Пакроў Прасвятой Багародзіцы
Нумар - №166-167 Рубрыка - Сям’я
12.10.2010
Свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы - адно з самых любімых і шаноўных у народзе. Царква праслаўляе Прасвятую Маці Бога нашага поўнымі любові песнапеннямі малітвы, светла святкуе. І ўсе прыхаджане ўваходзяць у агульную радасць Божага Дома. Асаблівая ўрачыстасць богаслужэння, мноства прыгожых кветак, прынесеных Маці Божай, дачцэ святой праведнай Ганны, заступніцы нашага стаўбцоўскага храма. Як многа ўмяшчае ў сябе паняцце - быць членам вялікай царкоўнай сям'і. Духоўная радасць акрыляе, перапаўняе сэрца.
Як добра ў Тваім храме, Уладычыца! У царкве мы знаходзімся пад пакровам Маці Свету, Заступніцы нашай. Гэтае цёплае пачуццё абароненасці, я думаю, зразумела ўсім праваслаўным. Яго не выказаць словамі, а толькі святымі словамі малітвы: "Благодарим Тя, Всемогущая Помощница, непобедимый щит людей православных, Пристанище духовное, Рай сладосте Небесныя. Нерушимая стена и предстательство, Небесе и земли Царица, Бездна щедрот, Мосте, приводяй от земли на небо, Покрове миру, ширший облака..."
Кожнаму, каго Гасподзь спадобіў быць прычасным да Божай справы, адкрылася благадатная дапамога Маці Божай, бо Яна ведае, якія супраціўленні і спакусы ад цьмы даводзіцца пераадольваць, і пакрывае нас Сваім амафорам. Гэта па Яе малітвах Гасподзь разганяе змрочныя хмары. У час работ па аднаўленню царквы ў вёсцы Белькаўшчына я, недастойная і грэшная, зразумела гэта, усвядоміла кожнай часцінкай свайго цела і душы, што Маці Божая - побач з тымі, хто заклікае Яе на дапамогу.
У народзе прынята да свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы прыбраць усё з палёў, ачысціць і заараць зямельку-карміліцу. Праваслаўны беларус гаворыць: "Восенню дзень празяваў, ураджай згубіў", "Папрацавала зямелька да Пакрова, да вясны няхай адпачне". "Хлеб прыбіраюць - на неба з удзячнасцю пазіраюць", "Пакроў узяў ключы - зямлю ў палон заключыў". Свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы прыспешвае земляробаў закончыць работы і паспяшыць у храм Божы, каб падзякаваць Госпаду, Багародзіцы і ўсім святым за зямныя даброты, за шчодры дар Божы - хвалу Богу аддай за высокі ўраджай.
Дзякуем табе, Божа, і Табе, Божая Маці, і просім пазбавіць нас усякага зла.






