Новы воблік нашай дзяржавы
Нумар - №191-192 Рубрыка - Да дня інфармавання
16.11.2010

"Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011 - 2015 гг. - Новы воблік беларускай дзяржавы". Такая тэма дня інфармавання ў чацвер, 18 лістапада.
6-7 снежня 2010 г. у Мінску адбудзецца чацвёрты Усебеларускі народны сход. Выбраныя народам 2500 удзельнікаў сходу з усіх куткоў краіны падвядуць вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь у бягучым пяцігоддзі і абмяркуюць асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011- 2015 гг.
Якія вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2006-2010 гг.?
Мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка па павышэнню ўзроўню жыцця дазволіла павялічыць рэальныя грашовыя даходы насельніцтва за бягучае пяцігоддзе ў 1,75 раза. Рэальная заработная плата ўзрасла на 59 працэнтаў, рэальная пенсія па ўзросту - на 58 працэнтаў. Значна зменшылася колькасць малазабяспечанага насельніцтва. Зарэгістраванае беспрацоўе ўтрымліваецца ў сацыяльна дапушчальных межах - 0,8-0,9 працэнта да эканамічна актыўнага насельніцтва. Замарудзіліся тэмпы скарачэння колькасці насельніцтва. Чаканая працягласць жыцця павялічылася з 68,8 года ў 2005 годзе да 71 года - у 2010-ым. У выніку, згодна з апошнімі данымі Праграмы развіцця ААН, па абагульняючаму паказчыку ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краін - індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу - Беларусь заняла 68-е месца сярод 182 дзяржаў, апярэдзіўшы ўсе краіны СНД, і ўвайшла ў групу краін з высокім узроўнем развіцця.
Высокімі тэмпамі развіваецца эканоміка краіны. Беларусь зрабіла істотныя крокі па шляху інавацыйнага развіцця. На 1 жніўня 2010 г. створана 105 новых вытворчасцей, мадэрнізавана і рэканструявана 255 дзеючых прадпрыемстваў. Асвоены выпуск многіх відаў імпартазамяшчальнай прадукцыі.
Актыўна праводзіцца мадэрнізацыя электраэнергетыкі рэспублікі. У 2006 - 2010 гг. рэалізаваны 21 праект. Гэта дазволіла павялічыць долю мясцовых аднаўляемых энергарэсурсаў у балансе кацельна-пячнога паліва з 16,8 працэнта ў 2005 годзе да 20,5 працэнта ў 2010-ым, сэканоміць за кошт энергазберагальных мерапрыемстваў 8,5 мільёна тон умоўнага паліва.
Умацоўваецца нацыянальная харчовая бяспека. Дасягнута поўная самазабяспечанасць па стратэгічных відах прадуктаў харчавання, а агульны аб'ём імпарту харчавання складае менш за 10 працэнтаў.
Валавы аб'ём вытворчасці збожжа за бягучае пяцігоддзе дасягнуў 40 мільёнаў тон, што ў 1,3 раза больш за збор збожжавых за 2001-2005 гады. Рэканструяваны і аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем амаль 1450 малочнатаварных фермаў, больш за 100 комплексаў па адкорму свіней і 50 птушкафабрык. Па вытворчасці мяса і малака ўзровень папярэдняга пяцігоддзя перавышаны ў 1,6 і 1,5 раза адпаведна. Па вытворчасці малака на душу насельніцтва Беларусь у 2,8 раза перавышае ўзровень Еўрапейскага саюза і ў 8,4 раза - сусветны ўзровень, мяса - адпаведна ў 1,1 і 2,2 раза, збожжа - у 1,6 і 2,5 раза. Сельская гаспадарка становіцца істотнай крыніцай папаўнення валютных рэзерваў краіны. Аб'ём экспарту харчавання за пяцігоддзе павялічыўся ў 2 разы і складзе ў 2010 годзе каля 3 мільярдаў долараў ЗША.
