мобильная версия
Прамень

Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумар - №188-190    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

12.11.2010

ЗАГСам зарэгістраваны па раёну 5 шлюбаў, зроблена 4 адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены шасцярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Мікіту Рыцікаву, Мікіту Клімко, Мацвею Жаку, Аляксандру Каранкевічу, Мікіту Туціну і Даніілу Самахвалу.

Зямны шлях закончыўся для 16 чалавек.

У пажарнай часці зафіксавалі 2 вогненныя здарэнні, абодва - у прыватнай лазні, у вёсках Ціханава Слабада і Зарэчча (Засульскі сельсавет). Прычына здарэння адна і тая ж  - няспраўнасці пры ўстройстве пячнога ацяплення.

Пракуратурай раёна ўзбуджана крымінальная справа па факту няшчаснага выпадку, які адбыўся на паляванні ў лясным масіве паблізу вёскі Ціханава Слабада: адзін з паляўнічых зрабіў выстралы і па неасцярожнасці трапіў у другога паляўнічага. Ад атрыманых траўмаў пацярпеўшы памёр. Праводзіцца праверка па факту згвалтавання непаўналетняй жыхаркі вёскі Мікалаеўшчына. Пракуратурай разгледжана 2 звароты, а таксама накіравана ў суд 14 спраў. У суд Мінскай вобласці пададзена 6 касацыйных пратэстаў.   

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь затрыманы за незаконным паляваннем паблізу тарфяных масіваў у раёне вёскі Старына 48-гадовы дырэктар камерцыйнага прадпрыемства з Мінска. Пры сабе ён не меў дазволу органаў унутраных спраў на захоўванне і нашэнне паляўнічай зброі, дзяржпасведчання на права палявання, а таксама паляўнічай пуцёўкі. На парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол, які накіраваны ў суд.

Увага! Змяніўся нумар тэлефона гарачай лініі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Трэба набіраць 8-017-200-97-17.

Суд асудзіў да 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці грамадзяніна, раней судзімага, які ў гандлёвым павільёне па вуліцы Сацыялістычнай у Стоўбцах напаў на прадаўца, пагражаў яму нажом і забраў грошы. На 1 год пазбаўлены волі ўраджэнец Гарадзеі - гэта гора-бацька 1980 года нараджэння, які не плаціў аліменты на ўтрыманне сваёй непаўналетняй дачкі. На 140 тысяч рублёў аштрафаваны майстар адной з арганізацый раёна - за парушэнне бухгалтарскай справаздачнасці ў выглядзе ўнясення фальшывых звестак у акт прыёмкі-здачы. На 10 сутак арыштаваны жыхар Заямнага: на суседскім участку ён паквапіўся на 8 м электракабелю.

  ДАІ выявіла 189 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 7 бяспраўных і 5 п'яных вадзіцеляў (адзін з іх, механізатар СВК "Рочавічы", кіраваў дзяржтранспартам), 4 недысцыплінаваныя пешаходы і інш. На дарогах раёна здарылася 9 аварый. На шчасце, у іх абышлося без пацярпеўшых.

"Хуткая" выязджала да хворых 226 разоў, у прыватнасці, 12 сігналаў было да асоб з алкагольным ап'яненнем. Нельга не ўзняць яшчэ адзін актуальны "дыягназ", які носіць ярка выражаны сацыяльны характар, - адзінокай старасці. За выхадныя дні медыкі фіксуюць максімальную колькасць выклікаў да састарэлых. Робяць іх прыехаўшыя ў вёску з горада дзеці або іншыя сваякі. У разуменні апошніх, іх адзіны клопат - выклікаць "хуткую" і пры гэтым скінуць на яе супрацоўнікаў, зачастую ў абразлівай форме, усе балячкі сваіх бацькоў. Бацькоў, фактычна кінутых уласнымі дзецьмі на выжыванне…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