мобильная версия
Прамень

Як праваслаўным памянуць памерлых

Нумар - №178-180    Рубрыка - Памяць

29.10.2010

Фотография 1
Фотография 2

Каб правільна памянуць памерлага ў Дзмітрыеўскую бацькоўскую суботу, трэба прыйсці ў храм да пачатку службы і падаць памінальную  запіску з яго імем. Царква памінае сваіх дзяцей пайменна, таму што Бог - наш Айцец, і для Яго кожны чалавек, як роднае дзіця, незаменны, непаўторны ў сваёй асобе, а асоба чалавека захоўваецца  яго імем.

У памінальных  запісках імёны пішуцца цалкам у родным склоне (Людмілы, Міхаіла). У свяшчэннаслужыцеляў трэба ўказваць сан; дзеці да сямі гадоў імянуюцца немаўлятамі (младенцами), ад 7 да 16 гадоў - падлеткамі (отроками или отроковицами). Калі з дня смерці не прайшло 40 дзён, трэба дабаўляць слова "новапрастаўлены". Імёны пішуцца праваслаўныя, г. зн. дадзеныя пры Святым Хрышчэнні. За памерлых, імёны якіх напісаны ў запісках, свяшчэннікам з прасфоры вымаецца часціца і з малітвай аб дараванні грахоў амываецца ў Крыві Хрыстовай. Вельмі добра падаць бедным  пасільную міластыню з просьбай маліцца аб памерлым. Можна ахвяраваць на памін душы якія-небудзь прадукты, для гэтага ў храмах існуюць паніхідныя столікі.

Самым простым і распаўсюджаным спосабам ахвяры за памерлага з'яўляецца пакупка свечкі. У кожным храме ёсць асобы падсвечнік у выглядзе прамавугольнага століка з невялікім Распяццем. Менавіта сюды ставяць свечкі з малітвай аб спачыне, тут здзяйсняюцца паніхіды і завочныя адпяванні.

Пасля богаслужэння праваслаўныя хрысціяне ідуць на могілкі. З-за любові да памерлага трэба захоўваць у чысціні і парадку яго магілку -  месца будучага ўваскрэсення. Трэба асабліва  сачыць, каб крыж на магілцы не пакасіўся, заўсёды быў пафарбаваны і чысты. Прыйшоўшы на могілкі, добра запаліць свечку, памаліцца аб памерлым. Калі ёсць магчымасць -  здзейсніць ліцію. Есці і піць на могілках хрысціяніну не належыць. Не трэба пакідаць на магілцы яду, лепш аддаць яе бедным.

Хадайнічаючы за памерлых, жывыя становяцца выканаўцамі запаведзяў аб любові і, значыць, становяцца "ўдзельнікамі нябесных узнагарод". Малітвы аб памерлых патрэбны не толькі ім, але і нам, таму што настройваюць душу на нябеснае, адцягваюць ад мітусні, саграваюць сэрца любоўю да Бога. Да таго ж яны настройваюць душы да выканання запаведзяў Хрыстовых - рыхтавацца да адыходу на ўсякую гадзіну. І гэта дае нам сілы ўхіляцца ад зла і ўстрымлівацца ад грахоў.

Протаіерэй Аляксандр МАРЦІНЧЫК