Бацьку сняцца родныя Стоўбцы
Нумар - №161-162 (9265-9266) Рубрыка - Памяць
06.10.2010
У юбілейным годзе Перамогі я хачу расказаць пра свайго бацьку, жыхара горада Калтан Кемераўскай вобласці Русака Эдварда Абавіча. Гэта па праву яго свята, якое ён заслужыў і фізічна, і маральна.
Нарадзіўся бацька ў горадзе Стоўбцы ў 1924 годзе. Тады гэта была тэрыторыя Польшчы. Бацька памятае і польскую мову, і тое, як у іх школе спявалі памінальныя песні ў сувязі са смерцю Маршала Польшчы Юзафа Пілсудскага. Сям'я была вялікая - шасцёра сыноў і дачка. Абраблялі агарод. Трымалі кароў, мелі маленькую лаўку, у якой гандлявалі сваёй прадукцыяй. Жылі небагата, хадзілі босымі, падлога ў доме была земляная. Шматлікай была радня: дзядзькі, цёткі, стрыечныя браты і сёстры - чалавек 80, таму што ў кожнай сям'і гадавалася па 6-8 дзяцей. Мелі цесныя зносіны, часта наведвалі адзін аднаго. Галава сям'і мой дзед да рэвалюцыі служыў у царскай арміі ў г. Камянецк-Падольскі. Яго сястра з мужам жылі ў Аргенціне, былі ўладальнікамі завода, які выпускаў радыёпрыёмнікі. Яна часта прысылала пасылкі, грошы, але іх даводзілася аддаваць уладам у якасці падаткаў.
Пасля заканчэння рамесніцкага вучылішча бацьку адправілі на практыку ў Расію. І тут грымнула вайна. Поезд, у якім ён ехаў, разбамбілі. І ён далей пайшоў на ўсход, разам з адступаючымі часцямі Чырвонай Арміі. Дабраўся да Сталінграда, дзе яго накіравалі на абаронны завод № 490, які выпускаў лёгкія самалёты і планеры. Працаваў там з кастрычніка 1941 па жнівень 1942 года. У свабодны ад работы час рабілі супрацьтанкавыя ўмацаванні, рылі рвы, грузілі ў машыны скрыні са снарадамі. І цяпер памятае, якія цяжкія яны былі, а камандзір прыспешваў: "Хутчэй, хутчэй!" Жылі ў зямлянках, ад вошай не было ратунку, кожны вечар даводзілася збіраць з адзення, цела.
Завод разбамбілі ў выніку налёту варожай авіяцыі, бацьку прызвалі ў армію. Служыў ён у 178-ым запасным стралковым палку Паўднёва-Усходняга і Сталінградскага франтоў, быў камандзірам аддзялення. Іх часць узводзіла ваенныя збудаванні на беразе Волгі, пад варожым абстрэлам перапраўлялі снарады праз раку, мясцовае насельніцтва, якое эвакуіравалася перад пачаткам жорсткіх бітваў. Там заўсёды дзьмуў вельмі моцны халодны вецер, таму насілі спецыяльныя маскі.
Бацьку павінны былі адправіць у палкавую школу, але ў лютым 1943 года з палка адабралі дзесяць салдат украінцаў і беларусаў, родныя якіх знаходзіліся на акупіраванай тэрыторыі, дэмабілізавалі з радоў Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі і накіравалі ў працоўную армію ў распараджэнне вугальнай прамысловасці да заканчэння вайны. Так наш бацька апынуўся ў горадзе Асіннікі на шахце "Капітальная". Яму, які вырас у цёплым клімаце, было вельмі цяжка ў сцюдзёнай зімовай Сібіры. Адна гімнасцёрка, армейскі шынель, анучы на ногі і боты - у гэтым і спалі, і спускаліся ў шахты. Працаваў з сакавіка 1943 года да заканчэння вайны забойшчыкам, люкавым, мацавальшчыкам на разных участках. Пастаянна хварэў, абмарозіў ногі, якія баляць і цяпер, і да таго мучаць розныя балячкі.
