мобильная версия
Прамень

Гарады-пабрацімы: сяброўскія сувязі

Нумар - №199-202    Рубрыка - Сувязі

26.11.2010

ПІСЬМО З ЯРОЦЫНА

На адрас дырэктара гімназіі № 1 г. Стоўбцы Васіля Курака паступіла пісьмо ад яго калегі з польскага горада Яроцына Вітольда Б'ёрла. Кіраўнік Яроцынскага аб'яднання школ № 2 нагадвае аб сяброўскіх сувязях навучальных устаноў гарадоў-пабрацімаў і прапануе далейшыя перспектывы іх развіцця.

Гісторыя ўзаемаадносін гімназіі беларускага райцэнтра з аб'яднаннем школ павета Вялікольскага ваяводства доўжыцца ўжо тры гады. Аб гэтым і ідзе размова ў згаданым пісьме. Навучальныя ўстановы рэалізуюць свае магчымасці і памкненні ў практычным увасабленні еўрапейскай праграмы "Моладзь у дзеянні". Напрамак і дэвіз яе "Такія самыя" дазваляе зрабіць адносіны паміж маладымі людзьмі сапраўды сяброўскімі.

А як мацуецца дружба? Зразумела, падчас сумесных сустрэч. Не толькі ў памяці рабят і педагогаў нашай гімназіі, а і ў фотаздымках, відэазапісах засталіся моманты, хвіліны, дні гасцявання ў Польшчы. Юнакі і дзяўчаты з суседніх краін у ходзе сустрэч, экскурсій, спартыўных спаборніцтваў і гульняў пераконваліся, як многа ў іх агульнага.

З вялікай радасцю сустракалі стаўбцоўскія гімназісты сваіх сяброў з Польшчы. З дапамогай раённага выканаўчага камітэта і аддзела адукацыі дырэкцыя гімназіі зрабіла ўсё, каб знаходжанне юных палякаў на беларускай зямлі было і запамінальным, і карысным. І тут праводзіліся сумесныя ўрокі, ладзіліся спаборніцтвы, сустрэчы.

Госці з захапленнем пазнаёміліся са славутымі мясцінамі радзімы Якуба Коласа, пабывалі ў доме-музеі другога вялікага Міцкевіча - Адама ў Навагрудку. Агледзелі Мірскі і Нясвіжскі замкі, дзе спляліся гістарычныя карані польскага і беларускага народаў. Незабыўнае ўражанне пакінула наведванне сталіцы Беларусі Мінска, асабліва ўразілі архітэктура і кніжныя багацці Нацыянальнай бібліятэкі. А са шклозавода "Нёман" у Лідзе вярнуліся з памятнымі сувенірамі.

Дружба і супрацоўніцтва юных беларусаў і палякаў будзе мець працяг на новым, больш маштабным узроўні ў ажыццяўленні наступнага праекта "З традыцыяй - у будучыню". Гэта вынікае і са згаданага пісьма дырэктара аб'яднання школ г. Яроцына. Вось што, у прыватнасці, ён паведамляе: "На заканчэнне знаходжання ў Беларусі беларуская і польская моладзь задэкларавала, што кантакты, якія яны завязваюць, будуць падтрымлівацца. Усе выказалі жаданне ўдзелу ў чарговым праекце. Тады нарадзілася задума, каб наступны абмен дэлегацый не толькі падтрымаў традыцыі, а і меў новыя накірункі. Моладзь у час папярэдніх сустрэч выкарыстоўвала кінематаграфічную і фатаграфічную тэхніку, каб пацвердзіць дакументальна свае дзеянні. Было вырашана, што сумесна мы падрыхтуем фільм, у якім, з аднаго боку, зможам паказаць культурныя адметнасці абодвух народаў, а з другога - магчымасці агульнай пабудовы будучыні. Моладзь, якая прымае ўдзел у праекце, будзе дакументаваць культурную спадчыну сваіх народаў і рэгіёнаў, выкажа ўласныя ўяўленні пра сваё месца ў Еўропе за апошнія 10 ці 20 гадоў. Мы верым, што ўдзел у праекце дазволіць моладзі пераламаць стэрэатыпы палякаў на тэму Беларусі і беларусаў на тэму Польшчы". І далей Вітольд Б'ёрда абмалёўвае перспектывы ў канкрэтным накірунку: маладыя людзі пашыраць сваё веданне на тэму кінематаграфічнай тэхнікі, падрыхтуюць сцэнарый свайго сумеснага фільма. Ён жа паведамляе, што аб'яднанне школ у Яроцыне намячае для беларускіх сяброў экскурсіі ў Познані і Варшаве.

-       Паездка ў Польшчу, - удакладняе Васіль Курак, - адбудзецца ў сакавіку ці красавіку наступнага года. Нашы гімназісты, можна сказаць, спаборнічаюць за права быць у складзе дэлегацыі. Крытэрый, вядома, - выдатная вучоба, актыўнасць у грамадскіх справах. Удасканальваюць сваё веданне англійскай мовы, вывучаюць польскую. Як бачна, і для вучэбна-выхаваўчага працэсу добры стымул. А пра важнасць міжнародных сувязей у больш шырокім кантэксце ці варта паўтарацца.

 

АЗЁРЫ ПРЫМАЛІ СТАЎБЧАН

Удзел у выязных кірмашах - не навіна для работнікаў гандлю раёна. Аднак гэта паездка была адметная. Працаўнікі райспажыўтаварыства і Стаўбцоўскага мясакамбіната прынялі ўдзел у кірмашы ў Маскоўскай вобласці ў горадзе Азёры. Гэты горад з'яўляецца пабрацімам Стоўбцаў. На працягу многіх гадоў адзначаюцца сяброўскія, культурныя сувязі, а цяпер вось - і гандлёвыя.

Зразумела, што мясакабмінат паехаў на кірмаш са сваёй прадукцыяй, а райспажыўтаварыства прапанавала расіянам агароднінную прадукцыю, іншыя прадукты харчавання, а таксама прамысловыя тавары беларускіх вытворцаў.

Паездка была ўдалай у плане атрыманай выручкі. Мы папрасілі прадаўцоў райспажыўтаварыства Ганну Шостак і Валянціну Свекатун падзяліцца ўражаннямі ад паездкі, расказаць, з якім настроем прымаюць расіяне нашы тавары.

- Гандляваць у Расіі заўсёды прыемна. Мы не першы раз выязджаем на такія кірмашы. Прыемна чуць водгукі пакупнікоў аб высокай якасці беларускіх тавараў. Раскупляюцца нашы сыры, ёгурты, каўбасы, сметанковае масла. Вельмі любяць расіяне беларускія кандытарскія вырабы - мармелад, зефіры, пячэнне, шакалад. На гэты раз простыя людзі, якія падыходзілі да нашых прылаўкаў, прасілі нас перадаць паклон Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за тое, што яны маюць магчымасць купіць якасныя натуральныя прадукты, як і добрай якасці прамысловыя тавары. Машыны мясакамбіната і райспажыўтаварыства вярталіся дамоў з Азёраў пустыя, а прадаўцы - з прыўзнятым настроем. І нам цікава было пазнаёміцца з жыццём расіян. Многія параўнанні былі на карысць нашай краіны, таму мы адчувалі пачуццё гонару за Беларусь і жаданне працаваць яшчэ лепш.

Ф. БАНДАРОВІЧ, Лана СВЯТЛІЦКАЯ