мобильная версия
Прамень

Папярэдзіць і пераадолець

Нумар - №163-165    Рубрыка - Пастановы, дэкрэты, дырэктывы

08.10.2010

Адбылося выязное пасяджэнне раённай камісіі па барацьбе з п'янствам і алкагалізмам на базе Налібацкага сельвыканкама. Узначальваў работу камісіі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель.

Сяргей Яўгенавіч далажыў усім прысутным аб ходзе выканання раённага Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджванню і пераадольванню п'янства і алкагалізму на 2006 - 2010 гады за 8 месяцаў 2010 года. Было адзначана, што камісіі па барацьбе з п'янствам і алкагалізмам (ці саветы па прафілактыцы) створаны ў 15 арганізацыях аграпрамысловага комплексу, 9 - на прамысловых прадпрыемствах і 16 у іншых галінах эканомікі, 16 - у сельвыканкамах, 23 - ва ўстановах адукацыі.

Кожны квартал на пасяджэннях раённай камісіі па барацьбе з п'янствам заслухоўваюцца справаздачы кіраўнікоў працоўных калектываў, дзе супрацоўнікамі дапушчана найбольшая колькасць правапарушэнняў, а таксама справаздачы старшынь сельвыканкамаў, на тэрыторыі якіх была зафіксавана найбольшая колькасць выпадкаў вырабу і продажу самагону, учынены злачынствы ў п'яным выглядзе.

Перыядычна праводзяцца праверкі стану спраў па данаму пытанню ў суб'ектах гаспадарання раёна. Станоўчым прыкладам работы камісіі па барацьбе з п'янствам і алкагалізмам можа служыць работа СВК "Радзіма Якуба Коласа", МАВГУП "Стаўбцоўскі мясакамбінат", камісіі Аталезскага сельвыканкама, дзе вядзецца на ўзроўні прафілактычная работа. Кіраўнікі даных калектываў імкнуцца засцерагчы сваіх супрацоўнікаў ад злоўжывання алкаголем. Аднак варта адзначыць недахопы ў рабоце камісій Мікалаеўшчынскага, Налібацкага сельсаветаў, СВК "Жоўты бераг".

З мэтай выяўлення непаўналетніх, якія ўжываюць спіртныя напоі, наркатычныя і таксічныя рэчывы, супрацоўнікамі РАУС праводзяцца адпрацоўкі месцаў адпачынку моладзі, дыскатэкі ў г. Стоўбцы і ДК раёна. За 2010 год прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства 88 падлеткаў. За 8 месяцаў 2010 года ўчынены 183 злачынствы ў стане алкагольнага ап'янення. У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў было ліквідавана 776 літраў самагону, звыш 5 тон самагоннай брагі, ліквідавана 20 "міні-заводаў" і самагонных апаратаў. Рэалізацыя плана мерапрыемстваў здзяйсняецца ў цесным узаемадзеянні ўсіх зацікаўленых структурных падраздзяленняў выканаўчай улады і раённых службаў.

Затым на пасяджэнні была заслухана інфармацыя па данаму пытанню старшыні Налібацкага сельвыканкама Уладзіміра Лойкі. Уладзімір Міхайлавіч расказаў, якая прафілактычная работа праводзіцца ў іх сельсавеце: створаны камісіі, праводзяцца рэйды, у лясніцтве ёсць алкатэсты, але, як гаворыцца, "у сям'і - не без праблем". На пасяджэнне раённай камісіі былі выкліканы 5 жыхароў Налібак, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Адбылася вельмі канкрэтная размова з гэтымі людзьмі, а некаторыя нават папрасілі дапамогі, каб пазбавіцца гэтай пагубнай звычкі.

На пасяджэнні таксама трымалі справаздачу старшыні сельвыканкамаў: Засульскага - Таццяна Юнцэвіч і Навасвержанскага - Анатоль Богдан. Прамоўцы падзяліліся сваімі "знаходкамі", якія дапамагаюць чалавеку адумацца, не злоўжываць спіртнымі напоямі. Напрыклад, Таццяна Леанідаўна расказала, што на тэрыторыі сельсавета пачалі больш праводзіць працоўных, спартыўных мерапрыемстваў, часта праводзяцца рэйды добраахвотных дружын, але самы большы вынік дае "Акно ганьбы", дзе на стэнд вывешваюцца фотаздымкі, прозвішчы людзей, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, парушаюць працоўную і вытворчую дысцыпліну, з указаннем меры пакарання. Вялікі эфект дае абмеркаванне ў калектыве паводзін работнікаў, якія злоўжываюць спіртным, з запрашэннем на сход родных і блізкіх, непасрэдных кіраўнікоў. Калі чалавек сістэматычна злоўжывае спіртнымі напоямі, не рэагуе на заўвагі камісіі, калег па працы, тады камісія вырашае пытанне аб накіраванні парушальніка ў ЛПП ці на кадзіроўку.

Старшыня Навасвержанскага сельвыканкама больш падрабязна прааналізаваў работу, якая праводзіцца ў даным накірунку на лесазаводзе, у райаграсэрвісе, мясцовай школе, ФАПе.

Старшыні сельвыканкамаў і члены раённай камісіі выказалі параду, каб абавязкова ў РТМА была ўкамплектавана адзінка ўрача-нарколага. Была ўнесена прапанова, у якасці эксперыменту, абмежаваць продаж спіртных напояў у Навасвержанскім сельсавеце.

На вялікі жаль, бываюць выпадкі, калі "зялёны змей" перамагае чалавека. А каб чалавек заставаўся чалавекам, патрэбна сумеснымі намаганнямі ўсёй грамадскасці, праводзячы прафілактычныя мерапрыемствы ва ўсіх працоўных калектывах, дабіцца недапушчэння ці хоць бы скарачэння парушэнняў у грамадстве.

Давайце падумаем пра сябе, сваіх дзяцей, родных, блізкіх. Што даражэй: сям'я, шчасце ці гарэлка?

Н. ЛЕАНІДАВА