Далейшае развіццё атрымала сацыяльная інфраструктура сяла. Створана каля 1500 сельскіх пасяленняў новага тыпу - аграгарадкаў, у якіх умовы жыцця набліжаны да гарадскіх. Намінальная налічаная заработная плата ў сельскай гаспадарцы павялічыца з 286 тысяч рублёў у 2005 годзе да 940-960 тысяч у 2010-ым.
Па будаўніцтву жылля на аднаго чалавека рэспубліка займае першае месца на постсавецкай прасторы. У 2010 годзе чакаецца дасягненне рэкорднай для Беларусі велічыні ўводу жылля - 7 мільёнаў квадратных метраў.
Забяспечана ўстойлівасць беларускага рубля. Змяненне яго курсу не выходзіла за ўстаноўленыя асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі межы. Узровень золатавалютных рэзерваў вырас з 1 студзеня 2006 г. па 1 кастрычніка 2010 г. у 4,2 раза.
Вынікі выканання Праграмы-2010 маглі б быць значна лепшымі, калі б не змяненне ўмоў імпарту энергарэсурсаў і павышэнне цэн на іх, пагаршэнне іншых знешніх фактараў, абумоўленых уплывам сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу.
Галоўная мэта сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў будучай пяцігодцы - далейшы рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове ўдасканалення сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі.
Прадугледжваецца павышэнне рэальных грашовых даходаў насельніцтва ў 2015 годзе да ўзроўню 2010 года ў 1,7-1,8 раза на аснове значнага забеспячэння росту ВВП, прадукцыйнасці працы, аб'ёмаў прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадаркі, паслуг. Інвестыцый у асноўны капітал намячаецца ўкласці з павышэннем на 190-197 працэнтаў, асноўная частка якіх будзе накіравана на стварэнне і мадэрнізацыю больш аднаго мільёна рабочых месцаў.
Рэалізацыя пастаўленай мэты патрабуе канцэнтрацыі рэсурсаў на наступных прыярытэтных напрамках: развіццё чалавечага патэнцыялу; прадпрымальніцтва і ініцыятыва; інавацыйнае развіццё і структурная перабудова эканомікі, стварэнне новых навукаёмістых, высокатэхналагічных вытворчасцей; рост экспарту тавараў і паслуг, збалансаванасць і эфектыўнасць знешняга гандлю; устойлівае развіццё рэгіёнаў; якаснае і даступнае жыллё; эфектыўны аграпрамысловы комплекс.
У развіцці чалавечага патэнцыялу важнейшая роля сацыяльнай палітыкі, якая праводзіцца дзяржавай. Асноўная яе мэта ў новым пяцігоддзі - павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, стварэнне ўмоў для развіцця чалавечага патэнцыялу на аснове павышэння эфектыўнасці функцыянавання сістэм здароўя, адукацыі, культуры, іншых відаў дзейнасці, што адносяцца да сферы паслуг.
Дэмаграфічная палітыка будзе накіравана на павышэнне чаканай працягласці жыцця і ўзроўню нараджальнасці. Прадугледжваецца паэтапнае павелічэнне памераў пенсій і іншых выплат у сувязі з нараджэннем дзяцей, увязка велічыні дапамог па догляду з іх колькасцю. Будуць палепшаны ўмовы для маладых сем'яў, найперш жыллёвыя. Рэалізацыя гэтых і іншых напрамкаў дэмаграфічнай палітыкі дазволіць стабілізаваць колькасць насельніцтва рэспублікі на ўзроўні 9,4 мільёна чалавек, павялічыць чаканую сярэднюю працягласць жыцця да 72-73 гадоў.
Асноўнымі задачамі ў сацыяльна-працоўнай сферы вызначаны эфектыўнасць выкарыстання працоўных рэсурсаў і канкурэнтаздольнасць рабочай сілы на рынку працы. Неабходна не проста забяспечыць грамадзян рабочымі месцамі, а даць магчымасць максімальна эфектыўна прымяніць свой вопыт, кваліфікацыю і здольнасці, адкрыць уласную справу і гарантаваць дастойнае ўзнагароджанне за плённую працу.
