мобильная версия
Прамень

Дзесяць сэрцаў у адным

Нумар - №166-167    Рубрыка - Сям’я

12.10.2010

Фотография 1

У нас у раёне 45 жанчын, узнагароджаных беларускім ордэнам Маці. 151 жанчына мае ўзнагароды савецкага часу -  медалі мацярынства і ордэны мацярынства розных ступеняў. Дзве жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі 10 дзяцей, узнагароджаны медалём "Маці-гераіня". Сярод  іх  Рамуальда Міхайлаўна Княжэвіч з Цеснавой, пра якую мы сёння расказваем у чарговым выпуску тэматычнай старонкі "Сям'я".

 

У Цеснавой у сваім акуратным дагледжаны доме нас сустрэла проста апранутая прыгожая жынчына. Мы не ўстрымаліся, спыталі:

- І гэта вы нарадзілі і выхавалі 10-х дзяцей? Колькі ж вам гадоў?

- 75 у кастрычніку споўніцца.

Нам цяжка паверыць у гэта. Рамуальда Міхайлаўна молада выглядае, вочы жывыя, свецяцца цяплом і дабрынёю.

-       Цяпер, калі дзеці дарослыя, вы, напэўна, рады, што іх так многа ў вас.

-       За кожнага душа баліць, устаю, думаю, і ноччу прачнуся - думаю: як у іх там справы, ці здаровыя. Жыццё - не адны светлыя палосы. З'явіліся ўнукі, іх у мяне 16, двое праўнукаў ужо - і за іх аднолькава сэрца непакоіцца, каб здаровыя былі, разумныя, нічаму дрэннаму не паддаліся, каб аберагалі сябе ад усяго непатрэбнага, ад усякіх спакус, якіх так многа ў сучасным свеце, каб ладзілася ўсё ў іх. Кажуць - малыя дзеткі, малыя бедкі. Ва ўсіх дзяцей ужо свае сем'і, а яны ўсё роўна застаюцца дзецьмі, і гэтак жа, як і раней, пра іх клапоцішся, і душой, і розумам, і сэрцам.

Першым у сям'і Мар'яна і Рамуальды Княжэвічаў нарадзіўся сын Міхаіл, іх Мішка. Цяпер ён працуе вадзіцелем у мясцовым сельгаскааператыве "Радзіма Дзяржынскага", у яго распараджэнні і энерганасычаная корманарыхтоўчая тэхніка, з якой ён выдатна спраўляецца. Мае трох сыноў. Акрамя яго яшчэ трое дзяцей з дзесяці аселі са сваімі сем'ямі ў роднай Цеснавой.

Праз год у Княжэвічаў нарадзіўся Віктар. Ён жыве з сям'ёй у Горках Магілёўскай вобласці, працуе, як кажа маці, на вялікім кране. Таксама ў сям'і трое дзяцей. Затым з'явілася на свет дзяўчынка Марына, цяпер яна кранаўшчык на сталічным МАЗе. У Рамуальды Міхайлаўны сем дзяўчат і трое сыноў.

Чацвёртая ў сям'і - Тэрэза, якую вы бачыце на здымку з маці. Яна рана засталася ўдавой, жыве ў бацькоўскім доме, дапамагае маці. Разам спраўляюцца з агародам, разам усё робяць па гаспадарцы. Абедзве жанчыны вельмі сціплыя, пакорлівыя лёсу. Тэрэза адна вучыць платна сына у БНТУ, дачка яшчэ школьніца. Пранікаешся вялікай павагай да гэтых жанчын, у чысціні яны ўтрымліваюць дом, падворак, агарод.

Наступная дачка Ганна таксама жыве у Цеснавой, у яе сям'і трое дзяцей. Святлана працуе бухгалтарам у Дзяржынску, мае дваіх дзяцей. Людміла з сям'ёй, дзе гадуюцца двое дзяцей, жыве ў Мінску, працуе на чыгуначным вакзале.

