выязджаюць аўталаўкі.
Як і прадугледжана праграмай, у раёне абсталявана 13 аграгарадкоў, у бягучым годзе плануецца здаць аграгарадкі "Горкі" і "Вялікі Двор-Новая Вёска". З улікам нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў выкананы работы па іх газіфікацыі, рамонту дарог, рэканструкцыі і рамонту ўстаноў адукацыі і культуры, аховы здароўя, фізкультуры і спорту, аб'ектаў бытавога і гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. У поўным аб'ёме выкананы даведзеныя заданні па рамонту і тэхнічнаму перааснашчэнню жывёлагадоўчых і іншых вытворчых аб'ектаў.
На правядзенне даных работ было выкарыстана каля 49,9 мільярда рублёў з розных крыніц фінансавання, у тым ліку на сацыяльную сферу сяла - 43,4 мільярда рублёў.
Адзначыўшы, што рэалізацыя даных мерапрыемстваў у 2005-2009 гадах дазволіла нарошчваць вытворчасць прадукцыі ў аграпрамысловым комплексе раёна, начальнік райсельгасхарча прывёў паказчыкі росту.
Усё ж менавіта ў вытворчай сферы ў сельскай гаспадарцы далёка не ўсё ідэальна. Пакуль няма гарантыі, што раён выйдзе на прагнозныя паказчыкі па многіх пазіцыях. Але ж эканоміка - аснова і сацыяльнага развіцця, павышэння дабрабыту. Патрабавальна гэта было выказана ў выступленні старшыні райвыканкама У. Т. Місько.
Дырэктар АКС В. М. Шкляр асвятліў асноўныя пытанні дзейнасці камунальнай службы на сяле. Гэта служба будзе пашыраць сваю дзейнасць, каб кваліфікаваныя спецыялісты маглі весці абслугоўванне камунікацый, добраўпарадкаванне. Старшыня СВК "Радзіма Якуба Коласа" А. М. Карнічэнка расказаў аб пераўтварэннях у наднёманскім куце Стаўбцоўшчыны. І паказчыкі гаспадаркі, і сацыяльныя здабыткі паказальныя. Усё ж нельга не ўлічыць, што моцныя традыцыі тут былі закладзены і пры ранейшым кіраўніцтве. Аб выкананні сацыяльных стандартаў гаварыў старшыня Цеснаўскога сельвыканкама Т. Я. Галавач. Выступоўцы спыніліся на пытаннях навядзенне парадку на зямлі, культурнага адпачынку моладзі і іншых.
Адным словам, работы шмат. Канкрэтныя заданні па далейшай рэалізацыі Праграмы развіцця сяла для аддзелаў райвыканкама, службаў раёна пазначаны ў рашэнні раённага Савета дэпутатаў.