Працягнецца рост рэальнага ўзроўню ўсіх відаў грашовых даходаў насельніцтва і забеспячэнне эфектыўнай падтрымкі сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян. Плануецца забяспечыць за пяцігодку рост рэальнага памеру пенсій па ўзросту ў 1,8-1,9 раза, узмацніць адраснасць сацыяльнай падтрымкі грамадзян. Такія параметры плануюцца і для росту рэальнай заработнай платы для набліжэння яе ў 2015 годзе да ўзроўню ў суседніх еўрапейскіх краінах.
Асноўнай задачай развіцця аховы здароўя з'яўляецца паляпшэнне паказчыкаў здароўя насельніцтва на аснове далейшага павышэння якасці медыцынскіх паслуг, забеспячэнне за кошт бюджэтных сродкаў адзіных сацыяльных стандартаў медыцынскай дапамогі кожнаму чалавеку незалежна ад месца яго жыхарства. Прадугледжваецца, што медыцынская дапамога для грамадзян Рэспублікі Беларусь застанецца агульнадаступнай і бясплатнай, а яе якасць, тэхнічная аснашчанасць устаноў аховы здароўя будуць адпавядаць узроўню развітых краін.
Першачарговымі задачамі ў сферы адукацыі з'яўляюцца павышэнне якасці адукацыі, стварэнне гібкай сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з патрэбамі інавацыйнага развіцця.
Прыярытэтам застаецца паляпшэнне жыллёвых умоў насельніцтва, забеспячэнне даступнасці жылля і паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў адпаведнасці з сацыяльнымі стандартамі. Дзяржава будзе і далей дапамагаць грамадзянам будаваць уласнае жыллё па даступных для насельніцтва цэнах, паляпшаць яго камфортнасць і якасць жыллёва-камунальных паслуг. Узровень забяспечанасці насельніцтва жыллём у разліку на аднаго жыхара складзе не менш за 27-28 кв.м у 2015 годзе (у 2010 годзе - 24,1 кв. м).
Асаблівая ўвага ў будучай пяцігодцы будзе ўдзелена сферы культуры, фізічнай культуры і спорту, турызму. Гэта важна як для духоўнага і фізічнага развіцця грамадзян, так і для стварэння адпаведнага іміджу краіны на сусветнай арэне.
Маладзёжная палітыка дзяржавы будзе накіравана на стварэнне ўмоў для ўсебаковага і гарманічнага развіцця маладых грамадзян краіны, актыўнае іх уключэнне ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства. З гэтай мэтай мяркуецца актывізаваць работу па забеспячэнню занятасці моладзі, развіццю прадпрымальніцтва і творчай ініцыятывы, узмацненню падтрымкі маладых сем'яў.
У новай пяцігодцы асаблівая ўвага будзе ўдзелена наданню новых імпульсаў і стварэнню стымулаў для эканамічнага росту на аснове лібералізацыі ўмоў эканамічнай дзейнасці суб'ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці, фарміравання спрыяльнага бізнес-клімату.
На працягу пяцігоддзя будзе ажыццёўлены пераход ад пераважна адміністрацыйных метадаў да выкарыстання рыначных стымулаў пры пашырэнні паўнамоцтваў кіраўнікоў у прыняцці рашэнняў, звязаных з інвесціраваннем вытворчасці і збытам прадукцыі.
Для павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў, скарачэння аб'ёмаў іх субсідзіравання, павелічэння прытоку прамых замежных інвестыцый плануецца актывізаваць працэсы прыватызацыі, аптымізаваць структуру дзяржаўнай уласнасці. Пры гэтым прыярытэтнай умовай пры продажы аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці павінна стаць захаванне доўгатэрміновых нацыянальных эканамічных інтарэсаў. Асноўная задача ў сферы прадпрымальніцтва - стварэнне ўмоў для яго дынамічнага развіцця. Развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва дазволіць павысіць гібкасць і эфектыўнасць эканомікі, актывізаваць дзелавую актыўнасць і забяспечыць рост даходаў насельніцтва.
