мобильная версия
Прамень

Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумар - №193-196    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

19.11.2010

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне  6 шлюбаў, адно скасаванне сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены шасцярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Марыі Грыгаровіч, Арсенію Матусевічу, Артуру Шыку, Дар'і Даўбарыс, Цімафею Канавальскаму і Арцёму Ярашэвічу.

Зямны шлях закончыўся для 12 чалавек.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў гарадской лазні № 1,  самай папулярнай у стаўбчан. Па ацэнцы спецыялістаў, агонь выкліканы перакалам печы ў парыльным аддзяленні. Пасля пажару лазня патрабуе некаторага рамонту. Не так даўно яна аднавіла сваю дзейнасць пасля планавых рамонтных работ. 

 Міліцыяй узбуджана 5 крымінальных спраў. Чацвёрка зламыснікаў выкрала будаўнічыя матэрыялы, якія належалі ПМК-233. У доме ў вёсцы Рубяжэвічы, пасля сумеснага распіцця спіртнога, грамадзянка паквапілася на грошы сабутэльніка. У Астравах невядомы вынес з падворка вяскоўца цэглу і газавы балон. У кватэры стаўбчаніна госць, які знаходзіўся нападпітку, адкрыта прыхапіў магнітафон. Крымінальная справа ўзбуджана ў адносінах да нецвярозага грамадзяніна, які пераходзіў у неўстаноўленым месцы праезджую частку. Па яго віне здарылася аварыя, двое чалавек атрымалі цяжкія траўмы. 

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь складзены 3 адміністрацыйныя пратаколы на жыхароў г. Мінска за парушэнне правіл палявання (гэты факт зафіксаваны ў паляўнічых угоддзях раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў). Данае парушэнне цягне адміністрацыйную адказнасць у памеры да 30 базавых велічынь.

Суд асудзіў на 2,5 года турэмнага зняволення 43-гадовага стаўбчаніна, раней судзімага, які захоўваў наркотыкі. На 5 гадоў адпраўлена ў турму раней судзімая 42-гадовая жыхарка Вечатарова: пасля сумеснага распіцця спіртнога абвінавачаная прыраўнавала мужа да сваёй сястры і вырашыла адпомсціць - падпаліла дом. Агонь над верандай своечасова заўважылі суседзі і патушылі. 34-гадовы жыхар вёскі Падзерычы выкарыстаў незачыненыя дзверцы ў салоне аўтобуса мясцовага сельгаскааператыва і выкраў аўтамагнітолу ды калонкі з дыскамі (на агульную суму 400 тысяч рублёў), за што атрымаў пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ тэрмінам на 1 год. Штраф па 350 тысяч рублёў атрымалі 2 повары Стаўбцоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната: абедзве работніцы сталовай былі выкрыты ў крадзяжы прадуктаў харчавання.

  ДАІ выявіла 178 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 9 бяспраўных і 5 нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх -службовая асоба, працуе ў в/ч 25819), 2 недысцыплінаваныя пешаходы і інш. Здарылася 17 дарожных аварый, у адной з іх, на аўтамагістралі, пацярпеў пешаход.

"Хуткая" выязджала да хворых 190 разоў, у тым ліку 12 выклікаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Адзін зварот у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