мобильная версия
Прамень

Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумар - №178-180    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

29.10.2010

У радзільным аддзяленні на свет з'явіліся трое немаўлят - адна дзяўчынка сярод хлопчыкаў.

ЗАГСам зарэгістраваны па раёну 8 шлюбаў, зроблена адна адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены васьмярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Вікторыі Рамановіч, Глебу Цярэшку, Ягору Райскаму, Дзмітрыю Рабыку, Аляксандры Кураш, Арыне Сіняўскай, Наталлі Малчанавай і Лізавеце Ладыгінай.

Зямны шлях закончыўся для 17 чалавек.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна. Выратавальнікам прыйшлося прымаць удзел у зносе старой   пабудовы на садавіна-агароднінным заводзе.

Міліцыяй узбуджана крымінальная справа ў адносінах да зламысніка, які вынес з дома жыхара вёскі Хатоўка два тэлевізары, відэамагнітафон і інш. маёмасць. У Налібаках ад дома быў угнаны дарожны веласіпед. Участковымі раёна складзены адміністрацыйныя пратаколы на двух паляводаў СВК "Жацерава", якія кралі з поля капусту, і на работніка СВК "Рубяжэвічы"  -  за крадзеж кукурузы. Кожны з іх аштрафаваны судом на 350 тысяч рублёў.   

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у выніку сумеснага рэйда затрыманы ў лясным масіве непадалёку ад вёскі Тонава трое жыхароў Мінска, якія незаконна здабылі дзіка. З сабою ў начных браканьераў былі дзве лямпы-фары і дзве зараджаныя паляўнічыя стрэльбы. Узбуджана крымінальная справа.

Суд асудзіў на 1 год выпраўленчых работ раней судзімага жыхара Брэсцкай вобласці: у вагоне цягніка на станцыі Стоўбцы ён паквапіўся на кашалёк пасажыра, які спаў. Аштрафаваны на 10,5 мільёна рублёў і пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам на 5 гадоў 21-гадовы жыхар Заямнага: малады чалавек сеў за руль нападпітку паўторна на працягу года. На 1,5 года абмежаваны ў волі 42-гадовы жыхар Ператокаў:  у  стане алкагольнага ап'янення  мужчына вынес з дома аднавяскоўца тэлефон і газонакасілку.  

ДАІ затрыманы 232 парушальнікі правілаў дарожнага руху. Сярод іх -  11 бяспраўных і 9 п'яных вадзіцеляў (двое - трактарысты райаграсэрвіса, за выпуск іх на лінію прыцягнута да адказнасці і службовая асоба), 16 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарыліся 17 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў.  

"Хуткая" выязджала да хворых 182 разы, у тым ліку 17 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Адзін выклік медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных. Медыкаў можна сустрэць сёння на многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна -  ідзе вакцынацыя супраць грыпу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