Грашова-крэдытная палітыка будзе садзейнічаць стварэнню ўмоў для падтрымання тэмпаў росту ў эканоміцы шляхам забеспячэння ўстойлівасці беларускага рубля, падтрымання фінансавай стабільнасці. Прадоўжыцца далейшае развіццё фінансавых інструментаў, удасканаленне цэнавай палітыкі. Дзяржаўнае рэгуляванне цэн будзе захавана на абмежаваны пералік тавараў, работ і паслуг, прадукцыю арганізацый-манапалістаў і асобныя сацыяльна значныя тавары, у тым ліку лекавыя сродкі, жыллёва-камунальныя паслугі, што аказваюцца насельніцтву.
Галоўны шлях дасягнення нашай мэты - перавод эканомікі на інавацыйнае развіццё, мадэрнізацыя яе на базе сучасных рэсурсазберагальных тэхналогій і тэхнікі, павышэнне ўзроўню канкурэнтаздольнасці. У сувязі з гэтым асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць развіццю інавацыйнай вытворчасці з выкарыстаннем навукаёмістай тэхналогіі: тэлекамунікацыі, інфармацыйныя тэхналогіі, прыборабудаванне, вытворчасць мікраэлектронікі, высокадакладнае машынабудаванне, вытворчасць вымяральных прыбораў, святлодыёднай тэхнікі, тэхнікі на аснове лазерных тэхналогій, нанатэхнікі і нанаматэрыялаў, сістэм штучнага інтэлекту.
Інвестыцыйная палітыка ў будучай пяцігодцы будзе нацэлена на мадэрнізацыю існуючых і стварэнне больш як адзін мільён новых рабочых месцаў, укараненне сучасных тэхналогій і аснашчэнне вытворчасці перадавым абсталяваннем. Гэта дазволіць забяспечыць адпаведнасць якасці выпушчанай прадукцыі ўзроўню дзеючых і перспектыўных патрабаванняў краін ЕС. У выніку паляпшэння інвестыцыйнага клімату і іміджу краіны Беларусь да 2015 года павінна ўвайсці ў трыццатку вядучых краін свету, найбольш прыцягальных для замежных інвестыцый.
Галоўнымі задачамі развіцця прамысловай вытворчасці з'яўляюцца павышэнне яго тэхнічнага і тэхналагічнага ўзроўню на аснове хуткага абнаўлення асноўных сродкаў; стварэнне і развіццё канкурэнтаздольнай вытворчасці; нарошчванне выпуску высакаякасных і запатрабаваных на рынках тавараў. Рашэнне гэтых задач будзе ў многім залежаць ад таго, наколькі эфектыўна прамысловы комплекс краіны будзе інтэгрыравацца ў сусветную гаспадарчую сістэму.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена развіццю паліўна-энергетычнага комплексу. У ліку дзяржаўных прыярытэтаў у гэтай сферы - пошук і прамысловая эксплуатацыя альтэрнатыўных крыніц энергіі на аснове сучасных тэхналогій. Энергаёмістасць ВВП павінна знізіцца на 29-32 працэнты, глыбіня перапрацоўкі нафты вырасце да 90-92 працэнтаў, выкарыстанне мясцовых відаў паліва і аднаўляемых крыніц энергіі ў балансе кацельна-пячнога паліва павялічыцца да 28-30 працэнтаў. З мэтай забеспячэння энергетычнай бяспекі краіны плануецца прыступіць да будаўніцтва АЭС. Для Беларусі, якая адчувае востры дэфіцыт арганічных энерганосьбітаў, стварэнне ўласнай атамнай энергетыкі становіцца практычна безальтэрнатыўным варыянтам гарантыі нацыянальнай бяспекі і ўмовай недапушчэння крызісных сітуацый у энергазабеспячэнні краіны.
