Вялікая каштоўнасць – радасць зносін
Нумар - №166-167 Рубрыка - Сям’я
12.10.2010
З 2004 года ў нас у раёне ажыццяўляе дзейнасць грамадскае аб'яднанне Мінскай вобласці "Шматдзетная сям'я". Нязменна з гэтага часу яго ўзначальвае маці пяцярых дзяцей, намеснік дырэктара раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Асаёнак. Мы спыталі ў Алены Міхайлаўны, якімі традыцыямі багата гэта суполка вялікіх сем'яў?
- Наша асацыяцыя аб'ядноўвае 29 сем'яў раёна. Дзеці вырастаюць, адны сем'і адыходзяць ад нас, другія прыходзяць. Самае дарагое, што мы маем, - гэта магчымасць зносін, сумесных сустрэч, магчымасць аказаць адзін аднаму дапамогу, парадавацца поспехамі нашых дзяцей. У нашай вялікай сям'і больш за 100 дзяцей. Многія з іх наведваюць школы мастацтваў раёна, таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі, попехам якіх мы заўсёды радуемся. Аказваем адзін аднаму матэрыяльную дапамогу. Дзеці падрастаюць, застаюцца добрыя нязношаныя рэчы, перадаём іх адзін аднаму. Нам радасна, што за гэты час у нас з'явілася шмат сяброў. Сярод іх - раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзіцячая раённая бібліятэка, якая ўмее прыняць гасцей, стварыць камфортныя ўмовы для правядзення сустрэч. Кожны год усе разам мы святкуем Ражджаство, 8 Сакавіка, Дзень маці, Дзень першакласніка, з сёлетняга года - Дзень абароны дзяцей. На Дзень маці сёлета нас зноў прымае раённая дзіцячая бібліятэка. Нам вельмі падабаецца абстаноўка тут, ветлівасць супрацоўнікаў. З удзячнасцю мы прынялі падарунак вакальнага калектыву педагогаў Шашкоўскай школы мастацтваў "Святліца", які выступіць перад нашай аўдыторыяй з канцэртнай праграмай, прысвечанай Дню маці. У гэты дзень будзе ў нас і яшчэ адна падзея - віншаванне нованароджанага. У сям'і Івана і Алены Філіповічаў нарадзілася чацвёртае дзіця, хлопчык. Мы разам парадуемся з імі, павіншуем шчаслівых бацькоў. Кожны з нас даражыць гэтымі сустрэчамі, адчувае, што такія зносіны з людзьмі, роднымі па духу, па інтарэсах, даюць сілы, умацоўваюць і абагачаюць.