Ніна з сям'ёй жыве ў Хатаве. Аляксандр абсталяваўся ў роднай Цеснавой, працуе на прыватнай пілараме. Алена жыве ў Стоўбцах, працуе ў райбальніцы, у сям'і гадуюцца двое дзяцей.

 -      І не заўважыла, куды час збег, - разважае Рамуальда Міхайлаўна. - Вось і старасць падкралася, дзеці разбегліся. А гадавалі мы іх з мужам вунь у тым маленькім доміку (паказвае праз акно), гэта потым побач новую хату паставілі. Цесна было, дзеці па двое-трое на ложках спалі. У нас дзіця як народзіцца новае, муж мяне падтрымліваў, казаў: "Паглядзі, якая харошая дзяўчынка!" Я ўжо 8 гадоў як удава. Муж вельмі любіў дзяцей. Ніколі крыку ў хаце не было, спакойна ўсё. Мы шмат працавалі, гаспадарка свая, ды яшчэ абое ў калгасе на паляводства хадзілі. Многае па дому рабілі дзеці, гадавалі малодшых. Былі дзяжурствы, кожны дзень за малымі глядзелі па чарзе. Вечарам, як спаць укладуць, змена закончылася, яе прымае новы. Дзеці працавалі з намі і па гаспадарцы, і калгасныя дзялкі разам апрацоўвалі. Успамінаецца цяпер усё. У мяне адразу сем школьнікаў было. Трэба было ўсіх сабраць у школу. Раніцай устаю на досвітку, бліноў дзежку расчыняю, каб сняданак сытны ім даць. Пяку на трох скавародах адразу. Усе хапаюць гарачыя, чую, хтосьці кажа: "Я сёння сем бліноў з'еў!"  Дастатку вялікага не было, бліны змазвалі здорам. І смачна было. У гурце ўсё апетытна, весела, дзеці раслі дружныя. А цяпер столькі прысмакаў магазінных, а ўсе пераборлівыя. Неаднаразова чуеш ад бацькоў, што ў дзяцей апетыту няма. Шмат што мы згубілі з часам - уклад сямейны спрадвечны, традыцыі дзядоў адыходзяць, сем'і не такія моцныя духам, радавой нітачкай не так звязаныя.

Канешне, цяпер у кожнага з дзяцей свае сем'і, так часта не ўдаецца сустракацца. Але ўсе сазвоньваюцца часта, не губляюцца, пры неабходнасці дапамагаюць адзін аднаму. На вялікія святы збіраюцца ўсе разам, вось тады ў хаце ўсё запоўнена. І ў гэтым кастрычніку, пэўна, прыедуць да роднай матулі на дзень нараджэння.

Сям'я Мар'яна Іванавіча і Рамуальды Міхайлаўны Княжэвічаў заўсёды была ў вёсцы аўтарытэтнай. І цяпер, калі Рамуальда Міхайлаўна засталася ўдавой, нічога не змянілася: жыве яна годна, з людзьмі ў згодзе, прыветлівая, і без гаспадара падтрымліваюць з дачкою адмысловы парадак. Зразумела, чаго ім гэта каштуе - узваліць на свае плечы і жаночую, і мужчынскую работу. Аднак яны ні на што не скардзяцца. Рамуальда Міхайлаўна атрымлівае невялікую паляводчую калгасную пенсію. Нечакана было пачуць, што для жанчын, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, выгадавалі для грамадства па пяць, і нават па дзесяць дзяцей, як у гэтым выпадку, не прадугледжана ніякіх надбавак да пенсіі. Ці справядліва гэта? Гэта пытанне варта адрасаваць у заканадаўчы орган, дзе прымаюцца законы і ўносяцца папраўкі ў іх. Калі такія жанчына на асобым шаноўным рахунку ў дзяржаве, то чаму яны павінны застацца без падтрымкі тады, калі дзеці сталі дарослымі?

Мы развітваемся з Рамуальдай Міхайлаўнай з вялікай сімпатыяй да гэтай цудоўнай жанчыны за яе прыгожосць і за яе чалавечую годнасць.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Лана СВЯТЛІЦКАЯ