Важнейшай задачай развіцця сельскай гаспадаркі з'яўляецца фарміраванне канкурэнтаздольнай, устойлівай і экалагічна бяспечнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, што забяспечыць у поўным аб'ёме ўнутраныя патрэбы краіны, нарошчванне экспартнага патэнцыялу, а таксама павелічэнне рэнтабельнасці продажу. Мяркуецца, што да заканчэння пяцігодкі сельская гаспадарка ў Беларусі стане бездатацыйнай і самаакупнай. Далейшае развіццё атрымае сацыяльная інфраструктура на сяле. У сельскай мясцовасці, асабліва ў аграгарадках, належыць больш актыўна развіваць перапрацоўчую вытворчасць, рамёствы, малы бізнес, аграэкатурызм.
Увод жылля да канца пяцігодкі складзе 1 кв. м агульнай плошчы на чалавека ў год, у энергаэфектыўным стандарце будзе ўведзена ў эксплуатацыю не менш як 6 мільёнаў квадратных метраў жылля.
Далейшы эканамічны рост у рэспубліцы будзе дасягацца і за кошт дынамічнага развіцця сферы паслуг. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена прыярытэтным галінам - інфармацыйным, тэлекамунікацыйным, фінансавым, лагістычным, а таксама сацыяльным паслугам, што павышаюць якасць жыцця насельніцтва. Важнымі сектарамі паслуг выступаюць транспарт і сувязь. Да канца пяцігодкі мяркуецца стварэнне высокаразвітай сучаснай сеткі пасажырскіх і грузавых перавозак для жыхароў усіх населеных пунктаў рэспублікі. Працягласць участкаў рэспубліканскіх аўтамабільных дарог першай катэгорыі павялічыцца на 314 км і да 2015 года складзе 1,4 тысячы км. Праз пяць гадоў транспартная сістэма Рэспублікі Беларусь будзе адпавядаць міжнародным патрабаванням па бяспецы і экалагічнасці, стане больш эканамічнай, камфартабельнай і даступнай. У сферы паслуг сувязі да 2015 года амаль стопрацэнтна павялічыцца ахоп насельніцтва лічбавым тэлевізійным вяшчаннем з прымяненнем новых высокатэхналагічных сродкаў сувязі, да 3,5 мільёна чалавек стануць абанентамі і карыстальнікамі стацыянарнага шырокапалоснага доступу да сеткі інтэрнэт. Будзе забяспечана ўкараненне перадавых інфармацыйных тэхналогій у органах дзяржаўнага кіравання, рэальным сектары, гандлі, ахове здароўя, адукацыі і іншых сферах жыцця, што дазволіць значна павысіць прадукцыйнасць працы і якасць жыцця насельніцтва рэспублікі.
Рэгіянальная палітыка будзе нацэлена на максімальна эфектыўнае выкарыстанне магчымасцей рэгіёнаў з улікам спецыфікі кліматычных, эканамічных, чалавечых рэсурсаў. Асноўная яе мэта - павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, рацыянальнае выкарыстанне вытворчага, рэсурснага і кадравага патэнцыялу рэгіёнаў, забеспячэнне ўстойлівага развіцця тэрыторый, стварэнне спрыяльнага асяроддзя жыццядзейнасці насельніцтва незалежна ад месца пражывання. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена экалагічнай палітыцы, накіраванай на эфектыўнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў пры захаванні цэласнасці прыродных комплексаў, у тым ліку ўнікальных.
Галоўным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2011-2015 гг. стане далейшы рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Прагназуецца, што Беларусь не пазней 2015 года ўвойдзе ў лік 50-ці краін свету з найбольш высокім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу. Эканамічны ўзровень развіцця Беларусі да канца пяцігодкі будзе супастаўны з сярэдняй еўрапейскай краінай. Якасць жыцця насельніцтва наблізіцца да еўрапейскага ўзроўню сацыяльных стандартаў.






