Тыдзень Стаўбцоўшчыны
Нумар - №168-170 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
15.10.2010
У радзільным аддзяленні на свет з'явіліся 16 немаўлят- пароўну дзяўчынак і хлопчыкаў.
ЗАГСам зарэгістраваны па раёну 5 шлюбаў, зроблена адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены васьмярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Паліне Васільевай, Надзеі Адамцэвіч, Уладзіславу Фірсіну, Валерыі Буйка, Ігнату Прыбытку, Даніілу Данцу, а таксама двайнятам Астапчыкам - Івану і Валянціну.
Зямны шлях закончыўся для 19 чалавек.
У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў вёсцы Тонава. Успыхнула салома, якая захоўвалася на падворку вяскоўца. Агонь не закрануў пабудоў. Прычына здарэння высвятляецца.
Міліцыяй узбуджана крымінальная справа ў адносінах да вадзіцеля аўтамабіля "Фольксваген-шаран", які на скрыжаванні магістралі з аўтадарогай Баханы-Яблынаўка наехаў на веласіпедыста і нанёс яму цяжкія траўмы. З дома, што будуецца па вул. Мінскай у Стоўбцах, выкрадзены мабільны тэлефон.
Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь затрыманы жыхар г.п. Івянец з "уловам" карася агульнай вагой 31 кг, незаконна здабытага ў сажалках рыбгаса "Хотава". Матэрыялы на правапарушальніка накіраваны ў суд, яму пагражае штраф ад 10 да 50 базавых велічынь.
Суд пазбавіў волі на 2 гады раней судзімага, які паквапіўся на маёмасць жыхара вёскі Круговіны. Жыхар Ячонкі зняў без ведама маці з яе пластыкавай банкаўскай карткі больш за 200 тысяч рублёў, за што абмежаваны ў волі на 3 гады. У Стоўбцах індывідуальны прадпрымальнік адмовілася прадаставіць пакупніку кнігу заўваг і прапаноў і за гэта аштрафавана на 140 тысяч рублёў. Жыхар Слабады выйшаў на прагулку з сабакам без павадка, каля фермы чацвераногі ўкусіў грамадзянку, за што ўладальніку жывёлы прыйдзецца заплаціць 350 тысяч рублёў штрафу.
ДАІ затрымала 312 парушальнікаў правілаў дарожнага руху. Сярод іх найбольшая колькасць на гэты раз (250 чалавек) папалася на непрышпільванне рамянямі бяспекі. За рулём было 11 нецвярозых вадзіцеляў, у тым ліку трактарыст Рубяжэвіцкага лясніцтва, які рухаўся на дзяржтранспарце, а таксама дзве жанчыны, адна з іх з'яўляецца службовай асобай, працуе юрыстам у сельгаскааператыве. Здарылася 14 дарожных аварый.
"Хуткая" выязджала да хворых 176 разоў. 5 сігналаў паступілі да асоб з алкагольным ап'яненнем.






