Належнае – ветэрану
Нумар - №199-202 Рубрыка - Памяць
26.11.2010

У 84 гады Мікалаю Багданкевічу было ўручана пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Мікалай Сцяпанавіч з гэтай нагоды быў запрошаны ў райвыканкам, дакумент яму ўручыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Місько з удзячнасцю за слаўны пройдзены жыццёвы шлях ветэранам вайны і працы і з пажаданнямі здароўя і бадзёрасці духу.
Гэта не адзін выпадак, калі ўдзельнікі партызанскага руху былі прылічаны да ветэранаў вайны са спазненнем, ім прыйшлося пацвярджаць факты сваёй ваеннай біяграфіі дакументамі, паказаннямі сведкаў.
Мікалай Сцяпанавіч родам з Рубяжэвіч, у партызанскі атрад імя Суворава пайшоў у 16 гадоў. Старэйшы яго брат Іосіф таксама змагаўся з ворагам у гэтым жа партызанскім атрадзе. Яшчэ адзін брат Віктар ваяваў на фронце, загінуў у 1942 годзе пад Ленінградам.
Мікалай Сцяпанавіч мае шмат успамінаў пра партызанскі рух на Стаўбцоўшчыне пад кіраўніцтвам Мікалая Аранжа. Усе свае ўспаміны ён літаратурна жыва запісаў, многае друкавалася на старонках "Праменя".
Пасля вайны ўсё жыццё Мікалая Багданкевіча было звязана з педагагічнай працай, якой ён прысвяціў 45 гадоў. Быў загадчыкам Восаўскай і Рубяжэвіцкай пачатковых школ, дырэктарам Аталезскай, Залужскай, Навасвержанскай сярэдніх школ, а таксама стаўбцоўскай школы № 2, загадчыкам аддзела адукацыі райвыканкама. У летапіс раёна Мікалай Багданкевіч унёс свой важкі радок. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам будаваліся Залужская, Навасвержанская сярэднія школы, СШ № 2 г. Стоўбцы. Гэта паважаны ў раёне чалавек, які мае цяпер і яшчэ адзін шаноўны статус - ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






