Служаць разам
Нумар - №181-182 Рубрыка - Сям’я
02.11.2010

Нядаўна ў Анатоля Камароўскага была адметная дата. Тэрмін выслугі ў міліцыі дасягнуў максімальнай адзнакі - 20 гадоў. Перасягнуўшы яе, можна ісці на заслужаны адпачынак. Але вышэйшае кіраўніцтва міліцыі Мінскай вобласці паспрыяла таму, каб уладальнік нагруднага знака "Выдатнік міліцыі" пакуль не знімаў міліцэйскую форму і не развітваўся са сваім калектывам. Кантракт з памочнікам аператыўнага дзяжурнага раённага аддзела ўнутраных спраў працягнуты яшчэ на бліжэйшую пяцігодку.
Падобныя прэцэдэнты здараюцца ў службовай практыцы органаў унутраных спраў, але не так часта. Прэтэндэнт павінен быць прафесіяналам, надзейным супрацоўнікам і чалавекам...
Анатоль Камароўскі зазірнуў у рэдакцыю раніцай, адразу пасля змены. "Суткі прайшлі спакойна, - падзяліўся галоўным мой субяседнік. - У "дзяжурку" паступіла 11 паведамленняў. Па выхадных іх колькасць можа даходзіць да 30-40 сігналаў. Пераважна гэта крадзяжы і сямейныя скандалы".
На працягу сутак Анатоль Камароўскі быў у эпіцэнтры жыцця раёна - пастаянна трымаў вуха на сувязі, а руку - на пульце. Дзяжурная змена складаецца з трох супрацоўнікаў - дзяжурнага, памочніка і вадзіцеля. Памочнік валодае ўсёй аператыўнай абстаноўкай у раёне, ведае, дзе знаходзяцца службовыя нарады, і арыентуе гэтыя нарады, выдае міліцыянерам спецсродкі. Ён выконвае ўсе ўказанні дзяжурнага і, разам з ім, прымае адказнае рашэнне аб выбыцці на месца здарэння аператыўнай групы або ўчастковага інспектара. У "дзяжурку" нярэдка прыходзяць грамадзяне з заявамі, на прыём да кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў. Ад работнікаў патрабуецца ветлівасць (я б сказала - дыпламатычнасць у адносінах) і, адначасова, строгае выкананне рэгістрацыйнай дысцыпліны. Адным словам, служба памочніка аператыўнага дзяжурнага міліцыі мае сваю спецыфіку і свае цяжкасці. Але калі яна падабаецца, то многія акалічнасці проста не заўважаюцца і няма сэнсу гаварыць пра іх.
Пра сям'ю Камароўскіх можна смела сказаць - служаць разам! Жонка памочніка дзяжурнага, Святлана, цяпер працуе завучам у Навасвержанскай школе, не толькі абаяльны чалавек, а і натура надзвычай творчая, гатовая ва ўсім дапамагчы свайму мужу. Кожны год іх сям'я ўдзельнічае ў самых розных конкурсах, якія праводзяцца па лініі Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі. Некалькі гадоў таму акурат Святланінымі здатнымі рукамі і багатай фантазіяй была створана сімвалічная лялька-міліцыянер. Народжаная з тканіны і паралону, лялька выйшла сімпатычнай, разам з фуражкаю атрымалася ростам 1 метр 10 сантыметраў. На рэспубліканскім конкурсе "Служым разам" гэта адметная лялька прадстаўляла наш раённы аддзел унутраных спраў. І выйграла першае месца. У яшчэ адным рэспубліканскім конкурсе,"Беражом закон дарог", першае месца таксама прысуджана рабоце Святланы Камароўскай. На гэты раз - пано, выкананае камбінаванай тэхнікай. Сюжэт яго падкупляе сваёй празаічнасцю: праз пешаходны пераход міліцыянер вядзе за руку дзіця, следам за імі пераходзяць дарогу па правілах нашы дамашнія любімцы - сабакі і каты... У доме Камароўскіх захоўваюцца керамічная ваза і фотаапарат - узнагароды за творчыя перамогі. Адметная дэталь: лялька-міліцыянер выйшла такой праўдападобнай і так спадабалася арганізатарам конкурсу, што адразу з выставы ўпрыгожыла іх службовы кабінет.
Працавітасць, творчы і дружны настрой - гэта сямейныя традыцыі Камароўскіх. Сын Анатоля і Святланы Алег - гордасць і надзея бацькоў - у свой час быў удзельнікам літаратурнага конкурсу "Дзіцячы праменьчык", што праводзіўся ў нашай газеце. Тады хлопчык расказаў пра рыжае кацяня, якое падабраў і абагрэў. Сёлета Алег заканчвае 11, фізіка-матэматычны, клас гімназіі № 1. Вучыцца выдатна і марыць стаць інжынерам-праграмістам. "Падабаецца яму камп'ютарная тэхніка, навучае ўпраўляцца з ёю і бацьку, і маці", - гаворыць пра сына Анатоль Аляксандравіч. Сам ён некалі на выдатна закончыў Уздзенскае СПТВ, атрымаў спецыяльнасць трактарыста і вадзіцеля, а знайшоў сваё прызванне ў міліцэйскай службе. Свой дом Камароўскія звілі ўласнымі рукамі на малой радзіме - у Новым Свержані. Лавіць рыбу можна літаральна з агарода, бо Нёман цячэ за дзесяць метраў ад плоту. Дапамагае ім расслабіцца, зняць стрэс кошка Дося ды нямецкая аўчарка па імені Джэк. "Джэк аб'ядноўвае нашу сям'ю", - прызналіся Камароўскія ў адзін голас. Сабаку яны выгадавалі са шчанюка, вывучылі агульнай дрэсіроўцы. Клапоцяцца пра свайго 5-гадовага любімца і выгульваюць яго - разам. Падчас прагулкі сын запытае, а бацька раскажа яму за што атрымаў юбілейны медаль ад пагранвойскаў Рэспублікі Беларусь.
...У 1983-1986 гадах Анатолю Камароўскаму прыйшлося служыць інструктарам службы сабак на іранскай граніцы. Застава была горнай, у Ленкаранскім пагранатрадзе Азербайджанскай ССР. Служба была нязвычнай, цікавай для хлопца з Беларусі, хаця і прыйшлося пераслужыць паўгода, пакуль не падрыхтавалі байцам змену.
Так складваецца, што "пераслужваць" Анатоль Камароўскі будзе і цяпер, у міліцыі. Аказаны давер трэба апраўдваць. А сын можа ганарыцца бацькам!
Фота Васіля ЗЯНЬКО






