Тыдзень Стаўбцоўшчыны
Нумар - №163-165 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
08.10.2010
У радзільным аддзяленні на свет з'явіліся 17 немаўлят - 7 дзяўчынак і 10 хлопчыкаў.
ЗАГСам зарэгістраваны па раёну 22 шлюбы, зроблены 4 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены шаснаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Лізавеце Манцывода, Ангеліне Вакерынец, Дар'і Уласік, Бажэне Шуцько, Арсенію Нежаўцу, Мікіту Шчуру, Валерыі Дзяржаўскай, Настассі Даманінай, Ксеніі Лапко, Канстанціну Нявольку, Валянціну Жыбулю, Ігару Сямёнаву, Аляксею Шаўчэнку, Уладзіміру Баўдзею, Георгію Плескачу і Ільі Астравуху.
Зямны шлях закончыўся для 35 чалавек.
У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў вёсцы Налібакі. Пажар у доме ўзнік ад няправільнага ўстройства пячнога ацяплення, агонь пашкодзіў сцяну дома. Ад неасцярожнасці пры курэнні ўспыхнуў дом у Тонаве.
Міліцыяй узбуджана 5 крымінальных спраў. Двое зламыснікаў вынеслі са складскога памяшкання жыллёва-будаўнічага кааператыва "Вясна" два вядры фасаднай фарбы. У вёсцы Варнавугал злодзей абрабаваў салон аўтобуса "ПАЗ 32-05", які належыць вяскоўцу і знаходзіўся на яго падвор'і.
Пракуратура вырашыла 8 зваротаў, у тым ліку зварот РУ "Стоўбцырайгаз" аб падачы іскавых заяў у адносінах да даўжнікоў па аплаце прыроднага газу. Праводзіцца праверка па факту знаходжання недалёка ад вёскі Караліна трупа жанчыны, асоба яе не ўстаноўлена. У суд накіравана 7 крымінальных спраў у адносінах да 8 асоб.
ДАІ затрымала 378 парушальнікаў правілаў дарожнага руху. Сярод іх - 14 п'яных вадзіцеляў, 32 недысцыплінаваныя пешаходы і інш. Здарыліся 22 дарожныя аварыі. На аўтамагістралі паблізу павароту на вёску Яблынаўка смяротна збіты веласіпедыст. Каля Драздоў веласіпедыст пацярпеў ад наезду, быў шпіталізаваны ў бальніцу. Непадалёку ад Новага Свержаня адбылося сутыкненне двух аўтамабіляў, у выніку якога атрымала траўмы пасажырка аднаго з іх.
"Хуткая" выязджала да хворых 403 разы, у прыватнасці 14 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем.