Пасля вайны бацька працаваў у Новакузнецку на алюмініевым заводзе, дзе і сустрэў нашу маму, ваенфельчара, лейтэнанта медыцынскай службы. Перад вайной яна закончыла медыцынскае вучылішча і была мабілізавана ў дзеючую Чырвоную Армію, у лётную часць, размешчаную ў Хабараўску. Мама ўзнагароджана медалём "За перамогу над Японіяй". Пасля дэмабілізацыі пераехала ў Новакузнецк, бліжэй да родных.
У 1953 годзе бацькі пасяліліся ў пасёлку Калтан, дзе ўзводзілася Паўднёва-Кузбаская ГРЭС, самая магутная па тым часе цеплавая электрастанцыя. Бацька ўсё далейшае жыццё на ёй і працаваў: на ўстаноўцы ліній электраперадач, абслугоўванні жыхароў у якасці дзяжурнага электраманцёра. Дзясяткі гадоў уключаў і выключаў святло на вуліцах горада, ухіляў аварыі, на веласіпедзе ездзіў па выкліках у кватэры гараджан.
Усю вайну бацька помніў і думаў пра сваіх родных, якія засталіся ў далёкай цяпер Беларусі. У 1947 годзе на свой запыт аб сям'і ён атрымаў даведку з роднага горада Стоўбцы: "Уся ваша сям'я загінула ад рук фашыстаў у 1942 годзе. Дом і пабудовы па вуліцы Паштовай, 8, згарэлі". Даведку гэту бацька захоўвае да гэтага часу. І да гэтага часу ўспамінае аб незвычайнай прыгажосці сястры Серафімы, у якую быў закаханы салдат-грузін з размешчанай у горадзе часці, ды маці не дазволіла ім ажаніцца і паехаць на яго радзіму. І аб зусім маленькім тады браціку. Старэйшы брат бацькі, Зэлік, 1922 г.н., быў прызваны ў армію ў 1940 годзе ў горад Кандалакша Мурманскай вобласці ў артылерыйскія войскі. Ён пісаў родным, як там холадна, сыра і ветрана, і маці пасылала яму цёплыя рэчы, шарсцяныя шкарпэткі і шалікі. Лёс брата нам невядомы.
У 1963 годзе бацька ездзіў у Стоўбцы ў надзеі адшукаць хоць каго-небудзь з родных. Знайшоў толькі стрыечнага брата, які ўцалеў таму, што пайшоў у партызаны. Помню пісьмо бацькі, у якім ён пісаў нам, як плакаў, калі не пазнаў роднага горада, таму што ад яго амаль не засталося нічога ранейшага, і з-за таго, што даведаўся аб гібелі ўсіх сваіх родзічаў. Можна толькі здагадвацца, як яны загінулі. Нічога не засталося ў яго ад даваеннага жыцця, акрамя ўспамінаў, нават няма фотаздымкаў родных. Калі ад'язджаў ён з родных Стоўбцаў, то думаў, што не надоўга, а выйшла - на ўсё жыццё.
Мы пасылалі інфармацыю пра бацьку ў тэлепраграму "Чакай мяне": раптам хто-небудзь з родных знойдзецца. Але столькі часу прайшло, няма ніякага адказу…
Доўгая гісторыя, як бацьку толькі праз 60 гадоў уручылі пасведчанне ўдзельніка вайны. Дапамог тут ва ўціску бюракратыі мясцовых чыноўнікаў толькі зварот да губернатара Кемераўскай вобласці А. Тулеева. За нейкія паўгадзіны інспектар аддзела кадраў па "высокаму" званку адшукала архіўны дакумент, які не маглі знайсці дзесяцігоддзямі.
У сакавіку гэтага года бацьку споўнілася 86 гадоў. Ён яшчэ на сваіх нагах, хаця і з кіёчкам. Ён ніколі не курыў, не піў, шмат працаваў. Стараецца трымацца бадзёра, але слёзы на вачах, калі ўспамінае гарадок над Нёманам Стоўбцы, сваіх родных і блізкіх.
Пішам аб гэтым з надзеяй, што можа хто адгукнецца, прыгадае аб лёсе членаў сям'і Русакоў. Наш электронны адрас: belouee@yandex.ru






