Дружная сям'я Патапенкаў
Нумар - №166-167 Рубрыка - Сям’я
12.10.2010

Пяцімесячны Раман з цікавасцю пазіраў на нас сваімі блакітнымі вочкамі, затым павярнуўся да маці, якая трымала яго на руках, і ўсміхнуўшыся, радасна замахаў нам ручкамі. Мы павіталіся з гаспадыняй, і яна гасцінна запрасіла прайсці ў пакой. А наведаліся мы ў той дзень у шматдзетную сям'ю Патапенкаў, якія пражываюць у вёсцы Дзераўная. Алена Віктараўна і Віктар Паўлавіч перасяленцы з Казахстана, прыехалі ў нашу рэспубліку пяць гадоў назад. На той час у сям'і было двое дзяцей - сын Пётр і дачка Аляксандра. Сёння ў Патапенкаў чацвёра дзяцей - нарадзіліся Павел і Раман.
- У нашай сям'і цяпер двое дзяцей казахі і двое беларусы, - гаворыць Алена Віктараўна, заўважаючы пры гэтым, што сям'я мае пакуль што толькі пасведчанне на права жыхарства. - Але неўзабаве пройдзе паложаны тэрмін пражывання і ўсе мы, спадзяюся, станем грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Зняцца з пастаяннага месца жыхарства сям'ю вымусіла эканамічная нестабільнасць і пагаршэнне ўмоў жыцця вяскоўцаў. Робячы свой выбар Патапенкі ў першую чаргу думалі аб дзецях, бо старэйшы сын вучыўся ў школе добра, а вось атрымаць у будучым вышэйшую адукацыю станавілася для яго рэальна праблематычным.
- Ведаеце, вельмі крыўдна, калі твайму дзіцяці, які гэтага жадае, не дазволяць вучыцца далей, - працягнула размову Алена Віктараўна, - і мы паслухаліся старэйшага брата мужа Міхаіла, які прыязджаў да нас у госці і прапанаваў пераехаць да іх у Дзераўную. І вельмі рады, што так паступілі, бо ўмовы і ўзровень жыцця тут ні ў якім разе не параўнальныя з тымі, якія ў нас былі. Пабудаваны аграгарадок, дзе ёсць усе сацыяльныя аб'екты, спартыўны комплекс, што для здароўя дзяцей не малаважна. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла нам асобны катэдж, прадаставіла работу. І мясціны тут маляўнічыя, побач возера, школа недалёка і галоўнае - лес. У Цалінаградскай вобласці, дзе мы жылі, таксама мясцовасць была лясістай.
І Алена Віктараўна, і галава сям'і Віктар Паўлавіч нарадзіліся і выраслі ў Казахстане, а вось карані іх у Беларусі і на Украіне. Маці Алены родам з Магілёўскай вобласці.
Да дэкрэтнага водпуску Алена Патапенка працавала аператарам машыннага даення на МТФ "Заброддзе". Завіхаецца на гэтай жа ферме даглядчыкам і Віктар Паўлавіч. Усё ў сям'і склалася добра, жывуць дружна. Малодшыя раўняюцца на старэйшага, бо Пётр сёння з'яўляецца для іх прыкладам. Ён і маці дапамагае па гаспадарцы, і актыўна займаецца спортам, наведваючы секцыю па валейболу. Вось і падчас нашага прыезду ён быў на трэніроўцы. Разам з равеснікамі хлопчык часта выязджае на спаборніцтвы, адкуль прывозіць дыпломы. Юнак вучыцца ў дзявятым класе і мае намер звязаць свой лёс у будучым са спортам. Дачка Аляксандра - дзяўчынка баявая і непаседлівая, кучаравыя валасы дасталіся ёй у спадчыну ад бацькі.
- Пакрыўдзіць сябе не дасць, дастанецца ад яе і хлопчыкам, - гаворыць маці, - пайшла сёлета ў першы клас, вучыцца ёй пакуль што падабаецца.
Паўлік больш сціплы, туліўся да маці і з цікавасцю глядзеў на дыктафон. Магчыма марыў аб такім падарунку, бо гэтымі днямі ў хлопчыка быў дзень нараджэння, яму споўнілася чатыры годзікі.
Дарэчы сказаць, што дзеці навучаюцца ў школе на беларускай мове. Ды і самі бацькі ўжо прызвычаіліся, не прыкмячаюць як ужываюць у сваёй размове беларускія словы.
- Асабліва мы перажывалі ў гэтым плане за старэйшага, але ён хутка навучыўся і цяпер добра валодае мовай, - патлумачыла гаспадыня.
Галоўны клопат бацькоў - вырасціць і вывучыць дзяцей. І ўсе ўмовы ў іх дзеля гэтага ёсць. І заробак у мужа неблагі, і хатнюю гаспадарку трымаюць. Каб сабраць дзяцей у школу сёлета дапамаглі матэрыяльна і сельгаскааператыў, і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Неўзабаве пойдзе сваімі ножкамі і Раман.
Алена Віктараўна, робім вывад, па жыцці аптымістка. Яна сама са шматдзетнай сям'і: у яе бацькоў было сямёра дзяцей (дарэчы, у бацькоў мужа таксама было чацвёра), таму добра ведае цану мацярынскай увагі і стараецца ўдзяляць яе дзецям пароўну, бо ўсе яны жаданыя і любімыя.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






